Падманны выклік міліцыі: вінаваты плаціць

4 февраля 2016 - Administrator
article2226.jpg

Тое, што падманны выклік міліцыі вядзе да складання пратакола і прыцягвання да адказнасці чалавека (штраф ад 4 да 15 базавых велічынь), які зрабіў такое паведамленне, ужо неаднаразова расказвалася чытачам раёнкі. Але не ўсе жыхары раёна ведаюць, што, згодна з Грамадзянскім кодэксам, з вінаватага яшчэ спаганяюцца і расходы, якія панеслі праваахоўныя органы, гэта значыць, транспартныя і іншыя расходы, а таксама дзяржпошліна і іншыя выдаткі.


Справа ў тым, што такіх падманных зваротаў у райаадзел міліцыі менш не становіцца. Вельмі часта гэтым грашаць нецвярозыя людзі, чый стан па прычыне рэгулярных п’янак мяжуе з белай гарачкай. Некаторыя з гэтых гісторый проста анекдатычныя. Так, В., адзін з жыхароў Івацэвічаў, перыядычна тэлефануе ў міліцыю – яму мроіцца, што здзейснена злачынства і ён спяшаецца “дапамагчы” праваахоўным органам яго раскрыць. Адзін з апошніх выпадкаў: В. раніцай выглянуў у акно і ўбачыў, што з суседняга пад’езда шпарка выходзяць незнаёмцы з нейкімі торбамі і грузяць іх у аўтамабіль. В. расхваляваўся, схапіўся за трубку, тэлефануе ў міліцыю, маўляў, у суседнім пад’ездзе забілі чалавека, расчлянілі і спяшаюцца вывезці астанкі, каб скрыць злачынства. Не спазніцеся, маўляў, раскрыць забойства! Міліцыя хутка імчыць у гэты дом і… высвятляецца, што тут група прадпрымальнікаў грузіцца ў аўтамабіль, каб ехаць на рынак. У іх вочы акругліліся, калі пачулі, што яны “вывозяць труп”.

В. атрымаў буйны штраф за такі падманны выклік міліцыі.


Жанчына з адной буйнай вёскі раёна патэлефанавала ў РАУС, выклікала праваахоўнікаў. Прычына: яе збіў муж. Калі міліцыя прымчалася, то высветлілася неверагоднае: муж ужо даўно… памёр, а жанчыне па прычыне ці то п’янства, ці то псіхічнай няўстойлівасці мроіцца, што муж яе збівае.


Жыхар Целяханаў, які напіўся так, што знаходзіўся амаль у непрытомным стане, не толькі выклікаў міліцыю, але цераз некалькі хвілін яшчэ і “Хуткую дапамогу”. Два аўтамабілі прымчаліся да падворку гэтага мужчыны, але дабіцца толку, што здарылася з заяўнікам, хто яго пакрыўдзіў, на што скардзіцца, так і не атрымалася. На наступны дзень, калі працвярэзіўся, ён нават не памятаў, што выклікаў і міліцыю, і “хуткую”! І яму прыйшлося заплаціць штраф.


Можа, гэтыя эпізоды ў кагосьці і выклікаюць смех, але, прабачце, хто павінен аплачваць гэтыя бессэнсоўныя халастыя “рэйсы” міліцыі, іншых службаў за 30 ці 50 кіламетраў? Эксплуатуецца без толку аўтамабіль, траціцца па пустой справе бензін, працоўны час… Лічу, што спачатку варта задумацца людзям, перш чым хапацца за трубку, тэлефанаваць па нумары 102 і расказваць нейкія містычныя гісторыі. Бо штраф можа працвярэзіць многіх. Не ўсе ведаюць, што калі падобнае правапарушэнне здзейснена паўторна (на працягу года), то сума штрафу ўжо складае ад 20 да 50 базавых велічынь.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна,

Аляксандр ГОРБАЧ, “ІВ”.

Комментарии (0)
Добавить комментарий