Купіла ўнуку аўтамабіль…

29 июня 2016 - Administrator
article2527.jpg

 Прыкладна тры гады назад у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь былі ўнесены змены, што тычыліся вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія дазволілі сабе сесці за руль у стане алкагольнага ап’янення. Нормы закона сталі больш жорсткімі; прадугледжана спецыяльная канфіскацыя аўто ў вадзіцеляў, якія на працягу года былі двойчы затрыманы падчас кіравання аўто ў стане алкагольнага ап’янення. Шчыра кажучы, пасля ўкаранення гэтай нормы мы, работнікі судоў, палічылі, што цяпер нецвярозыя вадзіцелі вельмі рэдка будуць фігурантамі крымінальных спраў. Але час паказаў адваротнае, і ўжо канфіскаваны ў нашым раёне каля дзясятка аўтамабіляў.


…Ш., жыхарка буйной вёскі, якая знаходзіцца побач з Івацэвічамі, вырашыла падарыць унуку аўтамабіль. Купіла “Опель” (не новы, але на хаду, у добрым стане), размясціла транспартны сродак на прыдамавой тэрыторыі. Унук вучыцца ў Брэсце, вадзіцельскае пасведчанне яшчэ не атрымаў, таму час “уручэння падарунка” адкладваўся. Але гэты “Опель” “мазоліў вока” сыну Ш. – мужчыне сярэдніх гадоў, які жыве ў Івацэвічах. Трэба адзначыць, што ў гэтага мужчыны былі сур’ёзныя “трения” з законам, ён неаднаразова судзімы, законапаслухмяным чалавекам яго назваць ніяк нельга.
Тым не меней, ён мог знайсці патрэбныя словы, каб угаварыць маці, каб тая дала яму ключы ад “Опеля”, маўляў, аўто трэба абслугоўваць, там, у рухавіку, штосьці “стукае” і трэба паказаць майстру… У выніку мужчына быў двойчы на працягу года затрыманы супрацоўнікамі ДАІ падчас кіравання гэтым аўто ў стане алкагольнага ап’янення. У другі раз – у маі бягучага года – і моцна п’яным (каля 2-х праміле ў крыві). Дарэчы, івацэвіцкім даішнікам паведамленне аб тым, што вадзіцель “Опеля” хутчэй за ўсё нецвярозы, паступіла ад… супрацоўнікаў Бярозаўскага РАУС, бо гэтага гора-вадзіцеля, ужо пазбаўленнага права кіраваць аўто, “занесла” аж у суседні раён. Не палохала непазбежная канфіскацыя, не прымушала задумацца тое, што за папярэдняе парушэнне яму прызначаны штраф у памеры болей за 9 мільёнаў рублёў! 

І ўсё ж такі, думаецца, асноўная віна за гэтыя здарэнні кладзецца на Ш., гаспадыню “Опеля”. Ведаючы тое, якая ў сына рэпутацыя, яна дазваляла яму кіраваць транспартным сродкам. Адзіным правільным рашэннем было б з яе боку не дазваляць сыну нават набліжацца да аўто. Тады б любімы ўнук, пасля атрымання вадзіцельскага пасведчання, атрымаў бы і падарунак бабулі.
Васілій АЎРУСЕВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
Комментарии (0)
Добавить комментарий