Жніво набірае тэмп. Рэпартаж з ААТ «Мілейкі»
На раніцу 26 ліпеня па раёне ўбрана зерневых культур на плошчы 3 061 гектар, што складае 14,7 працэнта. Намалочана 10 993 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 35,9 цэнтнера з гектара.
Днём раней мы пабывалі ў ААТ «Мілейкі», дзе да ўборкі зерневых і зернебабовых культур налічваецца 2 060 гектараў, а з азімым рапсам і грэчкай – 2 460 гектараў. Жніво тут пачалося 18 ліпеня. Надвор’е бывае неспрыяльнае, таму, як толькі сонца падсушвае зямлю, камбайнеры спяшаюцца ў поле і шчыруюць да заходу сонца.
У гаспадарцы вырошчваюць азімыя: жыта, пшаніцу, трыцікале; яравыя: ячмень, у тым ліку і піваварны, трыцікале, авёс і зернебабовыя, у ліку якіх гарох і грэчка. На раніцу 28 ліпеня тут было ўжо ўбрана 73,1 працэнта азімага рапсу, а зерневыя ўбраны на 14,2 працэнта плошчаў. Спецыяліст па ахове працы і старшыня прафкама гаспадаркі Таццяна Ганчар, з якой мы накіраваліся ў поле, тлумачыла, што яравы ячмень убраны на 40 гектарах, намалочана 135 тон, а ўраджайнасць гэтай культуры склала 33,8 цэнтнера з гектара. А мы ехалі на поле за Мілейкамі, дзе камбайнеры ўбіралі азімую пшаніцу. У гаспадарцы азімую пшаніцу трэба ўбраць з 485 гектараў, а на гэтым полі, дзе мы спыніліся, 80 гектараў. Расце тут, казала аграном, сорт «Багатка» беларускай селекцыі. Большую палову плошчаў пад азімую пшаніцу ў ААТ«Мілейкі» ўжо ўбралі, намалацілі 1 106 тон. Ураджайнасць гэтай культуры сёлета парадавала ў параўнанні з мінулым годам і складае 38 цэнтнераў з гектара, пры тым, што ёсць яшчэ да ўборкі лепшыя на выгляд палі.
Па розных канцах поля рухаліся ў тэмпе чатыры камбайны КЗС-1218. Таццяна Іосіфаўна адзначыла, што ў перадавіках экіпаж камбайна ў складзе старшага камбайнера Сяргея Калмака і памочніка Аляксандра Токара. Яны ўбралі на раніцу 25 ліпеня збожжа са 102,5 гектара і намалацілі 381 тону. За дзень яшчэ ў іх асабістую «скарбонку» ляжа не менш 50 тон, а ўлічваючы рэзультатыўнасць работы гэтага механізатара за мінулыя гады, яго экіпаж зноў будзе ў ліку тысячнікаў. Сяргей Уладзіміравіч – вопытны і шчыры камбайнер. Родам ён з Бярозаўскага раёна, але заканчваў Івацэвіцкае ПТВ (цяпер – ліцэй сельгасвытворчасці), і лёс яго закінуў у Мілейкі. Сяргей Уладзіміравіч лічыць, што хлеб – гэта яго справа і яго сям’і ў некалькіх пакаленнях. У гаспадарцы ён працуе з 1999 года, а на трактары і камбайне з 2006 года. Сам жа камбайнер казаў, што цяжка падлічыць, якое сёлета па ліку ў яго жніво, бо бацька яго браў з сабой у поле на камбайн з трэцяга класа, у старэйшых класах ён працаваў памочнікам, а цяпер ён, як бацька, шчыруе з сынам Аляксандрам. Сяргей Уладзіміравіч з імпэтам даказваў, што ў яго сёлета сямейны экіпаж.
Механізатар лічыць, што калі ён называе пасынка сынам, а ён яго бацькам, то няважна, што прозвішчы розныя. Яны – адна сям’я, і з яго вуснаў гэта гучала з гонарам. Дарэчы, заробленыя грошы на жніве, а ў дзень кожны з іх можа «падняць» і 200 рублёў, Сяргей Уладзіміравіч Калмак плануе накіраваць на будаўніцтва дома сыну Аляксандру, а заробленае збожжа, якое па выніках жніва атрымліваюць камбайнеры, спатрэбіцца на адкорм жыўнасці ў асабістай гаспадарцы.
Штодзень у ААТ «Мілейкі» падводзяцца вынікі жніва. У дыспетчарскай і на зернятоках вывешваецца аператыўная зводка, па якой бачна, хто колькі намалаціў і колькі зарабіў. Наступаюць «на пяты» перадавікам экіпажы Аляксандра Болтачкі і Юрыя Войткі, а экіпаж Сяргея Шынкевіча працуе на ўборцы рапсу. Маладзёжны экіпаж у складзе Максіма Шэйкі і Уладзіслава Воўны таксама стараецца, каб было не горш, чым у Калмака. Усяго на жніве занята шэсць камбайнаў КЗС-1218. Тэхніка не новая, КЗСу, на якім працуе экіпаж Сяргея Калмака, 13-ы сезон. Чакаюць у гаспадарцы новы камбайн, яго, пэўна, атрымае перадавы па выніках жніва экіпаж.
На адвозцы збожжа лепшы рэзультат у вадзіцеля МАЗа Валянціна Ерамейкі, які перавёз на раніцу 25 ліпеня 406,2 тоны. Камбайнеры адзначалі, што кормяць іх смачна. Дарэчы, гатуюць ежу двойчы на дзень у сталовай гаспадаркі, повары вопытныя, сваю справу ведаюць і разумеюць, што абед для мужчын павінен быць сытны і смачны. Але, бывае, тэхніка падводзіць або кандыцыянер выходзіць са строю, і тады ў кабіне камбайна сапраўднае пекла. Рэагуюць спецыялісты ў гаспадарцы на любыя збоі аператыўна, толькі не ўсё залежыць ад іх. Бывае, толькі адрамантуюць, як праз гадзіну зноў штосьці выйшла са строю. Проста дзіву даешся, як самааддана камбайнеры змагаюцца за хлеб, якой дарагой цаной ён даецца. А мы, купляючы хлеб у магазіне, наўрад ці гэта адчуваем.
План па гаспадарцы – намалаціць 6 326 тон збожжа, а ўжо ў агульны «каравай» лягла 1 241 тона. Здаецца, у ААТ «Мілейкі» ён атрымаецца значна больш важкі.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.