Абараніце сябе з дапамогай… ЗАГСа

27 января 2016 - Administrator
article2211.jpg

 Воланд, знакаміты герой Булгакава ў творы “Майстар і Маргарыта” звяртаў увагу: тое, што чалавек смяротны, – гэта яшчэ паўбяды. Горш, што чалавек нечакана смяротны – вось у чым трагедыя!  Шкада, што многія нашы грамадзяне не прымаюць да ўвагі гэтае трапнае назіранне, не вырашаюць спадчынных пытанняў, чагосьці чакаюць, адкладваюць на потым… Але, калі нечакана чалавек сыходзіць з жыцця, застаецца шлейф праблем. І іх вырашэнне каштуе многіх нерваў, сродкаў, вядзе да таго, што адносіны паміж родзічамі псуюцца поўнасцю.

Жыхары Івацэвічаў Алена Міхайлаўна і Сяргей Анатольевіч Р. пражылі разам каля 25 гадоў. Разам, але… не ў шлюбе. Гэта падаецца неверагодным, але яшчэ ў савецкія часы ўтварылася іх пара, узніклі пачуцці адзін да другога, мужчына і жанчына сталі жыць разам, весці сумесную гаспадарку, але афіцыйна адносіны яны так і не зарэгістравалі. Дзяцей у іх не было, магчыма, гэта прычына таго, што ў ЗАГС яны так і не сабраліся. Працавітыя і ашчадныя людзі, яны мелі, як кажуць, рухомую і нерухомую маёмасць, а таксама дэпазіт у банку на даволі буйную суму грошай… Усе гэтыя здабыткі абодвух зарэгістраваны на грамадзянскага мужа Сяргея Анатольевіча.

Але нечакана ён памірае.
Алене Міхайлаўне прадстаяла перажыць шок і падчас пахавання, і пасля яго. Як высветлілася, яна, хаця пражыла з мужчынам некалькі дзесяцігоддзяў, ні на што не можа разлічваць, бо ўся нерухомасць, маёмасць, а таксама дэпазіт у банку, адыходзіць сястры і брату памерлага. Як вядома, прэтэндаваць на маёмасць у выпадку смерці могуць у першую чаргу жонка (муж), бацькі і дзеці. Але тут  пуста: бацькоў, дзяцей і афіцыйнай жонкі няма, значыць, на маёмасць могуць прэтэндаваць родзічы так званай другой чаргі – браты і сёстры памерлага. Пра грамадзянскую жонку ў падобнай сітуацыі Закон не згадвае.

Між тым, жанчына таксама аддавала свае кроўныя грошы на тое, каб папоўніць дэпазіт у банку, нараўне з мужам вяла гаспадарку – гэта значыць, спрыяла папаўненню агульнага бюджэту. Яе крыўду можна лёгка зразумець, але…
Калі гэтая або любая іншая пара, якая жыве ў грамадзянскім шлюбе, аказалася ў падобнай сітуацыі і прынцыпова не жадае ісці ў ЗАГС, то яны маглі б зайсці б у натарыяльную кантору, дзе расставілі б кропкі над “і”…
Але нічога гэтага зроблена не было…

Вось мая парада: не трэба адкладваць “на потым” пытанні, якія можна вырашыць тут і зараз. І думаць трэба на перспектыву. Мы ў апошні час нярэдка сутыкаемся з фактамі, калі моладзь пасля года-паўтара сумеснага жыцця патрабуе разводу і ледзь не адкрытым тэкстам тлумачыць: чалавек жаніўся, каб атрымаць нейкія матэрыяльныя даходы. Што ж казаць пра гэтую жанчыну, якая 25 гадоў пражыла ў грамадзянскім шлюбе, але пасля смерці грамадзянскага мужа засталася, можна сказаць, на вуліцы…   
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.        
Комментарии (0)
Добавить комментарий