Вы стварылі сям’ю? Ваша жыццё павінна стаць іншым! 

2 ноября 2017 - Administrator
article3512.jpg

 Пра тое, што сямейна-бытавая сфера – “надзейны пастаўшчык” значнай часткі злачынстваў, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі нашага раёна, гаворыцца многа і рэгулярна. Адной з прычын гэтага перакосу, як бачыцца мне, як старшыні суда і грамадзяніну краіны, з’яўляецца легкадумныя адносіны і проста неразуменне: што значыць стварыць сям’ю? Якое месца займае муж ці жонка ў законным ці грамадзянскім шлюбе? 


Так, некаторыя нашы грамадзяне на з’яўленне ў іх жыцці законнага ці грамадзянскага мужа або жонкі рэагуюць так, нібы яны завялі дома, прабачце, сабаку ці ката – гэта, маўляў, можа крыху змяніць мадэль паводзінаў, але нямоцна… 
Вось і жанчына з Івацэвічаў Д., якая каля шасці гадоў назад уступіла ў грамадзянскі шлюб з Т., жыхаром райцэнтра, не моцна змяніла рэжым уласнага жыцця – ні тым болей тады, калі той ездзіў на заробкі ў Расію, ні тады, калі ён прыязджаў. 

Д. магла, нічога не кажучы грамадзянскаму мужу, накіравацца вечарам да сябровак, дзе прападала да глыбокай ночы, вярталася дамоў нападпітку. А той у сваю чаргу нерваваўся, раўнаваў – і таксама браў у рукі шклянку са спіртным. Паміж Д. і Т. успыхвалі спрэчкі, сваркі – гэта непазбежна, бо, самі разумееце, у падобных адносінах вітаецца павага аднаго да пачуццяў другога. Калі кагосьці з членаў сям’і больш цягне ў застолле з сябрамі ці сяброўкамі, то што рабіць другому? 

Парадаксальна, што ў тую раніцу, калі ў гэтай кватэры быў зарэгістраваны крымінальны эпізод, Т. прыняў рашэнне нала-
дзіць адносіны з Д., памірыцца. Для гэтага ён прынёс у кватэру… алкагольны напой, яны з Д. пачалі распіваць яго, але старыя крыўды вылезлі вонкі. 
На сённяшні дзень амаль немагчыма дакладна сказаць, хто каго першым штурхнуў, хто каго абразіў, схапіў за валасы ці абадраў пазногцямі твар, але ўсё скончылася тым, што Д. схапіла нож і ў парыве гневу ўдарыла ім у жывот свайму грамадзянскаму мужу. Той адразу асунуўся каля сцяны; спуджаная Д. змыла нож, на якім былі сляды крыві, і схавала яго, пасля кінулася “ратаваць” сужыцеля, але тут патрэбна была дапамога кваліфікаваных медыкаў… У хуткім часе ў кватэру прыехала міліцыя… 

Была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 147 “Нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”. Д. на тры дні ўзялі пад варту, пацярпелы Т. хутка паправіўся…
Сваёй віны спачатку Д. не прызнавала, але ў ходзе судовага пасяджэння прызнала віну цалкам. Дарэчы, Т. у судзе прасіў, каб пакаранне Д. не было строгім, маўляў, ён прабачыў сваёй сужыцельцы гэтае нажавое раненне, тым болей, сам у тую раніцу прынёс дамоў алкагольны напой і сам распіваў і сварыўся. 

Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў Д. вінаватай. Санкцыя – чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд уступіў у сілу. 
Яшчэ раз падкрэслю: стварэнне сям’і для мужчыны ці жанчыны – надзвычай сур’ёзны крок, які запатрабуе жыць інакш – не так, як жыў чалавек раней. Гэта халасцяк ці халасцячка могуць прыйсці дамоў у дзве гадзіны ночы ці ўвогуле не прыйсці – хто за гэта можа на іх сварыцца? Ніхто! Але калі вы пажаніліся, то “ўзгадняць” свае дзеянні з другой палавінкай проста абавязаны – у процілеглым выпадку якая гэта сям’я?.. Непаважлівыя адносіны да мужа ці жонкі могуць стаць асновай для сварак, спрэчак, так званых разборак, якія дабром, як у вышэй-
згаданым выпадку, адназначна не скончацца. 
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.
Комментарии (0)
Добавить комментарий