Для беларусаў 9 Мая – святая дата, напоўненая асаблівым сэнсам: мы з удзячнасцю ў сэрцы ўспамінаем усіх тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду, мірнае неба і незалежнасць роднай зямлі. Мінула 77 гадоў з той пары, як адгрымелі залпы гармат, але веліч подзвігу, здзейсненага савецкімі салдатамі-вызваліцелямі, не памеркне ніколі.

Святочныя мерапрыемствы,  прысвечаныя 77-й гадавіне Вялікай Перамогі, масава і ўрачыста прайшлі ў Івацэвічах і раёне. У іх бралі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва і грамадскасць, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, моладзь. Урачыстасці распачаліся з ускладання кветак і вянкоў да помнікаў героям-пераможцам. У 11.00 быў дадзены старт шэсцю святочнай калоны.

Ваенная тэхніка, машыны з ветэранамі, сцяганосцы з дзяржаўным сцягам і сцягам Перамогі, калоны вайскоўцаў і мноства жыхароў і гасцей горада з кветкамі, шарамі ў суправаджэнні духавога аркестра рухаліся па цэнтральнай вуліцы горада.

У рамках шэсця жадаючыя маглі паўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі «Беларусь помніць», прайшоўшы з партрэтамі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

З кожным годам усё менш застаецца тых, хто быў рэальным сведкам страшных ваенных падзей, але памяць аб іх мужным подзвігу жыве, і акцыя «Беларусь помніць» стала таму падцвярджэннем. Каб выказаць падзяку дзядам і прадзедам за гераічны ратны подзвіг, які яны здзейснілі ў імя шчасця іншых людзей, з партрэтамі ў руках прыйшлі нашчадкі пакалення пераможцаў.

З фотаздымкамі сваіх герояў у знак падзякі за мірнае неба і магчымасць жыць у свабоднай і незалежнай краіне прыйшла дынастыя Пякарскіх. У гэтай сям’і пра гераічныя подзвігі прадзедаў з расказаў бацькі і дзеда ведае праўнук Іван. Гісторыю пра прадзеда, які цудам выжыў і вярнуўся з поля бітвы праз паўгода пасля атрыманай пахаванкі, Іван чуў ужо неаднаразова, але кожны раз, уяўляючы радасць забітых горам бацькоў, якія ўжо не чакалі сына з вайны, у праўнука на вачах наварочваюцца слёзы.

Ля брацкай магілы ў скверы па вуліцы Савецкай, дзе вечным сном спяць вызваліцелі Івацэвіцкага раёна, загінуўшыя ў гады вайны, адбыўся мітынг-рэквіем «Мы памятаем, мы ганарымся». Перад прысутнымі выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Грыцук.

– Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта наш нацыянальны здабытак, воінскі гонар, крыніца патрыятызму і самаадданасці. Нягледзячы на тое, што сёння наша дзяржава развіваецца ў складаных умовах знешняга ціску, эканамічных санкцый, інфармацыйнай вайны, я ўпэўнены ў тым, што дзякуючы захаванню гістарычнай памяці, працавітасці беларусаў, веры ва ўласныя сілы, разважлівасці, уменню не адступаць перад цяжкасцямі мы выстаім і пераможам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, працоўных поспехаў, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

– Прайшлі гады жорсткай, кровапралітнай вайны, але рэха яе да сённяшняга часу не змаўкае ў чалавечых сэрцах. У нашай памяці і ў памяці будучых пакаленняў справы прадзедаў заўсёды будуць прыкладам мужнасці, вернасці, любові да Радзімы. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вы – наш гонар і наша слава, – звяртаючыся ад імя моладзі да ўдзельнікаў мітынгу сказала Ангеліна Міраноўская, вучаніца ДУА «Хадакоўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа».

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да падножжа каменнага пастамента. У неба разам з паветранымі шарамі падняліся папяровыя галубы – сімвал міру.

Пасля мітынгу-рэквіема жыхары і госці райцэнтра заспяшаліся на цэнтральную плошчу Івацэвічаў, дзе пачалася забаўляльная праграма. Дзве гадзіны асалоды для гледачоў і слухачоў падарылі артысты аматарскіх калектываў Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры – зусім юныя і майстры сваёй справы. Добра пазнавальныя матывы ваенных песень, пранікнёныя вершы, нібы птушкі,  паляцелі над горадам, што патанаў у вясновай квецені, у бязвоблачнае мірнае неба.

На плошчы працавалі фотазоны, якімі актыўна карысталіся, інтэрактыўныя пляцоўкі «Пераможны прывал» і «Бібліятэка пад адкрытым небам». На першай можна было зрабіць памятныя фотаздымкі і паспяваць пад баян песні ваенных гадоў, а таксама размясціць свайго голуба міру на спецыяльным стэндзе. Гарадскія бібліятэкі падрыхтавалі выстаўку літаратуры на ваенную тэматыку, віктарыны і майстар-класы.

Мірнае неба і не толькі яго малявалі вучні Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы падчас пленэру «Я малюю мір», які таксама ладзіўся на плошчы, – яго назва гаворыць пра тэматыку работ, якія ствараліся на вачах гледачоў і склаліся ў выстаўку.

Асабліва зацікавіла дзетвару выстаўка ваеннай тэхнікі, уніформы і зброі. Было многа ахвочых забрацца ў кабіну ваеннай машыны, патрымаць у руках сапраўдны аўтамат ці прымераць бронекамізэльку.

Адпачыць можна было па-рознаму. Працаваў выязны гандаль, бяспройгрышная латарэя ад Івацэвіцкага райста. Традыцыйна можна было прысесці за сталы і пачаставацца майскім шашлыком – так і рабілі. А дзеці бавілі час на батутах, каталіся на паравозіку, машынках, частаваліся салодкай ватай і не толькі.

Вечарам гулянне перанеслася на пляцоўку каля Лядовай арэны. Самыя маленькія ўдзельнікі свята далучыліся да канцэртна-гульнёвай праграмы, якую падрыхтаваў ДУДАДЗіМ «Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы». У ваеннай гульні «Абаронцы Айчыны» прымалі ўдзел школьнікі, каманды «Сіла» і «Воля» спаборнічалі ў страявой падрыхтоўцы і нават сапёрных навыках.

Пазней франтавыя хіты гледачам дарылі артысты народнага хору ветэранаў Івацэвіцкага ГДК. «Падарыце кветкі», «Вальс франтавой медсястры», «Чую голас дзяцінства далёкі» – многія падхоплівалі любімыя радкі. Вечар жывой песні працягнуў канцэрт «Скрозь гады гучыць Перамога», каля двух дзясяткаў нумароў падрыхтавалі аматарскія калектывы раёна.

Пакуль адны атрымлівалі асалоду ад жывога гуку каля сцэны, другія знаходзілі забавы па гусце каля гандлёвых радоў. Дзве тысячы шчаслівых білецікаў прапанавалі ў бяспройгрышнай латарэі ад Івацэвіцкага райста, людна было на батутах і каля пракату дзіцячых аўто, а за 15 рублёў любы жадаючы мог атрымаць імгненнае фота з трусом ці імператарскім удавам.

Павіншаваць жыхароў Івацэвічаў з насычанай канцэртнай праграмай прыехала беларуская артыстка Гюнеш. Сваёй неверагоднай энергетыкай яна зарадзіла і сагрэла ўсіх прысутных. Як адзначыла выканаўца, Івацэвічы для яе асаблівы горад, знаёмы з дзяцінства, бо яна родам з суседніх Баранавіч.

Час праляцеў вельмі хутка, і ўжо ў 21.30 саліст Дома культуры Уладзімір Краўцоў ра-зам з калектывам школы мастацтваў са сцэны пачалі спяваць знаёмыя ўсім з дзяцінства словы песні, якія міжволі прадоўжыў напяваць кожны, хто прысутнічаў на свяце і тым самым далучыўся  да раённай акцыі «Спяваем разам «Дзень Перамогі».

А топым была танцавальна-забаўляльная праграма «З Днём Перамогі, землякі!», якая была не менш насычанай за асноўную частку свята: жыхары горада ўдзельнічалі ў конкурсах, разам адгадвалі песні, танцавалі самі і назіралі за творчымі нумарамі танцавальных школ горада GRAND і ALINA CLUB, захапляліся выступленнямі шоу-балета Acro-Dance, скрыпічным шоу і шоу барабаншчыкаў «Перцы».

Падрыхтавалі Таццяна Дылюк, Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Вольга МАЦВЕЕНЯ, Паліна САУЦІНА, фота аўтараў і Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });