У нас ужо ёсць два другіх месцы ў конкурсе і акцыі, што праходзілі ў рамках маштабнага Дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі».

Так што за прафілактычны праект рэалізуецца ў нашым горадзе? Ён стартаваў у краіне яшчэ ў 2012 годзе ў тэставым рэжыме. Не так шмат было гарадоў-удзельнікаў і не такой маштабнай тады была праграма. Праект працуе па пяцігодках, і калі ў 2016-2020 гадах у краіне рэалізоўваліся 53 праекты, то ўжо ў бягучым годзе такіх «здаровых гарадоў і пасёлкаў» стала 132 (20 з іх – на Брэстчыне).


У бягучай пяцігодцы з 2020 па 2024 гады ў праект даволі ўдала «ўварваўся» і наш раён. Праект ставіць перад сабой асноўныя задачы па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў і фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва. Сфарміраваць у населеных пунктах краін здароўезберагальнае асяроддзе – такая звышзадача ў праекта. А сюды ўваходзіць і здаровае гарадское (пасялковае) планаванне з безбар’ерным асяроддзем і дадатковым азеляненнем, і забеспячэнне здаровым харчаваннем насельніцтва, і паляпшэнне ўмоў працы, скарачэнне ўжывання тытуню, падтрымка інстытута сям’і…

Ахапіць усё і адразу складана, таму кожны год у рамках праекта аб’яўляюцца конкурсы і акцыі з больш вузкімі задачамі, і гэта шанц для кожнага населенага пункта праявіць сябе. У 2021 годзе мы прынялі ўдзел у конкурсе «Здаровы горад (пасёлак) Брэстчыны без тытуню» і ў акцыі «Зарадка для ўсіх», па выніках абодвух спаборніцтваў у нас – срэбра.


– Гэты конкурс даў новы подых той рабоце, якую мы ў сваёй большасці праводзілі і раней, – адзначае галоўны ўрач Івацэвіцкага раённага ЦГіЭ Аляксандр Ковыш. – Разам з інструктарам-валеолагам Ірынай Ярутай, яна курыруе праект, мы правялі шэраг цікавых даследаванняў па якасці харчавання, апытанне, што тычылася рэжыму харчавання, вывучылі стан і працягласць веладарожак у горадзе, арганізавалі шэраг мерапрыемстваў з адной толькі мэтай – дапамагчы фарміраванню здаровага ладу жыцця ў нашага насельніцтва. У мінулым годзе па вул. Чарткова ў горадзе з’явіўся вялікі білборд з надпісам «Івацэвічы – здаровы горад». Гэта трэба было для таго, каб гараджане ведалі, што мы далучыліся да такога праекта і актыўна прымаем ў ім удзел. Дарэчы, у наступным годзе да кагорты «здаровых гарадоў» далучыцца і наша Косава.


Так, конкурс «Здаровы горад (пасёлак) Брэстчыны без тытуню» яшчэ раз нагадаў усім нам аб важнасці прафілактычных мер. У мінулым годзе супрацоўнікі Івацэвіцкага раённага ЦГіЭ разам з супрацоўнікамі Івацэвіцкага РАУС і ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» правялі 12 сумесных рэйдаў па выяўленні парушальнікаў антытытунёвага заканадаўства. Прафілактычная бяседа адбылася з 10 курыльшчыкамі. Так, яшчэ не ўсе гора-курыльшчыкі ведаюць, што ў нашым райцэнтры ёсць дзве зоны, свабодныя ад курэння – гэта сквер па вул. Савецкай і дзіцячая пляцоўка па вул. Дэпутацкай. Яшчэ супрацоўнікі Івацэвіцкага раённага ЦГіЭ паспрыялі таму, каб прафілактычная інфармацыя аб курэнні з’явілася на нашых жыроўках, так прафілактыка «патрапіла» ў кожны дом…


У нашай райбальніцы, як і ва многіх буйных арганізацыях, ёсць камісія па кантролі за выкананнем забароны курэння.


– Камісія працуе рэгулярна, – дадае інструктар-валеолаг УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Кацярына Другакова. – Мы бяседуем з парушальнікамі, нагадваем татам і матулям пра пасіўнае курэнне, якому яны часта падвяргаюць сваіх дзяцей. На тэрыторыі райбальніцы ёсць зоны, свабодныя ад курэння, арганізаваны тры месцы для курэння, зараз мы акурат абнаўляем шыльды з указальнікамі. Нашы медыкі праводзілі нядаўна апытанне дарослых людзей, і па ім 68,9 % не кураць і «не параць» электронныя цыгарэты. Гэта добрыя лічбы.


Вось і ў нашым раёне сотні прафілактычных сустрэч, прагляды ролікаў, шматлікія конкурсы і работа клубаў далі свой плён і былі ацэнены журы конкурсу «Здаровы горад (пасёлак) Брэстчыны без тытуню», і ў нас II месца.


Вялікі рэзананс гэтай зімой выклікала акцыя «Зарадка для ўсіх». Арганізатары прапанавалі прыпыніць на кароткі час работу і зрабіць калектыўную зарадку па спецыяльных рэкамендацыях (яны былі дасланыя ў арганізацыі). Па сутнасці, гэта добра знаёмая нам усім школьная фізкультхвілінка. Аднак пасля школы пра такую неабходную спартыўную паўзу мы часцей за ўсё забываем.


Прэзентацыю з фота даслаў журы і Віталь Тарасевіч, начальнік рамонтна-наладачнага цэха інжынерна-тэхнічнага цэнтра ААТ «Газпром трансгаз Беларусь». Іх фізкультура на працоўным месцы была ацэнена Дыпломам II ступені ў вобласці. Кіраўнік атрымаў узнагароду на раённым міжведамасным Савеце па рэалізацыі праекта напрыканцы сакавіка.


– Пачынаць трэба з сябе, і натхненне на рабочы дзень я атрымліваю пасля ранішняй зарадкі, – адзначае Віталь Васільевіч. – На нашым прадпрыемстве працуе больш за сотню чалавек, калектыў зараз больш малады, і для падтрымання спартыўнай формы ў нас зроблена многае. На нашай базе ў Падстарыні ёсць трэнажорны зал з тэнісным і більярдным сталамі, мы вяртаем грошы работнікам за набытыя абанементы ў плавальны басейн, праводзім унутраны турзлет. А зараз, у красавіку, нас чакае турзлёт сярод работнікаў філіяла. У нас ёсць галіновы аздараўленчы цэнтр «Алеся». Там мы таксама частыя госці. А вось такія фізкультхвілінкі нам спадабаліся, трэба іх укараняць!


Дыпломамі за ўдзел былі адзначаны яшчэ наш прафліцэй, Івацэвіцкі ТЦСАН, дзіцячы сад № 4 г. Івацэвічы, і яшчэ свае прэзентацыі даслалі райбальніца, Івацэвіцкі раённы ЦГіЭ, ААТ «Івацэвічдрэў» і Івацэвіцкая ЖКГ.


Намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Івацэвічдрэў» Таццяна Дылько сцвярджае, што на іх вялікім прадпрыемстве такія зарадкі – справа звыклая:


– У нас ёсць адзін спартыўны актывіст, які падчас перапынку збірае калектыў на зарадку. А яшчэ ў абедзенны час у нас заўсёды поўная зала з тэнісным сталом, мы аплачваем арэнду спартзалаў у мясцовых школах, каб нашы работнікі маглі падцягнуцца ў валейболе ці міні-футболе. Там жа, на базе школ, мы праводзім і свае ўнутраныя спаборніцтвы. Яшчэ мы набываем работнікам абанементы ў плавальны басейн, у мінулым годзе раздалі 250 абанементаў. Лічу, гэта важна і правільна – клапаціцца пра стан здароў’я калектыву.


І сапраўды, падчас размовы з кіраўнікамі прадпрыемстваў прагучала нават ідэя заахвочваць тых, хто кінуў курыць, абанементамі ў спартзал. Канечне, важна асабістая адказнасць і матывацыя самога чалавека, але падтрымка ў такіх рэчах не лішняя. Гэты праект у тым ліку прызваны дапамагчы нашаму пакаленню стаць здаровым і моцным, асабліва ў перыяд з’яўлення новых хвароб, якія раз за разам кідаюць выклік нашаму арганізму…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота з архіва ААТ «Івацэвічдрэў».

Поделиться