Ураджэнец п. Зялёны Бор Юрый Слінка на шоу Андрэя Малахава расчуліў гасцей пранікнёным выкананнем песні ад душы пра маму і сваімі вершамі
Трапіць на любімую перадачу «Песні ад усёй душы», якую вядзе Андрэй Малахаў, масажыст санаторыя «Ружанскі» з дзесяцігадовым стажам Юрый Слінка марыў не першы год. Па электроннай пошце адпраўляў заяўку, ды прапанова прыехаць так і не паступала. Але ён не здрадзіў сваёй мары і працягваў верыць.
Юрый не проста масажыст, усё жыццё маладога 29-гадовага мужчыны напоўнена творчасцю. Нягледзячы на слабы зрок, ён з задавальненнем адклікаецца на ўсе прапановы выступіць на сцэне. Музыкай захапіўся яшчэ ў малодшых класах. Вучыўся ў спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку ў Жабінцы. Там жа наведваў і музычную школу: асвойваў ігру на баяне, спяваў у хоры і сольна. Але аддаў перавагу прафесіі медыцынскай – скончыў медкаледж у Гродне па спецыяльнасці «Лячэбны масаж». Любіць сваю прафесію, але і творчасць займае значнае месца ў яго жыцці.
«Жыць без музыкі не магу», – так Юрый характарызуе сваю прагу да творчасці. Пасля рабочага дня і на выхадных ён спявае ў адным са старэйшых храмаў на Пружаншчыне – царкве святых Пятра і Паўла ў Ружанах, ды і выступае на сцэне мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу. Загадчык Цэнтра, ведаючы пра мару Юрыя і яго перажыванні, упэўнена параіла яму не хвалявацца, бо знойдуць яго і тут, на рабоце ў санаторыі, не трэба ніякіх заявак. Словы калегі па сцэне аказаліся прарочымі! Кіраўнік здымачнай групы з шоу Малахава адпачывала ў санаторыі, дзе ёй расказалі пра таленавітага і здольнага да музыкі масажыста Юрыя. Жанчына вырашыла пераканацца, сама пазнаёмілася з мужчынам і яго гісторыяй жыцця, праслухала песні ў яго выкананні, ацаніўшы яго словамі «знаходка для нас». Праз дзве гадзіны Юрыю патэлефанавалі з Масквы і запрасілі праз месяц на перадачу. «Конкурсаў шмат было ў жыцці, але на такой сур’ёзнай сцэне яшчэ не выступаў, таму і хваляваўся, як юнак», – расказвае пра паездку на шоу Юрый Слінка.
У Маскву Юрый паехаў разам з мамай Марыяй Васільеўнай. Яна зараз пражывае ў пасёлку Зялёны Бор. Жанчыну вельмі ўразілі ветлівасць і гасціннасць здымачнай групы і ўсіх работнікаў, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы перадачы «Песні для душы» на канале РТР. «Нас і сустрэлі на вакзале, і ў гасцініцы нумар знялі, і пакармілі. Якія малайцы! Быццам да радні ў госці ездзілі! А які просты і добры Андрэй Малахаў!» – эмацыйна дзялілася ўражаннямі Марыя Слінка.
Юра выконваў песню пра маму і чытаў урывак са свайго верша. Стоячы яшчэ за кулісамі, малады мужчына вельмі хваляваўся, сэрца калацілася, гатова было выскачыць з грудной клеткі, успамінае ён. Але калі запрасілі да гасцей і пайшла размова, усё хваляванне як рукой зняло. На перадачы Юрый пазнаёміўся с Валерыем Сёміным, кіраўніком гурту «Белы дзень», ганарыцца, што нават падпяваў яму «Я сустрэў ружу…». Былі запрошаны і другія госці: як усім вядомыя, так і таленты з народа, як наш герой з Зялёнага Бору. Пра Юрыя, як і пра астатніх запрошаных герояў, знялі відэапрэзентацыю. Спадабалася масажысту і артысту быць па той бок камеры, сам ад сябе не чакаў, прызнаецца. Шкадуе, што ролік доўжыцца толькі тры хвіліны, а здымалі яго гадзін пад 12. Але тыя тры хвіліны на адным з рэйтынгавых каналаў, які глядзяць мільёны людзей!
Мары павінны збывацца, асабліва калі ў іх так вераць. Слабавідушчы Юрый Слінка з чыстай, можа, у нечым наіўнай і празрыстай, як сляза, душою, шчыра верыць у Бога, і гэта вера дае яму натхненне пражываць напоўніцу кожны свой дзень: малады хлопец працуе на любімай рабоце, аб якой марыў з дзяцінства, пасля работы ў яго ёсць любімае хобі – дарыць людзям свята і спяваць для душы і ад душы. Хочацца пажадаць Юрыю, каб яшчэ адна патаемная мара збылася – ён верыць, што хутка знойдзецца яго другая палавінка. А перадача, якая выйдзе ўжо ў кастрычніку гэтага года (сачыце за нашымі сацсеткамі!), упэўнены, дапаможа яму ў гэтым.
Марыя Сазонава.
Фота з архіва Юрыя Слінкі.