“Не трэба мяне вучыць жыць”

31 мая 2017 - Administrator
article3191.jpg

Сварка перарасла ў бойку і брат… забіў брата

“Без радні даўно з’елі б авадні” – завастрае ўвагу народная мудрасць. І сапраўды, у цяжкія хвіліны жыцця да каго можна прытуліцца, хто дапаможа, як не родныя цётка, брат, сястра, бабуля ці дзядуля? У гады ваеннага ліхалецця пацярпелыя ад ганенняў, сіраты, прыжываліся ў стрыечных цётак і дзядзькаў, амаль што чужых па крыві, ды з сэрцам вялікім… Відаць, мы жывём у такі меркантыльны і самадастатковы час, што гэтыя пачуцці ў большасці так загрубелі, што сёння родных людзей… лепш трымаць на адлегласці. Ці многа сёння нявестак жывуць са свякрухамі па 10-15 гадоў, як жылі некалі?.. Хоць і родныя, але аддаляемся душой, “трацім святое штосьці”, як пісаў паэт.

Жыццёвы холад паміж роднымі людзьмі на практыцы – прычына канфліктаў, судовых спрэчак, а то і злачынстваў, у выпадку, пра які хачу расказаць, – забойства.

 

Гэтыя падзеі разгарнуліся ў вёсцы Амяльная. 59-гадовы мясцовы мужчына Уладзімір Бенда, пенсіянер, пражываў адзін, бо развёўся з жонкай. Але назваць адзінокім Уладзіміра Бенду не паварочваецца язык: ён любіў бавіць час з сябрамі; і усё гэта часта суправаджалася злоўжываннем алкагольнымі напоямі.

 

…У той трагічны дзень Уладзімір Бенда з двума сябрамі “затарыліся” літрам гарэлкі і бавілі час за шклянкай дома ў Бенды па вул. Першамайскай. У дом да гаспадара наведаўся яго малодшы 57-гадовы брат Мікалай, які раней неаднаразова прымаў меры, каб перавыхаваць старэйшага Бенду, ушчуваў за тое, што пенсія яго накіроўваецца на набыццё моцных напояў, пасля жыве ён часам без капейкі ў кішэні.

 

Але на гэты раз паміж братамі ўспыхнула моцная сварка. На той момант адзін з сабутэльнікаў пабег за трэцяй бутэлькай, а другі спачатку знаходзіўся ў хаце, але, стаўшы сведкам моцнай сваркі, вырашыў пакінуць братоў адных разбірацца. Тым часам “пасыльны” з бутэлькай прыбег у хату і стаў сведкам жудаснай карціны: на падлозе ляжыць смяротна паранены малодшы брат, а яго старэйшы брат, забойца, сядзіць на табурэтцы побач, прамаўляючы: “Не трэба мяне вучыць жыць”.

 

Госць, разгублены і збянтэжаны, мацаў пульс, стараўся дапамагчы з усіх сіл, кінуўся клікаць суседзяў, а родны брат сядзеў збоку, паліў цыгарэту і пальцам не варухнуў, хаця побач паміраў родны чалавек… Спробы ўратаваць былі беспаспяховымі: Мікалай Бенда памёр – забойца нанёс удар у грудзі самым вялікім нажом, што быў у хаце. Шанцаў выжыць у няшчаснага малодшага брата амаль не было.

 

Няцяжка ўявіць, якое гора чакала жонку Мікалая, з якім яны жылі дружна, выхоўвалі дзяцей, мелі вялікую гаспадарку, апрацоўвалі некалькі гектараў зямлі. Яны з мужам дапамагалі Уладзіміру Бендзе палівам, прадуктамі, бо той часам амаль галадаў, бо пенсія накіроўвалася на іншыя мэты… І вось чым скончыліся такія зносіны родных людзей.

 

Вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень забойца атрымаў пенсію. Калі ў руках яго аказаліся грошы, то адной з першачарговых задач стала набыццё алкаголю. Чым усё скончылася, расказвалася вышэй.

…Уладзімір Бенда прызнаны вінаватым па ч. 1 арт.139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Забойства”. Санкцыя – 11 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд уступіў у сілу.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий