“Вынаходнік”… пазбавіў жыцця

2 декабря 2015 - Administrator
article2099.jpg

Трагедыя адбылася ў адной з вёсак нашага раёна, а яе прычынай стаў інтарэс Ш., 35-гадовага жыхара гэтага населенага пункта, да “вынаходніцтваў”, да жадання ўдасканаліць сваё жыццё.

 

Ш. мае ўласны трактар; з мэтай паскарэння і аблягчэння выканання некаторых работ ён кустарна вырабіў прыстасаванне для грузапад’ёмных аперацый (спосабы іх вырабу знайшоў у інтэрнэце). Дадзеная ўстаноўка не прайшла працэдуры адпаведнасці патрабаванням бяспекі, у Ш. не мелася дазволу на работу на такой устаноўцы. І калі ён праводзіў работы па пагрузцы бетонных слупкоў, дапамогу ў якой яму аказваў мясцовы пенсіянер, то не ўлічыў усіх абставін, не разлічыў магутнасці ўласнай тэхнікі, у выніку чаго бетонным слупком яго памочнік быў смяротна траўмаваны.

 

Ш. не забяспечыў бяспеку іншых асоб у зоне правядзення падобных работ, не меў дазволу на эксплуатацыю зробленага ім прыстасавання – гэта і прывяло да трагедыі і, як след, узбуджэння ў адносінах да яго крымінальнай справы па ч.1 арт.144 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прычыненне смерці па неасцярожнасці”.

У ходзе судовага пасяджэння Ш. прызнаў сваю віну ў здзяйсненні злачынства і раскаяўся. Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў яго вінаватым. Пакаранне – папраўчыя работы тэрмінам на 1,5 года з утрыманнем у даход дзяржавы 10 працэнтаў заробку.

Прысуд уступіў у сілу.

Арцём РЫМША, стажор на пасадзе памочніка пракурора Івацэвіцкага раёна.

Комментарии (0)
Добавить комментарий