Спачатку дапамог, а пасля… абакраў

20 октября 2015 - Administrator
article2016.jpg

 Некалькі тыдняў таму раённая газета на сваіх старонках расказвала пра начное спатканне мужчыны і жанчыны ў адной з вёсак нашага раёна, якія, катаючыся на аўто, трапілі ў ДТЗ: аўтамабіль перакуліўся, траўмы і пашкоджанні атрымалі і вадзіцель, і яго пасажырка. 


А пасля з гэтага пашкоджанага аўтамабіля, які зацягнулі ў вёску, укралі колы.
Вось як развіваліся падзеі той ноччу. Пасля ДТЗ пацярпелыя доўга чакалі на аўтадарозе спадарожны транспарт, каб хто-небудзь дапамог прыцягнуць пашкоджанае аўто ў двор вясковай хаты. І вось, нарэшце, дачакаліся. Мужчына Т. ехаў па гэтай аўтадарозе, пранікся праблемай, дапамог транспартаваць аўтамабіль у вёску, нават запрасіў мясцовага трактарыста з трактарам для гэтых мэтаў. 

Але на гэтым яго дабрыня скончылася, бо яшчэ транспартуючы аўто, ён “паклаў вока” на колы на прыгожых новых дысках. З’ехаўшы з гэтай вёскі на сваю радзіму (вёска ў Ляхавіцкім раёне), ён дачакаўся глыбокай ночы, вярнуўся зноў у вёску і з дапамогай дамкрата “разуў” поўнасцю аўтамабіль. На гадзінніку было каля трох гадзін ночы, калі Т. паклаў колы ў багажнік свайго аўто. Мужчына не павёз колы ў свой дом у Ляхавіцкім раёне, а схаваў іх… у кукурузе на полі мясцовага СВК.

Тым не меней, радаваўся ён нядоўга, бо пад падазрэнне міліцыі трапіў і гэты “памочнік”, тым болей, як высветлілі праваахоўнікі, Т. і раней меў сур’ёзныя праблемы з законам, быў судзімы... Прыйшлося яму раней, чым ён планаваў, ехаць на кукурузнае поле, каб вярнуць колы гаспадару.
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў Т. вінаватым у крадзяжы; ён асуджаны, а для большасці з нас гэты выпадак няхай будзе напамінкам: пільнасць не трэба губляць нават падчас сустрэчы з незнаёмцамі, якія вельмі хочуць вам “дапамагчы”.
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий