«Жыццё – гэта ж і ёсць праца»

Уладзімір Харужы – чалавек даволі вядомы не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Заваяваць гэтую вядомасць, а разам з ёю аўтарытэт, павагу сярод людзей яму дазволілі адданасць механізатарскаму рамяству, нераўнадушша, любоў да зямлі-карміцелькі, а яшчэ глыбокая перакананасць у тым, што жыццё – гэта і ёсць не што іншае, як праца.
Сёння Уладзімір Сцяпанавіч – юбіляр. На лістку яго жыццёвага календара – лічба 80! А за ёю – пасляваеннае дзяцінства, юнацкія пошукі, сямейнае шчасце, радасць і пераадольванне жыццёвых цяжкасцей, адным словам, шлях няпросты, але ж уласна выбраны.
З адным запісам у працоўнай кніжцы
Развіваць сельскую гаспадарку яшчэ напачатку мінулага стагоддзя пачыналі бацькі Уладзіміра Харужага.
– Тата і мама працавалі ў паляводстве, – расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. – Работа была цяжкай, араць, садзіць, збіраць прыходзілася ўручную. Але ж нічога, не скардзіліся, спраўляліся. Да працы сялянскай заўсёды ставіліся адказна, да сябе – патрабавальна. На гэтых прынцыпах выхавалі і мяне. Мала таго, на тую сцежку, па якой самі ўсё жыццё ішлі, і мяне паставілі. Вось толькі калі бацькі канём і матыкай зямлю апрацоўвалі, то мне выпала доля лягчэйшая – рабіць усё гэта з дапамогай тэхнікі.
Лягчэйшая не лягчэйшая, а на дзясяткі жыццёвых кіламетраў расцягнулася.
Дынастыя Харужых
У след знакамітага Уладзіміра Харужага ўступілі яго сыны Мікалай і Дзмітрый, а таксама ўнук Уладзімір.
– Для ўсіх трох нават не стаяла пытанне «кім быць?» Толькі механізатарамі, – расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. – З маленства хлопцы прывучаныя да працы, былі яны разам са мною ў трактары, калі дыскаваў, араў зямлю, працаваў на нарыхтоўцы кармоў, нават тады, калі ў машынна-трактарным парку рабіў дробныя рамонты. Даспадобы прыйшлася ім уся гэтая сельскагаспадарчая «кухня».
Сёння на рахунку механізатараў дынастыі Харужых 117 гадоў працоўнага стажу, а калі больш дакладна, у Харужага-старэйшага – 60 год, яго сына Мікалая – 40, крыху менш – у Дзмітрыя.
– Мікалай адразу ж пасля службы ў арміі прыйшоў у гаспадарку і застаецца па сённяшні дзень верным ёй, – працягвае Уладзімір Харужы. – Дзмітрый некаторы час працаваў у вучэбна-вытворчым камбінаце, вучыў юнакоў і дзяўчат кіраваць трактарам. А потым усё ж такі магутная сіла зямлі і любоў да тэхнікі прывялі яго ў каманду косаўскіх механізатараў.
Па словах Уладзіміра Сцяпанавіча, яго сыны – майстры сваёй справы. Філігранна выканаюць любыя работы падчас ворыва, сяўбы, пакажуць вышэйшы клас у перыяд нарыхтоўкі кармоў і ўборкі хлеба.
– Ніколечкі ім не паддаецца ўнук, – усміхаецца Уладзімір Сцяпанавіч. – На сваім пагрузчыку такія выкрунтасы робіць! Велічэзны трактар у руках хлопца, нібыта цацка якая! Малайчына! У дзеда ўдаўся!
Работы, якія выконваюць сыны і ўнук Уладзіміра Сцяпанавіча, кіраўніцтва заўсёды пазначае знакам якасці.
– І мяне гэта не можа не радаваць, – прызнаецца субяседнік.
«А Прэзідэнт зусім не такі, як у тэлевізары»
За шэсцьдзясят год бездакорнай працы ў сельскагаспадарчай галіне Уладзімір Сцяпанавіч прыдбаў цэлы стос грамат, пісем падзякі. За работу, якую заўсёды выконваў сумленна, мае нават два ордэны Працоўнай славы. А ў 2024 годзе на абласных Дажынках, што ладзіліся ў Мікашэвічах, Уладзіміру Харужаму высокую ўзнагароду – ордэн Пашаны – уручыў сам Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка.
