Старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік лічыць, што патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення будуецца на такім падмурку – дарослыя павінны быць самі прыкладам дзецям ва ўсім.

Пры ўваходзе ў Целяханскі сельвыканкам кожнага сустракае галерэя партрэтаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Фатаграфій тых, хто пайшоў з жыцця, на абодвух стэндах – 111. Такі ж стэнд ёсць у Гортальскім СДК. Ідэя яго ўстанавіць была калектыўная, яшчэ калі сельсавет месціўся ў старым будынку. А калі пераехалі ў новае памяшканне, то вырашылі партрэты ветэранаў абнавіць. На заводзе сталярных вырабаў дапамаглі зрабіць рамачкі, у лясгасе і Цэнтры дзіцячай творчасці дапамаглі фатаграфіі заламініраваць.

– На жаль, тых, хто пайшоў з жыцця, за гэты час стала больш, застаўся толькі адзін ветэран – Зіновій Мікалаевіч Каланчук. Да пандэміі кожны год 9 Мая мы партрэты даставалі са стэнда, і дзеці з імі ішлі на мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, – расказвае старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік. – У апошнія гады «Бессмяротны полк» зроблены ў анлайн-фармаце Целяханскім ЦКіВЧ, і ў Дзень Перамогі такім чынам мы аддаём даніну памяці тым, хто заваёўваў нам мірнае неба. А сёлета плануем пасадзіць на ўездзе ў Целяханы 30 блакітных елачак у памяць аб ветэранах, што пайшлі з жыцця.

У гонар загінуўшых на франтах у Целяханах насыпаны Курган Славы. Тры гады таму на ім была ўстаноўлена пліта са спісам прозвішчаў тых, хто склаў сваю галаву на полі бою. Па традыцыі дарослыя і дзеці, нават выхаванцы дзіцячых садкоў ускладаюць жывыя кветкі, ушаноўваючы памяць аб героях вайны. Сёлета да Дня Перамогі плануецца абнавіць прыступкі Кургана.

Супрацоўніцтва Целяханскага сельвыканкама са школамі, якія ёсць на тэрыторыі сельсавета, вельмі цеснае.

– Хаця ў нас помнікі загінуўшым замацаваны за працоўнымі калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў, мы прыцягваем дзяцей, падлеткаў, каб яны дапамагалі нам у навядзенні парадку каля гэтых помнікаў, – тлумачыць Аксана Іванаўна. – Гэта і выхаваўчая задача. Мы падыходзім да яе вельмі сур’ёзна, і калі наводзім парадак каля помніка, то не проста моўчкі працуем, а расказваем дзецям: каму помнік, якія падзеі адбыліся на гэтым месцы, калі помнік устаноўлены… І калі дзеці чуюць шчымлівыя гісторыі пра спаленыя вёскі Вяда, Тупічыцы, Красніца, Бабровічы, пра зверскі спаленую сям’ю Жываловічаў, пра магілу зажыва закапаных дзяцей Рак, пра гісторыю помніка Курган Славы і іншыя, яны разумеюць, у імя чаго мы захоўваем памяць, на вачах становяцца больш сур’ёзнымі, адказнымі і, упэўнена, потым раскажуць пра жудасныя наступствы вайны і сваім дзецям.

Дзякуючы такому супрацоўніцтву дзеці ведаюць гісторыю помнікаў на Целяханшчыне. І не толькі ведаюць, а і актыўна клапоцяцца пра парадак на іх. Старшыня Целяханскага сельвыканкама адзначала работу валанцёраў пад кіраўніцтвам Марыі Іванаўны Гаўрусік, якія прыцягваюць да правядзення патрыятычных акцый новых падлеткаў. Гортальскія школьнікі наводзяць парадак і каля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне аднасяльчанам, што ў цэнтры вёскі, і на вясковых могілках каля абеліска ў памяць расстралянага партактыву. Старшыня сельвыканкама расказала, як на яўрэйскія могілкі прывялі дзяцей. Расказалі ім, што гэта за пахаванне, і яны цяпер змалку разумеюць, што гэта святое месца, што тут не трэба есці марожанае, смеціць, хаця там магіл няма, а проста сквер. Адносіны да гэтага месца сталі паважлівымі, як да святыні, дзеці нават заўвагі дарослым робяць. Усё выхаванне павінна ісці ад дарослых. Ад таго, як дзецям раскажаш, як яны зразумеюць тое, што ім ты раскажаш, залежыць будучыня, лічыць старшыня.

– Харошая патрыятычная акцыя праводзілася пазалетась, калі мы разам збіралі лыжачкамі ў мяшэчкі зямлю з помнікаў у капсулу «Памяць», – дадае Аксана Мялік. – Я не стараюся, каб мне дапамагалі дарослыя, важней прыцягнуць моладзь. Вось і сустрэчы напярэдадні рэферэндуму важныя не толькі для дарослых, якія валодаюць выбарчым правам, а трэба ведаць аб гэтай падзеі і старшакласнікам, якія праз год-два таксама будуць галасаваць, каб яны разумелі, што на выбары ісці – гэта іх грамадзянскі абавязак, і разумелі, навошта гэта робіцца.

Работа з моладдзю наладжана на належным узроўні. Прывяду яшчэ адзін прыклад. Дзень народнага адзінства адзначаецца 17 верасня, і будынак Целяханскага сельсавета знаходзіцца па вуліцы 17 верасня. Летась тут вырашылі, што менавіта ў гэты дзень высадзяць разам са школьнікамі алею, якая будзе называцца «Адзінства». 17 дэкаратыўных дрэўцаў пад назвай «катальпа» пасадзілі паміж тратуарам і праезнай часткай, яны растуць невялікімі. Аксана Іванаўна сказала дзецям: «Запомніце, хто пасадзіў якое дрэўца, каб потым, калі станеце дарослымі і будзеце прыязджаць дадому, ведалі і бачылі, як расце ваша катальпа».

Сэнс правядзення суботнікаў і ў тым, каб прывіць любоў да сваёй зямлі.

Так, мы з дзецьмі не зможам пабудаваць дарогу ці будынак, але штосьці маленькае зрабіць: дрэва пасадзіць ці цікавую кампазіцыю зрабіць – гэта ў нашых сілах. Дарослыя самі павінны быць прыкладам, тады і край наш будзе красаваць, і дзеці вырастуць патрыётамі.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });