x
Close
Главная новость Новости Общество РИК

«Зямля – аснова асноў», – так лічыць начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Іван Туміловіч

«Зямля – аснова асноў», – так лічыць начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Іван Туміловіч
  • Опубликовано:21 февраля, 2024

У аддзеле землеўпарадкавання райвыканкама працуюць восем чалавек: начальнік аддзела, яго намеснік і шэсць галоўных спецыялістаў. З 2019 года аддзел узначальвае Іван Туміловіч. За пяць гадоў Іван Грыгор’евіч дасканала ведае ўсе напрамкі работы землеўпарадкавальнай службы і лічыць сваю прафесію цікавай. 21 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картаграфічнай службы, і напярэдадні свята мы сустрэліся з Іванам Туміловічам прама на аб’екце, дзе зараз ідзе культуртэхнічная меліярацыя зямель.

– Іван Грыгор’евіч, у чым заключаецца работа землеўпарадкавальнай службы?

– Асноўныя функцыі структурных падраздзяленняў землеўпарадкавальнай службы мясцовых выканаўчых камітэтаў вызначаюцца і прапісаны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Усе землі ў межах нашага раёна – гэта прастора дзейнасці спецыялістаў службы. Яны займаюцца ўлікам зямель, кантролем за іх карыстаннем, а таксама пераразмеркаваннем. На кожнага спецыяліста аддзела выпадае недзе два сельскія саветы, у кожным пад 10 населеных пунктаў, плюс землі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, ляснога фонду і землі запасу.

– Як ажыццяўляецца кантроль і колькі было праведзена праверак захавання зямельнага заканадаўства вашым аддзелам у 2023 годзе?

– Спецыялісты аддзела ў 2023 годзе правялі 68 праверак захавання зямельнага заканадаўства, па выніках якіх выдадзена 22 прадпісанні аб устараненні выяўленых парушэнняў, афармляліся і адміністрацыйныя справы, даваліся штрафы. Нядбайныя гаспадары, безумоўна, прыцягваюцца да адказнасці. Але гэта не самамэта, галоўнае, каб жыхары Івацэвіцкага раёна і юрыдычныя асобы рацыянальна і эфектыўна карысталіся нашым агульным багаццем – зямельнымі рэсурсамі.

– Як абстаяць справы з зямельнымі ўчасткамі на будаўніцтва ў межах нашага райцэнтра?

– Пытанне з дэфіцытам зямельных участкаў вырашана на бліжэйшую перспектыву. У параўнанні з іншымі раёнамі ў нас усё добра. На сённяшні дзень на чарзе ў нас стаяць сем чалавек, якія не падалі заяву на зямельны ўчастак, а свабодных зямельных участкаў 68 (гэта ў квартале жылой забудовы «Міхнавіцкі»). Там зараз вядзецца будаўніцтва інжынерных камунікацый, і паралельна мы прадстаўляем матэрыялы на афармленне зямельных участкаў грамадзянам. Таксама ёсць па 10 участкаў у Стайках і на Волі, якія таксама можна атрымаць па льгоце. На чаргу (у межах горада Івацэвічы) могуць стаць толькі тыя, хто састаіць на ўліку і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Астатнія, хто захоча мець участак, можа набыць яго за межамі Івацэвіч, альбо з аўкцыёна, альбо купіць у трэціх асоб.

– «Кожны кавалак такой зямлі павінен быць выкарыстаны на карысць краіны». Такое было патрабаванне Прэзідэнта Беларусі пасля семінара-нарады па тэме меліярацыі ў лістападзе 2022 года. Што ўдалося зрабіць за 2023 год?

– У выніку правядзення культуртэхнічных мерапрыемстваў на меліяраваных землях у 2023 годзе 95 га зямель на тэрыторыі раёна, у тым ліку 25 га зямель, раней занятых драўняна-хмызняковай расліннасцю, пераведзены ў больш прадукцыйныя сельскагаспадарчыя землі: лугавыя палепшаныя або ворныя землі. У красавіку гэтага года Івацэвіцкае ПМС завершыць работы на аб’екце, дзе мы з вамі зараз знаходзімся. Гэта землі плошчай 203 га двух нашых ААТ: «Новыя Стайкі» і «Івацэвічыагратэхсэрвіс». Мы, са свайго боку, ажыццяўляем кантроль за якасцю выканання работ згодна з праектнай дакументацыяй, а пасля за эфектыўным выкарыстаннем зямель сельгаспрадпрыемствамі сочым.

– Ці часта людзі звяртаюцца з пытаннем выдзялення ўчастка для заняткаў агародніцтвам?

– Хочацца, каб жыхары нашага раёна больш актыўна звярталіся ў наш аддзел за выдзяленнем участкаў для заняткаў агародніцтвам. З задавальненнем ідзём насустрач такім кліентам: землі павінны радаваць прыгажосцю і ўраджаямі. У нашых садовых таварыствах больш за 200 свабодных участкаў, таму, калі летам адпачынак хочацца праводзіць на свежым паветры, калі ласка да нас. Берагчы і захоўваць зямлю для наступных пакаленняў – абавязак кожнага. Як кажуць, не чакай ад прыроды міласці, сам садок пасадзі, сам і вырасці. А напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам і ветэранам службы моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, ладу і дабрабыту ў вашых сем’ях і, канешне, міру на нашай зямлі! Бо зямля – гэта аснова асноў і святое паняцце для ўсіх нас!

Марыя Сазонава, фота аўтара.