– Нягледзячы на тое, што заўсёды працаваў не дзеля ўзнагарод, прыняць яе з рук Кіраўніка краіны было прыемна, – прызнаецца Уладзімір Сцяпанавіч. – Рука ў нашага Прэзідэнта, скажу я вам, вох якая моцная, гарачая. А калі шчыра, дык наш Аляксандр Рыгоравіч падаўся мне зусім іншым, чым па тэлевізары. Не было ў ім звычайнай строгасці, куды больш – упэўненасці, а яшчэ прыязная ўсмешка на твары, непадробныя дабрыня і чалавечнасць у вачах.
– Усяго нічога засталося да выбараў прэзідэнта, – кажу субяседніку.
А той, не дазволіўшы нават закончыць фразу, працягвае:
– І на выбары пайду, і ўжо даўно вызначыўся, за каго галасаваць буду.
Крыху памаўчаўшы, Уладзімір Сцяпанавіч дадаў:
– Я пражыў доўгае жыццё. І ніколі, чуеце, ніколі не жыў так хораша, як сёння.
Бог стварыў мужчыну і жанчыну
Адзінае, што прымушае Уладзіміра Сцяпанавіча глядзець на свет па-іншаму, сумнымі вачыма, – гэта адзінота. З цёплага ўтульнага гнязда ў самастойнае жыццё даўно разляцеліся дзеці. А жонкі, верныя, надзейныя спадарожніцы, недаравальна рана пакінулі зямное жыццё. У 2005 годзе памерла першая жонка Уладзіміра Сцяпанавіча, жанчына, якую ён любіў, з якой добрых дзяцей выхаваў. А чатыры гады таму адышла ў незваротнасць і яго другая жонка, прычым, раптоўна.
– Да нас у Косава Кацярына прыехала з Украіны пасля смерці мужа, – успамінае Уладзімір Харужы. – Хаты сваёй не мела, жыла ў радні. Доўга я прыглядаўся да кабеты. А потым усё ж такі адважыўся і прапанаваў: «Чаго ты, Каця, будзеш па чужых кутках бадзяцца. Пераходзь да мяне і будзем жыць разам». А тая і перайшла.
Свае адносіны з Кацярынай Уладзімір Сцяпанавіч узаконіў. Сем год яго Кацярына насіла прозвішча Харужая, сем год на дваіх з мужам дзяліла любую работу па гаспадарцы, была з ім, як кажуць, і ў горы, і ў радасці.
– Бог стварыў мужчыну і жанчыну для таго, каб яны жылі ў пары, дапаўнялі адзін аднаго і стваралі шчаслівыя адносіны, – разважае Уладзімір Сцяпанавіч. – Адзінота – страшная рэч. Ад яе амаль што нябачнымі становяцца зоркі на небе і вяне, нібыта кветачка тая, сэрца ў грудзях. Нават не ведаю, на колькі б яшчэ хапіла сіл, каб не дзеці, унукі, праўнукі і работа, без якой сябе, праўда, не ўяўляю.
А жыццё працягваецца!..
Студзень – адносна спакойны месяц у сельскагаспадарчым календары, і таму ўжо каторы год запар менавіта на гэты перыяд Уладзімір Сцяпанавіч плануе свой чарговы адпачынак.
– Дзень, другі, трэці – і я ўжо засумаваў па рабоце, – усміхаецца субяседнік. – Праўда, кіраўніку гаспадаркі тэлефанаваць і прасіцца на работу не стаў, пасаромеўся. Дый разумею, моладзі трэба дарогу ўступаць. А тут званок. На другім канцы – Вячаслаў Шастак, які мне і кажа: «Выходзь, Сцяпанавіч, на працу…»
Зараз на сваім верным «жалезным кані», якому «ад нараджэння» амаль што трыццаць пяць год, Харужы перавозіць клеткі для маленькіх цялятак на малочнатаварнай ферме.
– У трактара такі ўзрост і працуе! – эмацыянірую.
– Працуе… На ім даеду куды заўгодна і прывязу-падвязу што патрэбна, – усміхаецца Харужы. – Ён у мяне, як дзіця, дагледжаны.
Напрыканцы размовы – аб планах на будучае.
– Перш-наперш, юбілей трэба адзначыць, – кажа Харужы. – Да яго яшчэ напрыканцы снежня дзеці мне парадкі ў хаце навялі, нават новыя шпалеры на сцены паклеілі. Праўда, днямі я ім сказаў:
«Гуляць будзем у кафэ! Восемдзесят – гэта не васямнаццаць! Дый наогул, колькі таго жыцця».
Хаця пажыць Уладзіміру Сцяпанавічу яшчэ хочацца:
– Палюбавацца на ўзыход сонца за агародам, пацешыцца першым поспехам праўнукаў, адным словам, пабыць побач з тымі, каго люблю, усім сэрцам люблю.
Галіна МІКАЛАЕВА.