Ляціць бутэлька з агарода ў агарод...

28 июня 2017 - Administrator
article3262.jpg

 “Блізкі сусед важней за далёкага родзіча”, – сцвярджае народная мудрасць. Думаю, што гэтае назіранне нават крыху “недастатковае”, бо, насам-

рэч, сусед па ступені ўплыву на ваша жыццё можа быць важней і за блізкага родзіча, які пражывае за сотні кіламетраў і сустрэчы з якім адбываюцца нячаста. 

Іншая справа – суседзі, людзі, з якімі бачымся штодня… Чаго варты толькі выраз: выбірай не дом або кватэру – выбірай суседзяў… 
Дамы жыхароў Івацэвічаў – назавём іх умоўна А. і Б. – размешчаны побач. Невядома, дый, па сутнасці, няважна, якімі адносіны іх былі да скандалу, што ўзнік у адзін з не самых добрых дзён, але ж, як вядома, кепскі мір заўсёды лепш за добрую вайну. Тым не меней, гэты мір быў парушаны і аснова для скандалу даволі неістотная: гаспадар дома А. знайшоў на газоне на прыдамавой тэрыторыі пустую шкляную бутэльку. Ён адразу ж палічыў, што ім падкінулі тару і што гэта мог зрабіць толькі Б., сусед. Праклінаючы суседа на чым свет стаіць, А. шпурнуў бутэльку ў агарод да Б..
Але дамачадцы дома Б., якія бачылі, што ў іх агарод з суседняга ўчастка ляціць бутэлька, абурыліся настолькі, быццам бы да іх ляцела балістычная ракета. Не выбіраючы асабліва выразы, ужываючы мацерныя словы, праклёны, яны “арганізавалі” палёт бутэлькі назад, але цераз некалькі хвілін гэтая бутэлька накіравалася ў іх напрамку. 

Паміж суседзямі ўзнікла ледзь не “перастрэлка”: бутэлька лятала туды-сюды, дадайце сюды праклёны, мацерныя словы... Была выклікана міліцыя, саму бутэльку схаваў адзін з дамачадцаў, дарэчы, самы малады з ліку прысутных, які зразумеў, што тут і да калецтва нядоўга, калі, не дай Бог, бутэлька трапіць каму-небудзь у галаву… А. і Б. былі выкліканы ў суд…
Яшчэ адна ў многім падобная гісторыя. Два ўчасткі паміж суседзямі В. і Г. размяжоўвае плот, але ён не стаў перашкодай для адной ці некалькіх курэй В., якія перабраліся на тэрыторыю Г. і пашкодзілі там некалькі цыбулін, агуркі на градзе.

Той гнеў, што абрушыўся на В., не можа не здзіўляць; адкуль столькі злосці, нянавісці? Няўжо тыя пашкоджаныя цыбуліны, агуркі варты, каб адзін раз і назаўсёды сапсаваць адносіны з людзьмі, з якімі прыходзіцца сустракацца штодзённа, каб праклінаць, абзываць іх мацернымі словамі?.. Што найбольш здзіўляе: ва ўсіх вышэйзгаданых гісторыях задзейнічаны людзі з вышэйшай адукацыяй, былыя кіраўнікі прадпрыемстваў… Сумна, але атрымаўшы вузкапрофільныя веды, стаўшы добрым спецыялістам, дажыўшы да сівых валасоў, многія нашы грамадзяне не атрымалі і не засвоілі ведаў па падтрымцы добрых зносін з людзьмі, што жывуць побач. Дадайце, што разгляд гэтых адміністрацыйных спраў працякае доўга, бо варагуючыя бакі часцей за ўсё і не збіраюцца рабіць крок насустрач адзін другому, збіраюць новыя аргументы і факты для “абвінавачванняў”… Нават крымінальныя справы мы часам разглядаем хутчэй, чым некаторыя адміністрацыйныя, якія тычацца пашкоджаных цыбулін ці буракоў курыцай! Магчыма, камусьці дзіўна і нават смешна чытаць гэта, але задумацца тут ёсць над чым. Не выключана, што ў некаторых грамадзян, асабліва пенсійнага ўзросту, часу многа, яны не супраць наведаць судовыя кабінеты, але ж удзельнікі канфлікту пасля гэтых сварак і скандалаў, якія ўспыхваюць нават у судзе, ужываюць медпрэпараты, кроплі і таблеткі, заспакойвальныя сродкі. Ці варта было пачынаць вайну, у якой пераможцаў усё роўна не будзе, бо здароўе і нервы каштуюць значна больш?

З уласнага вопыту. І мне, як і многім іншым грамадзянам, даводзілася трапляць у сітуацыю, калі на ўласным агародзе былі пашкоджаны пасевы гародніны; пад плотам у траве знаходжу бутэлькі, якія невядома хто сюды кінуў. Нават калі б ведаў, што гэта “след” суседзяў, то лепш яшчэ раз пасаджу цыбулю-бурак на месцы пашкоджанай гародніны, а бутэлькі занясу ў кантэйнер са смеццем, бо разумею: добрыя, спакойныя адносіны з людзьмі куды важней за буракі ці бутэлькі.       
***
Жыхарка Мінска, якая пражывала адна з маці і не мае ўласных дзяцей, вырашыла выправіць гэты “недахоп” наступным чынам: правесці ўдачарэнне дзяўчынкі, якую ў нядбайных бацькоў забрала дзяржава. Працэдура ўдачарэння праходзіла ў нашым раёне, бо дзяўчынка на той момант была пад наглядам органаў апекі Івацэвіччыны.
І вось дзіцятка ў новай сям’і. Маме прыйшлося затраціць пэўныя сродкі на яго лячэнне, бо меліся праблемы з маўленнем, трэба было наведваць лагапеда. Але паступова пачуцці да дзяўчынкі ў мамы і бабулі сталі пагаршацца, новая мама стала лічыць, што дзіця мае схільнасці да агрэсіі – а гэта яе моцна палохае, узніклі іншыя жыццёвыя праблемы і фінансавыя цяжкасці… Дый, увогуле, дзіця вельмі абмяжоўвае асабістае жыццё, забірае вольны час; у гэтай сітуацыі яно зрабілася лішнім.

Суду Івацэвіцкага раёна прыйшлося праводзіць адмену ўсынаўлення – працэдура, якая праводзіцца вельмі нячаста... Выхаванне дзіцяці – цяжкая штодзённая праца, яна цяжкая для родных бацькоў, што казаць пра чужых людзей, якія таксама павінны разумець, што зрабіўшы “задні ход”, траўміруюць псіхіку дзіцяці… У гэтым выпадку, як і ў шэрагу іншых вышэйзгаданых у дадзеным артыкуле выпадках, чалавеку трэба моцна думаць, перш чым зрабіць першы крок.
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, 
суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий