У красавіку інтэрнэт «запестрил» навінамі аб новаўвядзеннях у правілах дарожнага руху. 18 красавіка Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 145 «Аб удасканальванні арганізацыі дарожнага руху». Ён уступіць у сілу праз паўгода пасля апублікавання, таму хадзіць і ездзіць па-новаму мы з вамі пачнём восенню. Раздрукаваны тэкст Указа стандартным, 14 шрыфтам, займае больш за 30 старонак, а значыць, новага шмат.

Супрацоўнікі аддзялення ДАІ Івацэвіцкага РАУС зараз аналізуюць і абмяркоўваюць новаўвядзенні і рыхтуюцца да сустрэч з вадзіцелямі ў калектывах – многія арганізацыі ўжо звярнуліся да спецыялістаў па тлумачэнні.

Мы таксама вырашылі разабрацца з новымі фармулёўкамі падчас размовы з начальнікам аддзялення Васілём ЖУРОМ, які ў пачатку сустрэчы адзначыў: новыя правілы складаліся з улікам штодзённай практыкі даішнікаў па ўсёй краіне і адпавядаюць патрэбам часу.

Васіль Аляксеевіч, мінулы год для нашага раёна быў не самым лепшым па сітуацыі на дарогах. Улічваючы гэты факт, як успрынялі новы дакумент?
– Так, у 2021 годзе мы зафіксавалі 28 ДТЗ, у якіх, на жаль, загінулі 10 чалавек і яшчэ 30 атрымалі раненні. Сумная статыстыка для нас і для нашых людзей. Новы дакумент прызваны павысіць культуру ўдзельнікаў дарожнага руху, знізіць колькасць ДТЗ і, што цікава, прастымуляваць вадзіцеляў да выкарыстання электратранспарту. Сотні новых пунктаў і 24 новыя знакі і таблічкі! Многія з іх для нашага раёна не актуальныя, але ведаць іх трэба.

– Дык адразу спынімся на новым для вадзіцеляў электратранспарту. Здаецца, у мінулым годзе мы пісалі пра аднаго ўладальніка экалагічнага аўто, якія прэферэнцыі для вадзіцеляў такога транспарту з’явіліся?
– У раёне ўсяго два-тры электрамабілі. Вось чаму ёсць сэнс стымулявання. Так, гэтым аўто можна ехаць па палосах, прызначаных для руху грамадскага транспарту. Такіх палос у нас няма, але ж усе мы выязджаем у вялікія гарады час ад часу. Ёсць у правілах пункт пра даступнасць электразараднай інфраструктуры і іншае.

– А што мы будзем прылічваць да сродкаў персанальнай мабільнасці?
– Гэта абсалютна новае паняцце. Сродкі персанальнай мабільнасці не з’яўляюцца транспартнымі сродкамі, іх карыстальнікі лічацца пешаходамі, не вадзіцелямі! Да іх прылічваюць электрасамакат, гіраскутар, монакола, сігвэй… Кіраваць імі могуць падлеткі з 14 гадоў. Максімальная хуткасць такіх агрэгатаў не павінна быць большай за 25 км/ч. Раней мы прылічвалі такіх удзельнікаў руху да веласіпедыстаў. Цяпер гэтыя паняцці размежавалі.

Чытала, што веласіпедыстам цяпер можна будзе не спешвацца на пешаходным пераходзе, гэта праўда?
– Праўда, новыя правілы даюць такое паслабленне веласіпедыстам, аднак з агаворкай: падчас руху па пешаходным пераходзе хуткасць веласіпеда павінна быць прыбліжанай да хуткасці руху пешахода. Дарэчы, цяпер да веласіпедаў мы прылічваем і веламабіль (транспартны сродак з мускульным прывадам). Веласіпедыстам дадалі правоў – і гэта вялікі крок да папулярызацыі такога транспарту.

Яшчэ дадам, у новым дакуменце з’явіліся правілы для квадрацыклаў, мотаўсюдыходаў, малагабарытных снегабалотаходаў. Удзел для такога незвычайнага транспарту дазволены толькі па дарогах без удасканаленага пакрыцця. Паверце, нават такія «дзіковінкі» нашы супрацоўнікі сустракаюць на нашых дарогах не так і рэдка.

З’явілася новае правіла двух палос. Растлумачце сутнасць.
– Цяпер нам дадзена дакладная фармулёўка ў прадастаўленні перавагі ў руху пешаходу на нерэгулюемым пешаходным пераходзе (там, дзе адсутнічае святлафор). Не забываем, што пешаходамі цяпер у нас лічацца і карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці. Увага! Вадзіцель абавязаны ўступаць пешаходу ў выпадку, калі паміж ім і транспартным сродкам застаецца не менш, чым дзве паласы. Правіла лёгка зразумець на прыкладзе вул. Леніна з чатырма палосамі і двухбаковым рухам. Калі вы едзеце па крайняй левай паласе, а пешаход выйшаў на крайнюю правую, то вы можаце ехаць толькі пакуль ён не перасёк другую (са свайго боку) паласу.

– На некаторых участках дарогі мы будзем рухацца з максімальнай хуткасцю ў 30 км/ч? Ці будуць задаволеныя вадзіцелі?
– Усё, што спрыяе бяспецы на дарозе і можа папярэдзіць траўмы ці смерць, нармальным чалавекам і вадзіцелем павінна ўспрымацца спакойна. Так, у нас з’явяцца зоны абмежаванай хуткасці руху з максімальна дапушчальнай – 30 км/ч. Гэта максімальная лічба, парог можа быць зніжаны і да 20 км/ч. Гэта будуць участкі дарогі з ажыўленым рухам. У спіс такіх месцаў масавага збору грамадзян, думаю, патрапяць установы адукацыі, медыцынскія ўстановы, зоны ў густанаселенай жылой забудове. Наша служба будзе ўносіць прапановы па ўстаноўцы такога знака з улікам сітуацыі на канкрэтным участку. І «праблемныя» месцы ў раёне ёсць.

Новаўвядзенні закрануць і пасажыраў…
– Цяпер мы зможам прыцягнуць да адказнасці матацыкліста ці вадзіцеля мапеда, які ўзяўся перавозіць заведама нецвярозага пасажыра (акрамя бакавога прычэпа). Трагічныя выпадкі з нецвярозымі пасажырамі матацыклаў бываюць у нашым раёне амаль штогод, таму гэтыя змены ў законе наша служба ўспрыняла вельмі пазітыўна. Нецвярозаму пасажыру складаней утрымацца на такім небяспечным транспартным сродку…

– І бліжняе святло фар цяпер мы будзем уключаць у пэўныя перыяды?
– Правільна. Раней, у тым ліку і праз газету, мы інфармавалі вадзіцеляў аб чарговым прафілактычным мерапрыемстве, і гэта гучала як рэкамендацыя, не ўсе ўспрымалі гэта ўсур’ёз. Цяпер жа ўсё канкрэтна: штогод у перыяд з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня ва-
дзіцелі абавязаны рухацца з бліжнім святлом фар ці светлавымі агнямі.

А ўвогуле, новага ў дакуменце яшчэ шмат: новыя максімальныя хуткасці на аўтамагістралях, змяніліся і правілы паркоўкі і стаянкі… Сёння мы прайшліся па вярхах. У тонкасцях жа мы дапаможам разабрацца, працягнем работу ў калектывах, а калі дакумент будзе даступны для агульнага выкарыстання, шчыра раю кожнаму вадзіцелю ўважліва прачытаць правілы.

Гутарыла Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться
webvisor:true });