Роздум аб жаночай цнатлівасці і недатыкальнасці

14 июля 2017 - Administrator
article3292.jpg

 Суду Івацэвіцкага раёна прыходзіцца разглядаць прыкладна каля 10 спраў у год, якія тычацца ўстанаўлення бацькоўства на дзіця, бо нярэдка мужчыны ў самых розных узростах сумняваюцца, што яны насамрэч з’яўляюцца біялагічным бацькам дзіцяці. Мадэль паводзін у такіх выпадках звычайна прадказальная: мужчына сумняваецца, жанчына ў сваю чаргу абураецца такімі паводзінамі мужчыны, але экспертыза расстаўляе ўсе кропкі над “і”.


Але норавы і прыярытэты прыгожай паловы чалавецтва паступова змяняюцца. І вось у ходзе адной з апошніх падобных спраў жанчына, жыхарка Івацэвічаў, сама звярнулася ў суд з заявай, што мужчына С., з якім яна пражыла ў шлюбе пэўны час, не з’яўляецца біялагічным  бацькам яе дачушкі. Маўляў, у яе сапраўды былі інтымныя адносіны з С., але прыкладна ў тыя ж тыдні яна падтрымлівала інтымныя адносіны з Т., а зараз увогуле выходзіць замуж за К.. Яна не жадае, каб С., які сам на парозе стварэння новай сям’і, нёс расходы па выхаванні чужога дзіцяці, дый яе новы муж згодзен удачарыць дзіця. Канешне, у такой сітуацыі, дзе не назіраецца канфлікту інтарэсаў, суд лёгка можа задаволіць інтарэсы любога з бакоў.
Але разам з тым, як старшыню суда і як грамадзяніна нашай краіны, не можа не непакоіць той факт, што жанчыны ў сферы інтымных адносін становіцца ўсё больш разняволенымі і карыслівымі. І я спасылаюся не толькі на вышэйзгаданы выпадак. Некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва не саромеюцца, так бы мовіць, дэманстраваць ніжнюю бялізну – у ходзе вывучэння спраў высвятляецца, што яны могуць падтрымліваць інтымныя адносіны не з адным мужчынам, а з некалькімі, высвятляецца, што дзеці ў адной сям’і могуць быць народжаны ад самых розных мужчын…

Канешне, свабода нораваў і, прабачце, свабода ад маралі – кірунак дрэйфу нашага грамадства; і гэта даўно ні для каго не сакрэт. Разам з тым такая разбэшчанасць і распуснасць – адна з прычын таго, што мы маем вельмі высокі працэнт разводаў; сем’і распадаюцца часта і з-за таго, што жанчына перастае быць захавальніцай сямейнага ачага. Чаму здзіўляцца, калі такая прыгажуня паспявае ледзь не адначасова падтрымліваць інтымныя адносіны з двума, а пасля выходзіць замуж за трэцяга… 
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.               
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий