Прэзідэнт Беларусі падпісаў рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю.

Урачыстая цырымонія прайшла 4 сакавіка ў Палацы Незалежнасці і сабрала больш за тысячу чалавек. Сярод іх – найвышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці.

Аляксандр Лукашэнка назваў рэспубліканскі рэферэндум новай старонкай у гісторыі суверэннай Беларусі.

– Абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі. А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая вяха развіцця суверэннай Беларусі. І вельмі сімвалічна, што абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы, дэмакратычна і ў адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць, – сказаў Прэзідэнт.

У новай Канстытуцыі адлюстраваны асноўныя жаданні і спадзяванні нашага народа. Гісторыя вымяраецца перыядамі. І беларусы своечасова ўбачылі свой момант. Момант паслядоўнага пераходу на новы ўзровень развіцця грамадства і палітычнай сістэмы.

– Маштабным і рэзанансным атрымалася ўсенароднае абмеркаванне паправак у Канстытуцыю. Беларусы былі актыўныя. Словам, абыякавых не было! – заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

– У агульнай колькасці ў распрацоўцы і абмеркаванні ўдзельнічала больш за мільён беларусаў. Па выніках мы атрымалі каля 10 тысяч водгукаў ад насельніцтва. Паступіла шмат рацыянальных прапаноў, частку з іх мы адлюстравалі ў абноўленых артыкулах Канстытуцыі. Ініцыятывы, якія не маюць характару канстытуцыйных правак, будуць улічаныя пры ўдасканаленні іншых законаў, якія мы прымем у развіццё Канстытуцыі.

Без перабольшання новая рэдакцыя – гэта народны дакумент. Разам беларусы ўзмацнілі найважнейшыя ідэі, прынцыпы, мэты далейшага развіцця краіны. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў лічыць Канстытуцыю, якую пісалі ўсім народам, ідэалогіяй беларускага грамадства.

– Прытрымліваючыся нацыянальных інтарэсаў, мы надалі імпульс новым перспектыўным кірункам. Сярод іх – развіццё атамнай энергетыкі ў мірных мэтах, укараненне інавацый, ахова персанальных даных. Ва ўмовах пандэміі гарантавалі грамадзянам права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне, спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Прызналі нормай адказны клопат грамадзян аб захаванні свайго здароўя. Народ можа не хвалявацца, ахова здароўя, культура, спорт будуць як і раней даступныя ўсім, – заявіў Прэзідэнт.

«Надыходзіць перыяд самай складанай творчай працы»

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што згодна з новай Канстытуцыяй Беларусь як была, так і застанецца рэспублікай з моцнай дзяржаўнай уладай. У Прэзідэнта будзе дастаткова магчымасцяў для рэалізацыі паўнамоцтваў палітычнага лідара краіны.

Аднак іншыя інстытуты ўлады павінны больш смела і самастойна выконваць свае функцыі. Так, урад павінен забяспечваць развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы, навукі, культуры, адукацыі, рэгуляваць знешнегандлёвую дзейнасць. Выканкамам належыць актыўна працаваць з людзьмі на месцах, задзейнічаць на сваім узроўні ўсе магчымыя рэсурсы для вырашэння праблем, якія хвалююць насельніцтва. Парламенту час выходзіць на прынцыпова іншы ўзровень работы, ствараць законы новага пакалення, якія будуць з’яўляцца ключавым прававым інструментам. Законы, якія павінны ісці ад жыцця і быць зразумелымі грамадзянам, а не толькі спецыялістам. Усё гэта дыктуе новыя патрабаванні да Нацыянальнага сходу.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў новай Канстытуцыі адмовіліся ад дэкрэтаў, якія прымаў Прэзідэнт. Вызначылі, што ўказы і распараджэнні не павінны супярэчыць законам. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу Прэзідэнт назваў актам гістарычнай справядлівасці. Ён нагадаў, што спрадвеку на беларускай зямлі народнае веча было ў авангардзе прыняцця найважнейшых дзяржаўных рашэнняў. У наш час ужо больш за чвэрць стагоддзя сход зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, удзельнічае ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў у жыцці краіны. Канстытуцыя юрыдычна ўзаконіла найстаражытную традыцыю нашай славянскай дэмакратыі.

– УНС надзяляецца шырокім аб’ёмам рэальных уладных паўнамоцтваў – ад зацвярджэння ваеннай дактрыны да прыняцця рашэння аб легітымнасці выбараў. Як вышэйшы орган народаўладдзя яно будзе мець права аб’явіць імпічмент Прэзідэнту. Па сутнасці, на разгляд сходу можа быць вынесена любое значнае для дзяржавы пытанне.

Прэзідэнт падзякаваў усім, хто праявіў грамадзянскую пазіцыю. Усім, хто ўносіў прапановы, хто збіраў і апрацоўваў гэты масіў ідэй, якія ішлі ад народа, хто арганізоўваў дыялогавыя пляцоўкі. Ён падкрэсліў, што выдатна спрацавалі парламентарыі, СМІ, прафсаюзы, эксперты, якія граматна і даходліва растлумачвалі людзям нюансы прапанаваных змен.

«Мы павінны абараніць сваю краіну і сваю дзяржаву»

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе зацікаўлены ў паспяховым развіцці нашай роднай Беларусі, ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі.

– І як бы ні спрабавалі пэўныя сілы ўцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для непакою, – адзначыў Прэзідэнт.

Беларускі лідар растлумачыў, што сёння, калі краіна знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным ударам санкцый, правакацый, маніпулявання, як ніколі патрэбны разуменне, давер і падтрымка народа. Ён нагадаў вядомую формулу:

– Кожны павінен займацца сваёй справай, займайцеся сваёй справай. Прэзідэнт свае паўнамоцтвы рэалізоўвае. А вы на сваім працоўным месцы рэалізуйце свае паўнамоцтвы. Мы павінны абараніць сваю краіну і сваю дзяржаву. І гэта будзе нашым укладам у бяспеку нашага кантынента, а можа і планеты ўвогуле.

Па яго словах, канфлікт ва Украіне сёння пачаўся, заўтра скончыцца. А тая гібрыдная вайна, якая разгорнута супраць Беларусі, асабліва ў санкцыях – гэта надоўга. Ён заўважыў, што беларускім ваенным, звязанымі з імі
людзьмі, усяму народу сёння не вельмі проста ў гэтай эканамічнай сітуацыі супрацьстаяць па ўсяму перыметру мяжы.

– І сёння, калі мы пра гэта гаворым, нашы хлопцы намёртва закрылі мяжу і стаяць там ва ўзмоцненым страі. Нашыя дзеці абараняюць гэтую зямлю. Мы разумеем, як нам жыць і працаваць. Біцца, змагацца і паміраць мы будзем на нашай зямлі. Калі давядзецца, не дай Бог, – заявіў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, не мае значэння – займаем мы высокую пасаду або вырошчваем хлеб, пішам карціны або робім навуковыя адкрыцці, сучасны свет прымушае кожнага больш актыўна ўключацца ў палітычнае жыццё краіны і думаць па-дзяржаўнаму.

– Сёння, калі хочаце, гэта адзіна правільны шлях да захавання свайго суверэннага права жыць і развівацца як нацыя на сваёй гістарычнай зямлі. Дадзенае права заклікана аберагаць прынятая намі новая Канстытуцыя Беларусі, – сказаў Прэзідэнт. 

Па матэрыялах БелТА.

Поделиться
webvisor:true });