Бо назвала мужа… “вушасцікам”

25 сентября 2017 - Administrator
article3438.jpg

 У папярэднім выступленні на старонках райгазеты я звяртаў увагу на тое, наколькі могуць быць сапсаваны адносіны паміж суседзямі па нязначных “парушэннях”, якія, здаецца, і не павінны псаваць адносіны паміж людзьмі, бо жыць ім побач прыходзіцца дзесяцігоддзямі. Сёння хочацца звярнуць увагу на сямейна-бытавую сферу, дзе паміж мужам і жонкай таксама часта ўспыхваюць скандалы, пачынаюцца “разборкі”, што прыводзяць у суд, – і гэта “вайна”, у якой пераможцаў, як і ў судовых “разборках” паміж суседзямі, звычайна не бывае.


У першую чаргу хочацца звярнуцца ў адрас мужчын: не як суддзю, а як грамадзяніна краіны не можа не здзіўляць, наколькі хваравіта ранімымі могуць быць прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, што патрабуюць прыцягнуць жонку да адказнасці за тое, што яна ў гнеўным стане абазвала мужа нецэнзурна, назвала… вушасцікам. І нельга сказаць, што гэтыя мужчыны пражываюць у нейкай “рафінаванай” прасторы! Зусім не! Працуючы, да прыкладу, у будаўнічай арганізацыі, хтосьці з іх можа кожны дзень чуць дзясятак-другі мацерных слоў, але вось тое, што жонка ўжыла ў адрас мужа абразлівае слова, – гэта дараваць і перажыць немагчыма.

І пачынаюцца доўгія разбіральніцтвы ў судовым памяшканні. Хаця трэба спачатку адзначыць, што і пачаць разгляд такіх спраў нялёгка, бо здараецца, што сям’я пражывае за 50 кіламетраў ад Івацэвічаў, а “ворагі” (муж і жонка) дабіраюцца ў суд раздзельна – то на аўтобусе, то “на попутках”. То адзін прыехаў, то другі яшчэ “галасуе” недзе на перакрыжаванні за 40 кіламетраў ад Івацэвічаў. Трэба неяк даставіць у суд і сведкаў… А ў судовым памяшканні ўспыхваюць такія сваркі, столькі выліваецца бруду, столькі зневажальных папрокаў кідаецца ў вочы “праціўніку”, такія падрабязнасці (у тым ліку і інтымныя) згадваюцца, што нават суддзя не ведае дзе вочы падзець.

І хто выйграе ў рэшце? Ніхто! Вінаваты заплаціць штраф ад 0,1 да 20 базавых велічынь (часта гэта грошы з сямейнага бюджэту), але ці настане сапраўдны мір пасля рашэння суда? Хутчэй за ўсё, не! 
Другі бок падобных разбіральніцтваў. Пачнем з канкрэтнага эпізода. Паміж мужам і жонкай узнікла сварка, муж схапіў венік і ўдарыў жонку ім па тым месцы, што знаходзіцца ніжэй спіны. Яна ў сваю чаргу выклікала міліцыю.

У падобнай сітуацыі праваахоўнікам трэба ацаніць ступень цяжкасці пашкоджанняў, якія атрымала пацярпелая. Але ў яе, як высветлілася, няма жадання праводзіць перад незнаёмым чалавекам дэманстрацыю сваіх, так бы мовіць, філейных частак цела. Сітуацыя становіцца ў некаторай ступені тупіковай… Але міліцыя пры любых абставінах вымушана ўзяць “на аловак” сям’ю, дзе магчымы падобныя разбіральніцтвы і магчыма рукапрыкладства! Жанчына ўжо сама не рада, што набрала нумар 102… 

…Разгляд падобных спраў далёка не рэдкасць у нашым судзе. А прычына ў тым, што многія грамадзяне не разумеюць: цярпенне і павага – аснова сямейнага жыцця. Таму перш чым набіраць нумар 102, падумайце: ці прынясе хоць самую дробную карысць тая “вайна”, якую вы распачынаеце? Няўжо нічога добрага няма ў вашым сямейным жыцці, што вы рашылі засяродзіць увагу на кепскім?

ХХХ
Звернемся зноў да ўзаемаадносін суседзяў і да таго, наколькі важна ў гэтых адносінах не перагінаць палку. На старонках раёнкі ўжо расказвалася пра тое, як 57-гадовы мужчына, жыхар Івацэвічаў, штурхнуў 82-гадовую жанчыну, якая не дазваляла яму садзіць туі на тэрыторыі па-за межамі двара і нават вырвала іх з зямлі. Жанчына, нагадаю, атрымала цяжкі пералом нагі. Дык вось: санкцыя суда ў адносінах да мужчыны – 240 гадзін грамадскіх работ. Пацярпелая жанчына прыйшла ў суд з дапамогай дачкі, выкарыстоўвала таксама спецыяльныя інвалідныя прыстасаванні, яна казала ў судзе, што пасля вайны не пераносіла такіх пакут, як зараз. Гэта – так, але і абвінавачваему, і пацярпелай, і кожнаму з нас варта задумацца: ці магло б здарыцца падобнае, каб суседзі жылі дружна, паважліва ставіліся адзін да другога? Канешне, не! 

Так, пажылыя людзі фізічна надзвычай уразлівыя. Вось у чымсьці падобны выпадак. Пажылая жанчына з кульбай у руцэ накіравалася ў магазін “MARTINN”, але дзверы, якія ў гэтым магазіне працуюць на фотаэлементах у аўтаматычным рэжыме, чамусьці ў гэтым выпадку не зрэагавалі на рух. Для любога маладога чалавека тое не стала б праблемай, бо ціск дзвярэй слабы, іх лёгка спыніць. Але не ў гэтым выпадку: як вынік, пажылая жанчына вельмі няўдала ўпала і атрымала надзвычай цяжкую траўму нагі. Я разглядаў гэтую справу і прыняў рашэнне – спагнаць з магазіна “MARTINN” 50 мільёнаў (недэмінаваных) рублёў на карысць пацярпелай… Гэтыя выпадкі сведчаць і аб тым, што пажылыя людзі павінны менш быць “на пярэднім рубяжы”, трэба часцей прыбягаць да дапамогі родных і блізкіх, бо можна застацца калекай назаўсёды.  
  
Інфармацыя для роздуму: тры рублі 40 капеек каштуе сёння адправіць павестку з паведамленнем з суда. Дзясяткі павестак з паведамленнем і без адпраўляецца штодзень з суда Івацэвіцкага раёна – сведкам, пацярпелым, адказчыкам, экспертам, спецыялістам… Падлічана, што ў Беларусі накіроўваецца павестак у дзень на 200 мільёнаў (недэнамінаваных рублёў). Гэта за адзін дзень! Уявіце, у якую суму выліваецца такая папяровая крутаверць за год! Гэта грошы падаткаплацельшчыкаў, нашы з вамі грошы, якія можна было б накіраваць на іншыя мэты. І тыя, хто ў судзе “змагаецца” з мужам і жонкай па нейкім нязначным эпізодзе, толькі павялічваюць нагрузку не толькі на свой сямейны бюджэт, але і на дзяржаўны.
Задумайцеся!     
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий