Адкуль такая жорсткасць?

18 апреля 2016 - Administrator
article2390.jpg

Гэтае здарэнне адбылося ў Івацэвічах каля года назад. Двое маладых мужчын – Г. і Д., якія ў стане алкагольнага ап’янення “шукалі прыгод”, зайшлі ў адзін з двароў прыватнага дома і сталі стукаць у дзверы летняй кухні, дзе, як яны дакладна ведалі, знаходзіцца мясцовы жыхар, мужчына.

Калі той адкрыў дзверы, то яны кінуліся збіваць гаспадара.

 

Тая жорсткасць, з якой яны збівалі ні ў чым не павіннага чалавека і якога яны нават  толкам не ведалі, не падаецца ніякаму тлумачэнню. У гаспадара, у рэшце рэшт, былі пераломаны амаль усе рэбры; ён ледзь-ледзь застаўся жывым. Цвярозай прычыны збівання чалавека не знайшлося. У хуткім часе гэтыя двое былі затрыманы, узбуджана крымінальная справа.

 

Абое хуліганы былі моцна ўражаны, калі высветлілася, што тэрміны зняволення за такі ўчынак прадбачацца вельмі значныя. Таму прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму – Г. і 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму – Д. – стаў для іх сапраўдным узрушэннем. Яны не прызнавалі сябе вінаватымі, паспяшаліся аспрэчыць прысуд у судзе больш высокай інстанцыі, але аргументы іх гучалі проста недарэчна: маўляў, бойка – гэта звычайная справа ў мужчынскім асяродку, маўляў, гаспадар сам вінаваты, бо адкрыў, а мог і не адкрываць дзверы… Нядзіўна, што абласны суд, вывучыўшы матэрыялы справы, пакінуў прысуд без змяненняў. 14 гадоў на абаіх! Кожнаму хопіць часу, каб падумаць над сваімі паводзінамі, над сваім жыццём.

 

Вось яшчэ адзін выпадак падобнага кшталту, што меў месца ў нашым райцэнтры. У адной з кватэр, дзе пражывае Ж., бавілі час мужчыны, святкавалі дзень нараджэння Ж., ужывалі ў тым ліку і алкагольныя напоі. Раптам у гэты пакой зайшоў нецвярозы старэйшы брат імянінніка, накінуўся з лаянкай на малодшага, а пасля, як кажуць, распусціў рукі. Малодшы брат не мог нічым адказаць на агрэсію старэйшага, тым болей, у яго на той момант была зламана і загіпсаваная рука, але за Ж. заступіўся адзін з сяброў, 41-гадовы Р.. Пачалася сварка, якая перарасла ў бойку: старэйшы брат першым ударыў Р., але назад атрымаў два такія моцныя ўдары, што наступствы іх цяпер будуць з пацярпелым усё яго далейшае жыццё (ён страціў вока).

 Узбуджана крымінальная справа.

 

Суд разгледзеў матэрыялы і гэтай справы. Р., які прызнаў сваю віну, супрацоўнічаў са следствам, атрымаў 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Як бачыце, прысуд значна больш мяккі, калі параўноўваць з вышэйзгаданай справай, але тут і абставіны іншыя, бо Р. не распачынаў бойку, а заступіўся за сябра і першы атрымаў удар па твары. Тым не меней, за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў яму прыйдзецца адказваць.

 

У чарговы раз прыходзіцца гаварыць банальнасці пра тое, што п’янства і алкагалізм – першапрычына падобных здарэнняў, але я звярну яшчэ ўвагу і на тое, што многія маладыя людзі, хаця збіраюцца ў кампаніі, не маюць часам ніякіх агульных цікавасцяў і захапленняў, якія маглі адцягнуць іх ад моцных напояў. Калі б гэтыя мужчыны майстравалі матацыклы, захапіліся рыбалкай, паляваннем ці якой-небудзь іншай канструктыўнай справай, то фінал іх сумеснага баўлення часу быў бы зусім іншым.

 Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий