9-гадовая Кацярына Гаўрылік з Івацэвічаў прэтэндуе на выхад у фінал конкурсу «Готов к ЭфиRU» на тэлеканале RU.TV.

Свой падарунак пад Новы год наша юная танцорка Кацярына Гаўрылік, удзельніца танцавальнага калектыву «Азарт» Івацэвіцкага ГДК, ужо атрымала – яна прайшла спачатку анлайн-прагляд трэцяга сезона шоу і ў пачатку снежня трапіла на здымкі асноўнага этапу.

Цяпер дзяўчынка чакае ацэнак журы і магчымасці аказацца ў фінале. А як усё пачыналася?

Прыемную заваруху з тэлебачаннем распачала настаўніца па танцах нашай Каці, кіраўнік танцавальнага калектыву «Азарт» Наталля Куратнік. Быў падрыхтаваны прыгожы сольны нумар з незвычайна пластычнай і артыстычнай Кацяй – чаму б і не? Дзяўчынка згадзілася з ходу, і хутка відэа танца атрымалі рэдактары конкурсу «Готов к ЭфиRU».

Гэты творчы праект каторы год шукае лепшых спевакоў, а з гэтага года яшчэ танцораў і мадэлей. У журы – беларускія і замежныя зоркі. У прыватнасці, танцораў ацэньвалі Марына Вежнавец, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, прыма-балерына Вялікага тэатра оперы і балета, Аляксей Кісялёў, вядомы беларускі харэограф, балетмайстар-пастаноўшчык, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, і Макс Карцаў, расійскі харэограф-пастаноўшчык шоу-праграм, фестываляў, тэлепраектаў, у тым ліку «Еўрабачанне» і «EuroFest».

– Літаральна праз пару дзён нас запрасілі на здымкі ў «Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм», – успамінае Наталля Куратнік. – Калі рэдактары сказалі, што на этапе відэапрагляду адсеяліся сотні заявак, то мне стала не па сабе. У наш дзень здымалі яшчэ 18 харэаграфічных нумароў. Каментарыі журы ў адрас выступоўцаў былі дастаткова жорсткія, нам пашчасціла. Яшчэ падчас рэпетыцыі аператары адзначылі наш прыгожы нумар, аформілі пад нас сцэну, выставілі святло. Каця танцавала чатыры разы запар: спачатку былі рэпетыцыі, а пасля агульны і буйны планы.

Каця Гаўрылік адзіная ў сваёй групе выступала з сольным нумарам. То была мара дзяўчынкі, у свае дзевяць яна знайшла сілы вывучыць сур’ёзны танец у стылі лірычнага кантэмпарары з даволі дарослай ідэяй – чалавеку ад нараджэння дадзеныя крылы, і на многае ён здольны, калі займаецца тым, што любіць. Танец нездарма называецца «Калі я танцую – я лётаю», бо Кацярына і сапраўды жыве і лётае ў танцы. У тры гады яна сама села на шпагат, а пасля ёй лёгка даўся мосцік і іншыя трукавыя элементы. Дзяўчынка ходзіць на танцы не толькі ў Івацэвіцкі ГДК, але і ў Дзіцячую школу мастацтваў. І гэтага ёй мала. Вучаніца-выдатніца 4 «А» ДУА «СШ №1 г. Івацэвічы» танцуе нават на перапынках.

– У клас заходжу – кружуся, выходжу таксама з піруэтамі, – усміхаецца Каця. – Дома рухаюся пад сучасную музыку, люблю Алёну Швец, а на сцэне выбіраю лірыку. Вельмі хвалююся ў чаканні адзнак, эфір будзе толькі ў студзені. Журы сказала, што я магу развівацца ў любым танцавальным кірунку, але яшчэ трэба працаваць над пластыкай. А балерына Марына Вежнавец нават запрасіла мяне летам пазаймацца ў лагеры пры яе балетнай школе!

Ад усёй сваёй сям’і дзяўчынка дзякуе кіраўніцтву Івацэвіцкага ГДК за стартавы ўзнос для ўдзелу ў конкурсе. У Каці ёсць яшчэ малодшая сястрычка Яна і брацік Глеб, усе дзеткі творчыя. Ва ўсіх ёсць тыя самыя крылы, якія так прыгожа падчас танца з’яўляюцца за плячыма Кацярыны… Няхай і надалей лётае наша маленькая зорачка і радуе людзей сваёй творчасцю. А нас з вамі ў студзені яшчэ чакае галасаванне на прыз сімпатый гледачоў, мы зможам падтрымаць маленькую зямлячку. Умовы галасавання апублікуем пазней. А пакуль Кацярына Гаўрылік рыхтуецца да наступнага тэле-конкурсу, запрашэнне ўжо атрыманае. Поспехаў табе, Каця!

Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться