Паважаныя жыхары Івацэвіцкага раёна, землякі!

Сёння ўся наша краіна адзначае Дзень народнага адзінства – дзяржаўнае свята пераемнасці пакаленняў – запавет берагчы суверэнітэт, нацыянальнае адзінства і мір на роднай зямлі.
Гэты дзень вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 года, калі быў пакладзены пачатак уз’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі, магчымасці развівацца ў межах адной рэспублікі.
Таму 17 верасня па праву называюць пунктам адліку новай гісторыі адзінага беларускага народа.
Што значыць гэты дзень для нас? Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і засцерагае ад памылак. Уся наша гісторыя здабыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала старажытную мудрасць: сіла ў адзінстве.
На палях бітваў, у партызанскіх атрадах і падполлі жыхары Заходняй і Усходняй Беларусі адстойвалі сваю радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У той страшнай і жорсткай вайне мацнела і гартавалася народнае адзінства.
Прайшоўшы праз боль ваеннага ліхалецця, знясільваючую працу па аднаўленні народнай гаспадаркі, разруху 90-х, агрэсію, развязаную сёння супраць дзяржавы, мы захавалі тое, што жыве ў сэрцы, што ніколі нельга аддаць і чым нельга паступіцца, – гэта наша краіна – наша Беларусь.
І мы павінны дакладна ўсведамляць, што свет занадта крохкі і раптоўна можна страціць усё. А захаваць і прымножыць дасягнутае мы зможам, толькі калі будзем у адзінстве. Як былі ў адзінстве нашы продкі, нашы бацькі і дзяды, якія абаранялі ў цяжкія часы сваю зямлю ад ворага і даказалі: адзінства – гэта магутная і непераадольная сіла.
Сённяшняя знамянальная дата заклікана аб’яднаць усе пакаленні беларусаў. Дык няхай 17 верасня стане для кожнага з нас асаблівым днём усведамлення асабістага дачынення да ўмацавання адзінства беларускага народа. Бо толькі сумеснымі намаганнямі і з’яднаўшыся мы зберажом мір і дабрабыт на нашай зямлі.
Шчыра віншуем ўсіх са святам! Моцнага вам здароўя, нязменна мірнага неба над галавой і поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях на карысць нашай Радзімы!
З Днём народнага адзінства!

Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт. Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў.

Поделиться