Ці можа крадзеж быць выпадковым?

14 ноября 2017 - Administrator
article3530.jpg
І., жыхарка Косава, прыехала ў Івацэвічы да родзічаў. Наведалася ў адзін з магазінаў “Родны кут” райспажыўтаварыства. Калі ўзяла карзіну для прадуктаў, то на дне яе ўбачыла мабільны тэлефон “Нокіа”. І. забрала гэты “безгаспадарны” мабільнік, націснула на некалькі кнопак, пасля чаго мабільнік адключыўся, паклала яго ў кішэню. На касе разлічылася за тавар, а вечарам таго дня ўжо была дома, у Косаве.

Грамадзянскі муж І. асудзіў яе ўчынак, звярнуў увагу, што за гэты крадзеж яна можа быць пакарана. І. зноў пачала націскаць кнопкі, але “Нокіа” не ўключаўся. Па яе словах, яна ўжо стала цікавіцца нумарамі тэлефона магазіна “Родны кут”, каб паведаміць аб знаходцы, але тут да яе дамоў завіталі супрацоўнікі міліцыі, бо ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне пра крадзеж... Мабільнік вернуты гаспадыні – жанчыне з Івацэвічаў, якая забыла яго ў карзіне; у адносінах да І. узбуджана крымінальная справа па арт. 205 “Крадзеж”.
У ходзе судовага пасяджэння касаўчанка І. “ціснула” на тое, што сама не разумела, чаму так зрабіла, маўляў, не ведала, як трэба паступаць у падобных сітуацыях.

Тым не меней, гэта быў крадзеж. Убачыўшы безгаспадарны мабільнік, І. паклала яго сабе ў кішэню, хаця мела мноства іншых варыянтаў – паведаміць прадаўцу, выбраць іншую карзіну і г. д..

Яшчэ адзін падобны выпадак. 14-гадовы юнак Ж., які пражывае ў Баранавічах і які наведаўся да дзядулі з бабуляй у адну з вёсак Даманаўскага сельсавета, “знайшоў” мабільны тэлефон каля акенца касы ў чыгуначным вакзале Івацэвічаў. Ж. упэўніўся, што тэлефон “без нагляду”, непрыкметна забраў яго, пасля выдаліў сім-карты. У Баранавічах ён паказаў “знаходку” маме, а тая праз месяц, калі сапсаваўся яе ўласны мабільнік, рашыла скарыстацца гэтым, украдзеным… Але ў хуткім часе да іх наведаліся супрацоўнікі міліцыі.

Санкцыі суда ў абодвух выпадках былі рознымі, бо ў адным выпадку крадзеж на сумленні непаўнагадовага, тым не меней, кожны з іх быў пакараны: І. – 100 гадзін грамадскіх работ, Ж. – штраф у памеры 10 базавых велічынь. Абвінавачваемыя не абскарджвалі прысуд, тым болей, прызналі віну, мелі змякчальныя абставіны, а пацярпелыя ў абодвух выпадках тлумачылі, што не маюць да І. і Ж. прэтэнзій. 

…Так, крадзеж можа быць “абстаўлены” па-рознаму: хтосьці за некалькі тыдняў да злачынства плануе, збірае дадатковыя звесткі і інфармацыю, каб здзейсніць яго непрыкметна і выйсці сухім з вады. А бываюць спантанныя і “нечаканыя” крадзяжы, калі чалавек яшчэ за мінуту да таго, як знайшоў безгаспадарную рэч, не ведае, што стане злачынцам. Тым не меней, гэта – крадзеж. І калі вы трапілі ў падобную сітуацыю, то павінны паведаміць аб знаходцы прадаўцам, касіру, міліцыі, бо, паклаўшы яе ў кішэню і забраўшы з сабой, становіцеся злачынцам.         
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.     
Комментарии (0)
Добавить комментарий