Зямля аддзячыць

Сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – свята тых, хто працуе на зямлі, даглядае жывёлу, перапрацоўвае збожжа і малако. Такіх людзей у нашым раёне некалькі тысяч.
Пра многіх перадавікоў сельскагаспадарчай нівы пісала раёнка, а сёння ў полі зроку вытворчыя поспехі аграрыяў ААТ «Мічурынск». Нагадаем, што ў 2020 годзе па выніках раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый ААТ «Мічурынск» заняло другое месца па нарыхтоўцы кармоў, а за 2021 год выйшла пераможцам у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па раслінаводстве.
Аб тым, як наладжана работа ў гэтым кірунку, расказала галоўны аграном гаспадаркі Вольга Ткач, якая пасля заканчэння Пружанскага каледжа маладым спецыялістам прыехала на адпрацоўку ў гэтую гаспадарку ў 2009 годзе і пусціла тут карані. Больш таго, пасля яе замужжа сюды з Пружаншчыны пераехалі і бацькі. Маці – пенсіянерка, у мінулым даярка, выручае дачушку – шматдзетную матулю – у складаныя жыццёвыя моманты, а бацька працуе ў гаспадарцы механізатарам і дадае свой унёсак у агульны рэзультат дзейнасці гаспадаркі. Сама Вольга Анатольеўна аграномам не марыла стаць. За кампанію з дзвюма сяброўкамі паехала вучыцца ў бліжэйшую навучальную ўстанову, і з іх трох толькі яна працуе па спецыяльнасці. Работа ёй падабаецца, і яна даражыць сваім першым працоўным месцам. За гэты час яна тры разы пабывала ў дэкрэтным водпуску, нарадзіўшы трох дачок, але кожны раз выходзіла на работу раней вызначанага тэрміну і працавала на паўстаўкі то вагаўшчыком, то памочнікам у сталовай, а яшчэ завочна вучылася ў Гродзенскім аграрным універсітэце.
Працавала яна і брыгадзірам, а хутка будзе год, як Вольга Ткач стала галоўным аграномам гаспадаркі. І хоць вопыту па спецыяльнасці ў маладой жанчыны небагата, за гэты час навучылася многаму іншаму і не менш важнаму ў рабоце: і зносінам з работнікамі, і планаванню, і тэрміноваму прыняццю рашэнняў у складаных сітуацыях, і перапланаванню, і ўменню арганізаваць рабочы дзень прадуктыўна на рабоце і ў сям’і, а самае галоўнае – адчуваць зямлю, яе патрэбы і не пераставаць здзіўляцца мудрасці прыроды. Сёлетнія вынікі сельскагаспадарчага года яе натхняюць.
Дырэктар ААТ «Мічурынск» – Дзмітрый Бурчук. У калектыве працуе 148 чалавек. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца развіццё жывёлагадоўлі, павышэнне эфектыўнасці меліяраваных зямель, развіццё раслінаводства – зерневых і зернебабовых культур.
– Азімых зерневых у нас 920 гектараў, яравых – 420, рапсу – 320 гектараў. Сёлетнія паказчыкі радуюць: намалацілі 4 488,9 тоны збожжа, кожны гектар хлебнай нівы даў 33,5 цэнтнера. Рапсу яравога сабралі 429 тон, ураджайнасць – 39 цэнтнераў з гектара, азімага – 753 тоны, ураджайнасць – 35,8 цэнтнера з гектара. Гэта даволі харошыя паказчыкі, – кажа Вольга Анатольеўна. – У структуры пасеваў – зернебабовыя, гарох – словам, усё, што трэба для кармоў у жывёлагадоўлі.
Парадавалі ўраджаем пшаніца, жыта, трыцікале, ячмень, кукуруза, авёс… Выканалі ў тэрмін дзяржзаказ. Многа кукурузы сеем. 750 гектараў на зерне і на насенне. Упершыню сёлета сеялі грэчку, 50 гектараў. На дадзены момант завяршаем узняцце зябліва, надвор’е, дзякаваць, дазваляе. Перааралі 1 000 гектараў, унеслі на палі чатыры тысячы тон арганікі.
У сельскай гаспадарцы, як вядома, не бывае ўсё гладка, заўсёды ёсць рызыкоўныя моманты. Вось і сёлета тое, што было мала дажджоў, пайшло на карысць частцы тых палёў ААТ«Мічурынск», якія знаходзяцца ў нізінных месцах. На іх пастаянна вільготна, і бывалі гады, што падчас уборкі сюды тэхніка не магла дайсці, а сёлета ўборка прайшла ў гэтых мясцінах на адным дыханні. Але з другога боку, малая колькасць дажджоў дрэнна паўплывала на пасяўную азімага рапсу. Давялося прыкласці шмат сіл і сродкаў, каб ратаваць пасевы дадатковымі падкормкамі і апрацоўкамі. «Спадзяёмся, што атрымаем ураджай, не хацелася б, каб намаганні былі дарэмныя», – перажывае галоўны аграном.
Рабочы дзень яе ў гарачую пару нарыхтоўкі кармоў ці ўборкі пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Для жанчыны, у якой тры дачкі, гэта няпроста. Вольгу Анатольеўну выручае зацікаўленасць у прафесіі. Яна спрытна ўвіхаецца і на рабоце, і дома.
– Што і хто дапамагае ў рабоце? – цікаўлюся.
– Кіраўніцтва гаспадаркі падтрымлівае, галоўны аграном раёна Аксана Лашкевіч, колькі разоў я звярталася, заўсёды дапамагала парадай, па магчымасці прыязджала, падказвала, накіроўвала. Іншы раз прыслухоўвалася да майго меркавання, падтрымлівала, калі я мела рацыю, а калі і наадварот, я яе парады брала на ўзбраенне. У Бярозаўскім раёне працуе мой аднакурснік, з ім раюся. Кансультуюць спецыялісты аграфірм па пытаннях тэхналогіі вырошчвання культур. Іншыя спецыялісты гаспадаркі і ўпраўлення райсельгасхарчу заўсёды гатовы даць слушную параду, калі ёсць у мяне пытанні. Праца на зямлі цяжкая, трэба ўмець рабіць усё хутка, добра і своечасова. Ёсць у мяне памочнік – аграхімік Іван Манько, ён малады спецыяліст, але разам лягчэй.
– Вышэйшая адукацыя дае плён?
– Адукацыя – гэта ступенька. Ты яе асіліла, значыць, атрымала допуск, каб складаныя задачы вырашаць. Аснову атрымала ў каледжы, ва ўніверсітэце яе замацавала, а зараз ёсць яшчэ ўсялякія курсы павышэння кваліфікацыі. Сельская гаспадарка развіваецца, і некаторыя дадзеныя, што я ведала ў каледжы, трохі састарэлі, трэба прыстасоўвацца да новага. Улічваючы, што мяняецца клімат, надвор’е, трэба своечасова вывучаць інфармацыю, ведаць пра дасягненні вучоных.
– А як быць, калі ў сераду, казалі сіноптыкі, будзе снег, а на самой справе цёпла?
– Нас яшчэ ў каледжы папярэджвалі: дакладны прагноз надвор’я сіноптыкі могуць даць толькі на суткі. На надвор’е ўсё ўплывае…
– Значыць, павінна быць сваё адчуванне?
– Прывяду прыклад. Сёлета была пясчаная бура. Вопытныя спецыялісты з раёна прыехалі на поле і далі заключэнне, што пашкоджаны пасевы рапсу. Дырэктар Дзмітрый Мікалаевіч і я захваляваліся, выходзіць, трэба пераворваць палі. Прайшоў дзень, прыязджаем на поле – карціна не такая страшная, прайшоў другі, зноў усё памянялася – узышло тое насенне, якому напачатку вільгаці не хапіла, тыя расліны, што не вельмі былі пашкоджаны, адышлі, а тое, што загінула, яго стала не бачна. Відно толькі тое, што жыве. Вядома, хтосьці панікуе адразу і лічыць затраты, а мы проста назіралі… Прырода сама, як і ўсе істоты, прыстасоўвацца да абставінаў. Галоўнае – не нашкодзіць. Вось і мы, хаця адразу былі ў шоку, пачакалі і вырасцілі цудоўны ўраджай.
Падчас уборкі працавалі ўсе дружна. Механізатары ў асноўным вопытныя, справу сваю ведаюць. Мы пабывалі на полі, дзе шчыравалі вадзіцелі і механізатары на ўнясенні арганікі. Работа ішла зладжана, а ў размове Уладзімір Шаўчук, Міхаіл Канановіч, Мікалай Бурчук, Уладзімір Хаміцэвіч, Аляксандр Куратнік, Анатоль Аўрусевіч дружна адзначылі, што да працы яны прывычныя. У гарачую сезонную пару яны ў полі да позняга вечара, і жонкі з жартам называюць іх кватарантамі, але ж і ў гаспадарцы праяўляюць аб работніках клопат, кормяць механізатараў добра і смачна амаль круглы год.
На мехдвары мы пазнаёміліся з яшчэ адным выдатным механізатарам, які рыхтаваў свой прэс-падборшчык на зімняе захаванне. Гэта Васіль Янковіч. Родам ён з Коланска, а ў гаспадарцы працуе амаль 30 гадоў. Сёлета Васіль Васільевіч узнагароджаны за плённую працу граматай райвыканкама.
Адметна, што пасля школы ААТ «Мічурынск» – гэта першае і адзінае месца работы. Васіль Васільевіч правы механізатара атрымаў яшчэ ў школьныя гады ў вучэбна-вытворчым камбінаце, а пазней адкрыў іншыя катэгорыі ў Івацэвіцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Механізатар працуе на розных відах тэхнікі і заняты ў асноўным на ўнясенні ўгнаенняў і нарыхтоўцы кармоў. Яго бацька таксама працаваў механізатарам, а з чатырох братоў ён са старэйшым братам Мікалаем прадоўжылі бацькаву навуку – механізатары ў роднай гаспадарцы. Жонка Васіля Васільевіча працуе таксама ў гэтай жа гаспадарцы цялятніцай. Сям’я ад гаспадаркі атрымала ў свой час дом, у якім яны выгадавалі траіх дзяцей, усе дочкі.
Кіраўніцтва гаспадаркі адзначыла працавітасць абодвух братоў механізатараў Янковічаў. Працуюць, як кажуць, ад зары да зары, тэхніку даглядаюць, прастояў няма, дысцыплінаваныя. І сам Васіль Янковіч лічыць, што ў рабоце дробязяў няма, усё важна, было б здароўе, бо і дома трэба шчыраваць па гаспадарцы.
Добра папрацавала сёлета і перапрацоўчае звяно, іншыя механізатары і вадзіцелі, паляводы.
Большасць сельскагаспадарчых работ ужо завершана, земляробы працуюць на ўраджай будучага года. Ёсць у гаспадарцы тэндэнцыя павелічэння і іншых вытворчых паказчыкаў. ААТ «Мічурынск» нямала сродкаў укладвае ў развіццё жывёлагадоўлі.
Усе вытворчыя поспехі залежаць ад людзей, хочацца пажадаць усім працаўнікам сельгасарганізацый моцнага здароўя і поспехаў. Няхай праца заўсёды прыносіць задавальненне, асалоду і матэрыяльны дабрабыт.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.