Close
Главная новость Новости Общество

Жыве Пагор’е, і найперш у сэрцах вяскоўцаў ды дачнікаў, якія, дзе б ні былі, вярталіся і вяртаюцца ў свае радавыя гнёзды

Жыве Пагор’е,  і найперш у сэрцах вяскоўцаў ды дачнікаў, якія, дзе б ні былі, вярталіся і вяртаюцца ў свае радавыя гнёзды
  • Опубликовано:29 июля, 2022

Доўгая дарога ў Рудню, маленькую вёсачку-хутар на Быценшчыне, дзе толькі два жыхары, прывяла нас у Пагор’е. У Рудні – замкі на дзвярах, завітаем яшчэ раз пазней, а ў таксама маленькім і аддаленым Пагор’і сустрэліся журналістам прыветлівыя вяскоўцы, руплівыя дачнікі. Адна вясковая вуліца расцягнулася ўздоўж дарогі Быцень – Вуглы. З поўдня да яе падступіла пойма ракі Шчары, з поўначы – лес на ўзвышэнні. Некалі краязнаўца Алесь Зайка напісаў пра гэтае ўзвышша: «Узабрацца на яго – упацець», але мы не правяралі. Толькі таксама заўважылі, што назва вёскі гаворыць сама пра сябе: мясцовасць тут няроўная, гарыстая.

Не кідаліся тут у вочы паўразбураныя хаты, хіба зрэдку. Як высветлілася пазней, многія сядзібы (каля 20 за апошнія 15 гадоў) тут пайшлі пад знос, хоць і ёсць яшчэ тыя, пакінутыя, што хаваюцца ад вачэй спадарожнікаў у хмызняку, і адзінкавыя, што глядзяць на вуліцу вокнамі-вачыма з апушчанымі павекамі – сумнае відовішча, раскіданыя гнёзды… Ды і могілкі побач. Але ў большасці сваёй вялікія дамы і маленькія хаткі выглядаюць дагледжанымі, і вёска, дзе зарэгістраваны 18 чалавек, але пастаянна пражывае чалавек пяць, не выглядае пустой – наадварот. Едзеш – і бачыш, як нехта корпаецца ці не ў кожным двары, і неўзабаве спыняемся ля адчыненых весніц.

«Мясціны ж у нас прыгожыя, вы заўважылі?»

Насустрач няпрошаным гасцям выйшла Любоў Іванаўна НАЛІЎКА, ураджэнка Пагор’я, але жыхарка Бярозы. Цяпер на пенсіі, таму з мая да лістапада амаль увесь час праводзіць на радзіме, у бацькоўскай хаце. «Цяпер у горадзе мне рабіць няма чаго, а вясковая хата патрабуе догляду. Прыязджае і сястра з Баранавічаў. Саджаем агарод. Вось перад хатай невялікі – самі бачыце: і цыбулька тут, і агуркі-памідоры, перцы, морква ды буракі, асобна – клубніцы, і за хатай градка – там і бульба, і капустка. Любім займацца агародніцтвам, бо выраслі ў вёсцы», – расказвае гаспадыня, праводзячы экскурсію па градках, праполкай якіх займалася да нашага візіту. У двары – дзясяткі два ёмістасцей рознага памеру: тазікі, бочкі, вёдры вялікія і малыя… Гэта збірае Любоў Іванаўна дажджавую ваду для паліву сваіх памідораў, бо калонкі няма, а ў калодзежы, калі спёка, вады мала.

Участак у бацькоў быў вялікі – 30 сотак, некалі ўвесь быў пад садам і агародам, ды яшчэ ў полі зямлю бралі пад бульбу. Цяпер частку ўчастка аддалі прыродзе, і яна тут наводзіць свае парадкі. Бацькі Любові Іванаўны даўно пайшлі з жыцця, стары сад таксама амаль загінуў – пасадзілі новыя дрэўцы. Напамін пра бацькоў – антонаўка і груша, якім па паўвека, белыя драўляныя вокны і нават бацькава кашуля, у якой была апранута гаспадыня (класная рэч!).

Гаспадыні ў вёсцы не сумна. Ёсць тут і сяброўкі-дачніцы, і тэлевізар для халодных вечароў. Але самы галоўны яе занятак тут нават не агародніцтва, а паходы ў лес па ягады ды грыбы. Цяпер акурат чарнічны сезон, дык Любоў Іванаўна часта выбіраецца па чорнае беларускае золата. І для сябе, і на продаж. З суседняй вёскі ў Пагор’е прыязджае нарыхтоўшчык, бярэ ягады. Да абеду жанчына можа набраць вядро – кілаграм восем. Хадзіць па лесе па грыбы – «ногі біць», але і ад такіх перспектыў жанчына не адмаўляецца і, дарэчы, выбіраецца ў лес адна – з дзяцінства добра ведае ваколіцы, некалі па ягады-грыбы хадзілі дзецьмі ў дзве змены: па мастку праз рэчку – толькі цябе і бачылі.
«Шмат збіральнікаў у лесе сёлета, але і ягад шмат. Каб не лес, можа, тут і засумаваў бы. Але мяне сюды цягне моцна. Вось цяпер тут і пляменнік з жонкай, пайшлі на рэчку. Мясціны ж у нас прыгожыя, вы заўважылі?» – пытаецца ў нас новая знаёмая.

Канечне, заўважылі. Заўважылі і спелыя чырвоныя парэчкі ў яе двары, што падстаўлялі бакі няшчодраму ў той дзень на прамені сонцу, і ладную пафарбаваную лаўку каля двара насупраць, дзе, напэўна, па вечарах збіраюцца сяброўкі-дачніцы (а вы звярталі ўвагу, што ў горадзе каля прыватных дамоў амаль немагчыма сустрэць лаўкі?). Заўважылі і буслоў на комінах і ў буслянках, і ў галаве адразу зайграла: «Уж я к ней и так, и этак, со словами и без слов. Обломал немало веток, наломал немало дров…» Заўважылі, як закруціўся каля ног маленькі сабачка і правёў нас у суседні двор.

«Я вёску люблю, я яе паважаю»

Мужчыну з рыдлёўкай і тачкай мы запрыкмецілі адразу, як толькі заехалі ў вёску, і вярнуліся да яго, завялі гутарку. Мінчанін Валянцін Аляксеевіч ШКУРЫНАЎ наводзіў парадак каля хаты нябожчыцы-цешчы, якая, дарэчы, пражыла 95 гадоў і была найстарэйшай у Пагор’і. Нягледзячы на тое, што мае лецішча пад Мінскам у 80 (!) сотак, гаспадарку (куры, качкі, трусы, рыба ў сажалцы), вырашыў не адмаўляцца ад жончынай спадчыны ў такой маляўнічай мясцовасці. Ён рады спыніцца ў Пагор’і і на тыдзень, і на месяц – тут ціха, спакойна, прыгожа, побач рака Шчара – да яе 300 м.

Валянцін Аляксеевіч вырашыў замяніць плот і праводзіў падрыхтоўчыя работы. Планаў на бліжэйшую перспектыву многа: перарабіць ганак, разабраць старыя пабудовы, падсыпаць ямкі – карацей, надаць належны выгляд падворку для далейшага перыядычнага пражывання. У Пагор’і што? З аднаго боку – грыбы, з другога – ягады, і раней Валянцін Аляксеевіч, прыехаўшы да цешчы на «вездеходе», мог выбрацца ў лес. Цяпер жа прыязджае на машыне з нізкай пасадкай і ў асноўным адпачывае ці працуе над добраўпарадкаваннем. Пытаюся, ці на ўсё хапае мужчыне часу – мае ж кватэру ў сталіцы, вялікае лецішча і хату ў Пагор’і?

«Я скажу так: часу заўжды дастаткова. Але калі ты гэты час кладзеш у стакан, яго заўжды не хапае. А калі ты зацікаўлены працаваць, а не так, як пэўныя асобы, якія ходзяць пад гэтым самым, то ўсё паспееш. Я на канапе ляжаць не люблю. Я і сам вясковы, і вёску люблю, паважаю», – разважае сапраўдны гаспадар. Ён, дарэчы, аформіў на сябе і суседні ўчастак (хату на ім знеслі раней), і там таксама цяпер будзе парадак.

Валянцін Аляксеевіч родам з Гомельскай вобласці, а ў Пагор’е ўпершыню патрапіў у 1979 годзе. Тады жыццё кіпела ў кожным двары, вуліца гула і днём, і вечарам. «Горад высмактаў усё мясцовае насельніцтва. Брэст, Мінск, Баранавічы, Івацэвічы… Паз’язджалі людзі. Але іншы раз глядзіш – і далёка жывуць, а радзіму не забываюць. Вось сусед – у Пярмі, а бывае практычна кожнае лета», – расказвае. Прыязджаюць у Пагор’е і пляменнікі Валянціна Аляксеевіча. Ці заўважаюць яны прыгажосць гэтых мясцін? Кажа гаспадар, заўважаюць. І пацвярджае гэтыя словы тое, што едуць маладыя не толькі, калі патрэбна дапамога і іх для гэтага клічуць, але і па сваёй ініцыятыве, бо ім у Пагор’е хочацца.

«Чым занятая? Вывучаю англійскую мову і шмат чытаю»

Там нам сустрэлася Святлана Міхайлаўна КАВАЛЬЧУК, якая толькі-толькі прыйшла з лесу, дзе збірала маліну. Распавяла, што наш «праваднік» гасцюе ці не ў кожным двары. Яго гаспадыня з Вуглоў памерла ад кавіду, і сабачка прыбіўся да пагорцаў. Хутка Святлана Міхайлаўна прынясе яму пачастунак, але да гэтага распавядзе нам пра сваё жыццё-быццё. У Пагор’і яна наездамі з Фаніпалі, даглядае бацькоўскую хату, садзіць агарод, ходзіць па грыбы ды па ягады, а таксама вывучае англійскую мову анлайн і шмат чытае. Яе любімыя дэтэктывы прама ў Пагор’е дастаўляе бібліятэка на колах, што перыядычна бывае ў аддаленых вёсках. «Вельмі добрая паслуга, ёсць выбар кніг. Мяне, як пастаянную чытачку, папярэджваюць, калі наступны візіт у нашу вёску», – расказвае жанчына. А вось тэлевізар яна не глядзіць увогуле.

«Тут жа было не праехаць па дарозе з-за дзетак»

Ну добра, а дзе ж старажылы? Дзе ж карэнныя пагорцы, якія ад нараджэння да глыбокай старасці правялі на Быценшчыне? Нарэшце сустрэлі Марыю Іосіфаўну НАЛІЎКУ – ёй 80. Праўда, не зусім яна з Пагор’я, з суседніх Вуглоў, але ў 6 месяцаў перабралася разам з матуляй у Пагор’е. А папярэднічалі гэтаму страшныя падзеі. Было гэта ў ваенны час. Яна разам з маці і сваякамі аказалася зачыненай у хаце, падпаленай ворагам (не немцы гэта былі, а іх пасобнікі з бандаў). Але яе цётка, бацькава сястра, вылезла ў вакно са словамі «няхай лепей застрэляць, чым жывой гарэць». А за ёй і маці з маленькай Марыяй на руках. Была яшчэ бабуля. Зашчымела сэрца ў таго, хто стаяў на варце, адчыніў дзверы ды выпусціў і яе.

І пачалося жыццё Марыі Іосіфаўны ў Пагор’і. «Некалі тут жа было не праехаць па дарозе з-за дзетак. Па 3-4 у кожнай хаце было, а то і пяць! У мяне чацвёра дзяцей, тры сыны і дачка, толькі яны ў Мінску, у Баранавічах, у Івацэвічах. А як застацца, як няма работы? Калі калгас быў, калі я была даяркай, то тутака, Госпадзі, – увесь Пагор рабіў у калгасе! А сёння і калгаса няма (ад рэд. – застаўся ўчастак «Пагор’е» ААТ «Мілейкі»). Сэрца баліць з-за таго, што памірае вёска, але што зрабіць?» – кажа Марыя Іосіфаўна, між іншым, у мінулым дэпутат раённага і Вярхоўнага Савета дэпутатаў.

Але яна не засмучаецца, да гэтай пары, у свае 80, круціць на веласіпедзе ў магазін у суседнюю вёску (спыняецца ў Пагор’і і аўталаўка раз на тыдзень, але ў другім баку вёскі). «Я не хаджу туды, еду ў Наліўкі. Бог даў, да нас прыйшла Марынка з Быцені, і хораша ў магазіне, некаторы час не было прадаўца – памерла», – удакладняе жанчына.

Марыя Іосіфаўна ў Пагор’і і зімуе. І ці не страшна ў хаце адной, асабліва па начах? Усё ж і лес блізка, і людзі нядобрыя могуць завітаць, калі ўсіх усякіх узімку пяць бабуль на ўсю вёску… «От нешта не прывыкла я баяцца. У мяне ёсць сабака, а тут яшчэ пакінуў нехта яшчэ аднаго – я кармлю. Гаўкаюць, калі нехта падыходзіць», – гаворыць жанчына і падказвае, да каго нам лепей заехаць, хто карэнны жыхар, хто помніць вайну. І, развітаўшыся з Марыяй Іосіфаўнай і яе сабакамі – Малышом і Мацільдай, – едзем да самай пажылой жыхаркі Пагор’я.

Бо цягне сюды…

У Пагор’і некалькі дамоў выкупілі, хадзілі чуткі, што нават нейкі іншаземец мае тут зямлю… Па тэлефоне пагутарыла з ўладальнікам адразу трох выкупленых участкаў, жыхаром Івацэвічаў Віктарам МАзалеЎСКІМ. Ён набыў тут зямлю і для сябе, і для свайго дзядзькі з далёкага замежжа, які нарадзіўся ў Беларусі. Што падштурхнула да гэтага? Аказалася, прырода. Доўга вандраваў па раёне і шукаў месца, блізкае ці да ракі, ці да лесу, бо ён і рыбак, і паляўнічы. А ў Пагор’і ёсць і тое, і другое – ідэальны варыянт. Доўга займаўся добраўпарадкаваннем першага набытага ўчастка – цяпер ён схаваны ад вачэй за высокім плотам з каляровага металапрофілю, і ў гаспадара ёсць на яго планы. Ад участка да рэчкі – рукой падаць. Віктар Аляксеевіч захапляецца падводнай рыбалкай, і Шчара – выдатнае для гэтага месца. Ловіцца тут і язь, і шчупак, і лешч, і сом… Неяк злавіў сазана вагой у 10-11 кг!

Зацікавіўся Пагор’ем і яго дзядзька, бо таксама хацеў бы мець на радзіме маляўнічы куточак для адпачынку – цягне. Сам яшчэ да сваёй новай зямлі не даехаў, але і сын яго (стрыечны брат Віктара Аляксеевіча), і нявестка ў вёсачцы пабывалі і месца ацанілі.

Шчаслівая старасць, а лёс няпросты

Ганне Васільеўне КАВАЛЬЧУК – 91 год. Карэнная жыхарка Пагор’я – жыла тут за польскім часам, помніць вайну, падчас якой забілі брата, чыніліся расстрэлы і іншыя жахі, толькі ўспаміны ўжо блытаныя, ды і слых крыху падводзіць. Скончыла чатыры класы савецкай школы, што стаяла паміж Вугламі і Пагор’ем, і нават дзецям сваім доўгі час дапамагала рабіць урокі (дзяцей жа нарадзіла трое). Цяпер яе даглядае дачка з Налівак, бывае ў маці ці не штодня, яна – і аўталаўка, і сацработнік, і доктар у адным твары. Чыста і акуратна ў хаце – гаспадыня запрашае паглядзець, які парадак.

Няпросты лёс быў у маёй суразмоўцы: рана страціла маці, цяжка працавала з дзяцінства на чыгунцы разам з сястрой. Потым, здаецца, пашчасціла: у Мінску ўладкавалася на працу домработніцай, дапамагала па гаспадарцы сям’і, якая яе надта цаніла, а таму заробак быў добры – была «моцно багата». Дзяўчына выйшла замуж, здавалася, усё складвалася добра – жыві не хачу. Так прайшло чатыры гады ў сталіцы. Але ў Пагор’і жыў адзін бацька, яму патрэбна была дапамога, ды і на радзіму цягнула. Вярнулася і мужа прывезла. А быў ён не падарунак… Нараджаліся дзеткі. Толькі дапамогі ад другой паловы не было ніякай, працаваць не хацеў і дрэнныя звычкі меў, разыходзіліся-сыходзіліся… Карацей, дабра не было. Падраслі дзеці – трэба ж жаніць ды замуж аддаваць, рабіць вяселлі. То даводзілася шмат працаваць у калгасе, дома, трымаць вялікую гаспадарку. І дзеці гадаваліся ў працы, вялікай працы па сямейнай традыцыі: «Мы з харошай сям’і, – кажа гаспадыня, – працаваць умелі і любілі».

Акуратна ў двары Ганны Васільеўны, трава скошаная нібы брытвай, унук узяўся мяняць плот. Наліваліся сокам яблыкі на яблыньцы ў садзе, праціснуліся праз шчыліны паміж штыкецінамі непаслухмяныя суквецці гартэнзіі і ківалі галовамі ў такт кожнаму слову гаспадыні, якая, хоць і расказвала пра жыццё гаротнае, увесь час усміхалася шчыра і па-дзіцячы, адчуваючы і радасць, і разгубленасць ад нашай да яе ўвагі. Помніць, што многа яе, увагі, было і падчас святкавання яе 90-годдзя. За накрыты стол запрашала яна начальства з Быцені і Івацэвічаў – дарагіх гасцей з гармонню, пад якую, вядома, спявалі.

«Бог даў Вам доўгае жыццё, пэўна, за добрыя справы і памкненні. А ці верыце вы ў Бога, ці адчуваеце сябе шчаслівай?» – такое пытанне я задала на развітанне. І вось які быў адказ: «Не магу назваць сябе надта шчаслівай, бо пахавала сына. Гэта страшна для любой маці – перажыць тых, каго нарадзіла. А ў Бога веру і пакуль магла, хадзіла ў царкву з сяброўкай. Цяпер ужо нядобра, дык не хаджу, але веру, шчыра веру…»

Не ў кожную хату мы завіталі, не з кожным пагаварылі, і было радасна, што трох гадзін для гэтага не хапіла – жыве Пагор’е і яшчэ будзе жыць. Праз луг, дзе пахла мядовымі кветкамі ліпеня, ішлі мы да вады, да Шчары. Ішлі ўпершыню, наўгад і раптоўна выбіліся на сцежку, што прывяла ў жывапісны куточак бацькаўшчыны пагорцаў. Перад вачыма – усе адценні зялёнага, зялёная нават вада пад покрывам раскі. Іржавыя ланцугі трымалі ля берага затоплены на дзве трэці човен, рассыхаўся на беразе яго сябра, магчыма, таксама дзіравы, а мо і не. Якія ланцугі трымаюць нашы сэрцы на радзіме? Чаму хочацца ў глуш, туды, дзе няма асаблівых выгод, жыхарам сталіц і іншых гарадоў, нават далёкіх, замежных; чаму круцяць у магазін на веласіпедах і не спяшаюцца паехаць да дзяцей, пакінуўшы свае хаты, 80-90-гадовыя бабулі; чаму імкнуліся некалі на радзіму нават ад харошага – і не ў пошуках лепшага? Ірацыянальна, невытлумачальна. Але, бадай, гэта адзінае, што трымае на плаву сённяшнія маленькія вёскі – нашы нябачныя ланцугі. Кажуць, калі яны рвуцца – балюча, то няхай патрываюць яшчэ нашы вёскі і вёсачкі, і нябёсы яшчэ доўга будуць пасылаць ім Божую ласку, сонечныя прамені і дажджавую ваду для агародаў руплівых гаспадароў.

З гісторыі паводле кнігі «населеныя пункты Івацэвіччыны»
Пагор’е ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1870 годзе. Гэта было ўладанне графа Патоцкага. Вёска ўваходзіла ў маёнтак Быцень, дзе налічвалася 157 рэвізскіх душ, а сялянскі зямельны надзел складаў 632 дзесяціны. У 1905 годзе ў ім пражывала 256 жыхароў. У 1914-м працавала ў Пагор’і народнае вучылішча, меўся грамадскі свіран, у якім зберагалі збожжа на выпадак пажару ці недароду.

З верасня 1915 года (ішла Першая сусветная вайна) акупіравана Германіяй. Амаль уся вёска падалася ў бежанства ў Расію. Вярнуліся ў пустыя паўразбураныя хаты ў 1920–21 гады: хто раней, хто пазней, наладжвалі гаспадарку. Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад памешчыцкай Польшчы. З 1939 года – у БССР.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны 10 вяскоўцаў загінулі, змагаючыся ў партызанскім атрадзе, шасцёра пагорцаў не вярнуліся з фронту (ад рэд. – на могілках помнік, там пахаваны два невядомыя чырвонаармейцы). У 1947 годзе – 144 гаспадаркі (297 жыхароў – 1952 г.), у 1958 – ужо 87 гаспадарк, 324 жыхары. З 6 студзеня 1965 года вёска ў Івацэвіцкім раёне, з 1972 года – у складзе Быценскага сельсавета. 1979 г. – 205 жыхароў, 2011 – 27, у складзе СВК «Пагор’е».

Па Пагор’і гулялі Вольга ШЭЛЯГОВІЧ і Валерый МІСКЕВІЧ (фота).