Грошы любяць цвярозы розум

4 ноября 2016 - Administrator
article2777.jpg

 Нядаўна ў СМІ прайшла інфармацыя, што Беларусь адносіцца да групы краін з нізкай фінансавай граматнасцю насельніцтва. Як суддзя і грамадзянін краіны, вымушаны пагадзіцца. Сапраўды, многія нашы грамадзяне ў грашовых справах кіруюцца не цвярозым разлікам, а эмоцыямі. Падобных спраў у ходзе сваёй працоўнай дзейнасці прыходзіцца разглядаць і вельмі многа.


У Івацэвічах, як і, зразумела, па ўсёй краіне зарэгістраваны і працуюць так званыя мікрафінансавыя арганізацыі, дзе можна хутка, літаральна за 5 хвілін атрымаць крэдыт. Дастаткова прад’явіць толькі пашпарт. І нашы грамадзяне, як бачна, з задавальненнем выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, хаця працэнт за карыстанне крэдытам немаленькі.

А вось з вяртаннем гэтых крэдытаў – проста бяда. Якія толькі гісторыі не прыходзіцца чуць у судзе, як толькі слёзы не льюць нашы грамадзяне! І, маўляў, не разлічылі правільна свае даходы, і работу страцілі... Але ж як толькі выходзіць тэрмін крэдыту (яны, як правіла, кароткатэрміновыя), то “ўключаюцца” пеня за пратэрміноўку і працэнты за карыстанне. У рэшце рэшт мікрафінансавая арганізацыя налічвае грамадзяніну за некалькі месяцаў ледзь не ў два разы большую суму для пагашэння, чым ён атрымаў… У судзе падобных спраў – нямала.
Ёсць над чым задумацца кожнаму, перш чым імчацца за “хуткім” крэдытам. Прашу грамадзян раёна цвяроза разлічваць свае фінансавыя магчымасці.

…Кожны з нас неаднаразова атрымліваў запрашэнні на розныя прэзентацыі, дзе прысутным дэманструецца прадукцыя, тавар быццам бы надзвычай высокіх спажывецкіх якасцей. “Апрацоўка” публікі часта праходзіць паспяхова: вось і ў нашым раёне дзве жанчыны, адна з іх, дарэчы, настаўніца, пасля прэзентацый купілі наборы посуду – адзін за 7 мільёнаў 400 рублёў (тут і далей недэмінаваных рублёў), другая – за 9,9 мільёна. 

Звычайна прадаўцы “на старце” продажу ідуць насустрач пакупніку. Вось і на гэты раз кожная з жанчын заплаціла толькі 100 000 рублёў, астатнюю суму трэба было ўносіць пасля – па 1 мільёну рублёў штомесяц. Але атрымаўшы тавар і забраўшы яго дамоў, яны “забылі” пра неабходнасць штомесяц адлічваць грошы.
…Пасля ў судзе нам прыходзіцца чуць, што ўжо і посуд не такі якасны, што “ў галаве быў туман” на той прэзентацыі. Але, прабачце, ёсць дагавор і ёсць ваш подпіс, што вы згаджаецеся з умовамі прадаўца. Як вынік, той настаўніцы, што ўзяла посуд за 9,9 мільёна, трэба зараз заплаціць каля 14 мільёнаў.

Таму я і вымушаны часткова пагадзіцца з інфармацыяй, што фінансавая граматнасць нашых грамадзян кульгае. Каб не дапускаць падобных памылак і перш чым бегчы за “хуткім” крэдытам або купляць прадукцыю на прэзентацыях, кошт на якую ў некалькі разоў перавышае ваш заробак, пастарайцеся атрымаць кансультацыю з розных крыніц, выслухайце парады ад мужа, бацькоў, дзяцей, знаёмых… Яны могуць дапамагчы развеяць той “туман у галаве”, які ўзнікае падчас прэзентацый рознага роду.         
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
Комментарии (0)
Добавить комментарий