«Амаль тры гады таму я набыў участак. Узвёў падмурак, пачаў вырашаць, як падвесці камунікацыі, увогуле, планаваў там жыць у хуткім часе. Аднак матэрыяльнае становішча змянілася, і я спыніў будоўлю. Што будзе з маім участкам і домам, які я не дабудаваў у тэрмін. Што гэта за тэрмін? Чуў, што можна «замарозіць» будоўлю. Як гэта зрабіць?» З такім пытаннем звярнуўся да нас па тэлефоне жыхар райцэнтра.
Гісторыі пра людзей, якія не маюць магчымасці завяршыць пачатае будаўніцтва свайго дома, сёння зусім не рэдкасць. Зразумела, што будоўля патрабуе немалых фінансавых выдаткаў. Аднак бяздзейнасць можа прывесці да таго, што зямельны ўчастак з недабудаваным домам будзе канфіскаваны. Вось што растлумачылі на гэты конт у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.
У нашым грамадстве бытуе ўстойлівы стэрэатып, што пасля атрымання зямельнага ўчастка на будаўніцтва жылога дома гаспадарам дастаткова ўзвесці падмурак, каб быць упэўненымі, што ўчастак твой ужо ніхто не канфіскуе. Але гэта не так: паводле норм Указа № 87 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў і дач», забудоўшчыкі павінны прытрымлівацца пэўнага алгарытму дзеянняў, каб не мець заўваг і прэтэнзій з боку кантралюючых структур.
Увага! Нормы Указа № 87 прадугледжваюць канфіскацыю ўчастка, у тым ліку і тады, калі там ёсць фундамент дома, сцены і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Кіраўніцтва мясцовых выканаўчых камітэтаў сутыкнулася з наступнай праблемай: гарадам няма куды расці, усе землі «захоплены» забудоўшчыкамі! Гэта характэрна і для Івацэвіч. Склалася некалькі супярэчлівая сітуацыя: забудоўшчыкі, якія 3, 8 ці 10 гадоў таму атрымалі ўчасткі, не спяшаюцца завяршаць будаўніцтва, пры гэтым яны ўпэўнены, што з ніякімі праблемамі не сутыкнуцца.
Між тым у Беларусі распрацаваны механізм, маюць месца прэцэдэнты, калі даўгабуды забудоўшчыкаў цераз суды канфіскуюцца, а ўчасткі прадаюцца з аўкцыёну людзям, хто жадае купіць. А такія людзі ёсць і ў нашых Івацэвічах. Вельмі прашу забудоўшчыкаў задумацца на гэты конт.
І яшчэ. Мы звярталі ўвагу, што распрацаваны і дзейнічае алгарытм дзеянняў для забудоўшчыкаў. Вы атрымалі ўчастак? Вам прадстаўлены тэрмін – тры гады – на будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю.
Забудоўшчыку законам дазволена перанесці ўвод у эксплуатацыю на два гады, але толькі адзін раз. Акрамя гэтага, дазваляецца закансерваваць на тры гады незавершанае будаўніцтва. Атрымліваецца, што ў забудоўшчыка і вельмі многа часу – каля васьмі гадоў на тое, каб пабудаваць і ўвесці дом у эксплуатацыю. Але, падкрэслю, гэта толькі ў тым выпадку, калі ў гаспадара ёсць на руках акты кансервацыі і рашэнні аб пераносе тэрміну ўводу жылога дома, зацверджаныя мясцовымі органамі ўлады.
На жаль, многія нашы грамадзяне вельмі расцягнулі тэрміны будаўніцтва, пры гэтым яны забываюць атрымаць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама дазвол на кансервацыю ці на перанос тэрміну ўводу. Паводле норм Указа № 87, у такіх забудоўшчыкаў участак, калі прайшло тры гады з моманту рэгістрацыі ўчастка, належыць канфіскацыі разам з будаўнічымі матэрыяламі і незавершанымі пабудовамі.
І самае галоўнае, мала пабудаваць дом, яго трэба даглядаць, як і двор, і тэрыторыю каля ўчастка. Напрыклад, касіць траву як на сваім участку, так і за агароджай да дарогі. У добрага гаспадара паўсюль павінен быць парадак!
Па ўсіх пытаннях можна звярнуцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама (каб. 206). Тэлефон для даведак 9-10-78.
Аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.