Рэпартаж аб тым, як у гарадскім пасёлку вядзецца падрыхтоўка да абласнога фестывалю «Дажынкі-2022»

Якія работы будуць праведзены, каб Целяханы годна прынялі гасцей абласнога свята «Дажынкі-2022»? Гэтае пытанне было ў цэнтры ўвагі, калі мы накіраваліся 11 мая ў пасёлак. Аксана Мялік, старшыня Целяханскага сельвыканкама, адзначыла, што ўсе будаўнічыя работы важна праводзіць загадзя, і рэканструкцыя некаторых аб’ектаў ужо набліжаецца да завяршэння.

Тым не менш, хваляванне не пакідае, бо хочацца, каб да свята ўсё было зроблена на высокім узроўні, а часу засталося не так і многа. Работ яшчэ запланавана правесці шмат, і Целяханы сёння падобны на вялікую будоўлю. Маршруты руху транспарту час ад часу мяняюцца, а ў месцах работ ставяць знакі «аб’езд». Нязручна, але целяханцы не скардзяцца, разумеюць, што ўсё робіцца не толькі да свята, а і на далейшую перспектыву.

Казачны церамок

Целяханская дзіцячая школа мастацтваў вызначаецца творчым калектывам, які не цураецца ніякай работы па аздабленні ўнутранага ўбранства кабінетаў, калідораў, канцэртнай залы. Але і для будаўнікоў ёсць фронт работ, яны шчыруюць над касметычным рамонтам фасада будынка. Сцены ўжо абшыты, засталося абліцаваць пад выгляд каменнага фундаментную частку і ўсталяваць калоны. Каляровая гама падабрана вельмі ўдала ў цёмна-карычневых і белых танах, і, як адзначыла старшыня сельсавета Аксана Іванаўна, вельмі прыгожа атрымалася, школа мастацтваў стала падобнай на казачны церамок. Дарэчы, у двары дзіцячай школы мастацтваў працаваў рабочы Віктар Стацэнка, які падводзіў асвятленне да новай жалезнай фігуры скрыпача, якую ён сам зрабіў сваімі залатымі рукамі, як і астатнія фігуры музыкаў. Цяпер дворык школы ўпрыгожвае не трыа, а квартэт, і гэтая зона стала любімым месцам для сэлфі ў целяханскай моладзі.

Побач на гэтай жа вуліцы месцяцца Целяханская СШ і Целяханская гарадская бальніца, у якіх таксама вядуцца работы. У бальніцы – касметычны рамонт унутры памяшкання набліжаецца да завяршэння, вядзецца і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Засталося даасфальтаваць унутраны дворык, дарожку да пад’езда «хуткай дапамогі» і пасадзіць кветкі.

Вуліцы пасёлка і мурал на аўтастанцыі

Па праекце работы па вуліцы 1 Мая завершаны. Яна цяпер выглядае акуратнай і дагледжанай. Па абодва бакі пакладзены тратуарныя дарожкі, перад школамі ўсталявана агароджа для бяспекі дзяцей.

Другая частка праекта вуліцы – пляцоўка каля станцыі аўтавакзала. Тут паступова ідуць работы па ўкладцы тратуарнай пліткі і асфальту. Шчыруюць будаўнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-18», і бачна, як вымалёўваецца цікавае разваротам кальцо для аўтобусаў, унутры якога – астравок для адпачынку з тратуарнымі дарожкамі. І само памяшканне аўтавакзала будзе адрамантавана. У тарцы сцяну будынка плануецца аздобіць муралам з выявай першага аўтобуса. Аказваецца, першы аўтобус быў у Целяханах яшчэ пры панах і ездзіў па маршруце Целяханы–Пінск.

Значны аб’ём работ выкананы па вуліцы Леніна. Аснова пад тратуарныя дарожкі ўтрамбавана, і будаўнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-11» пад кіраўніцтвам прараба Яўгенія Малюгіна ўвішна і зладжана закладвалі пліткай перыметр тратуара. Будаўнікі гэтай ПМК працуюць у Целяханах амаль два месяцы, у планах на бліжэйшы час – прыступіць да рамонту вуліцы Вераб’ёва.

Закальцоўка водаправода зроблена целяханскімі камунальнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» па вуліцы Леніна, па вуліцы Пушкіна, і засталося закальцаваць вуліцу Савецкая. Новая воданапорная вежа працуе ў пуска-наладачным рэжыме, але людзі адзначаюць, што вада стала харошая практычна па ўсім пасёлку. Скаргаў няма.

Наогул, будаўнічыя работы па ўпарадкаванні тратуарных дарожак запланаваны ў Целяханах яшчэ па вуліцы Пушкіна і Савецкай.

Бібліятэкай будзем ганарыцца

Крыло першага паверха будынка, дзе месціцца Целяханскі дом дзіцячай творчасці, плануецца абсталяваць пад бібліятэку з асобным уваходам. Пакуль у памяшканні ідуць рамонтныя работы. Будаўнікі працуюць з ранку да вечара, а яшчэ і па выхадных, каб укласціся ў графік. «А начынне бібліятэкі будзе суперсучасным, – з доляй гонару казала старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік. – Чакаецца, што гэта будзе самая лепшая бібліятэка ў Брэсцкай вобласці. У інтэрнэце глядзела, як будзе выглядаць, але пакуль не ўяўляю…»

Набліжаецца да завяршэння рэканструкцыя помніка Леніну, а на ўездзе ў пасёлак па-новаму выглядае памятнае месца – «Курган Славы». Да Дня Перамогі тут поўнасцю замянілі прыступкі, аднавілі пліту з прозвішчамі целяханцаў, якія не вярнуліся з вайны, паабапал прыступак усталявалі дзве вазы для кветак, а ўздоўж дарогі пасадзілі 25 блакітных елак у памяць аб загінулых.

Як рыхтуюцца прадпрыемствы і жыхары пасёлка

Як адзначыла старшыня Целяханскага сельвыканкама, работы шмат. Таму прадпрыемствы і арганізацыі, якія ёсць у пасёлку, таксама звяртаюць увагу на свой выгляд, уключаюцца ў работу: падфарбоўваюць, рамантуюць фасады, дахі, агароджу. На аб’ектах гандлю таксама работа кіпіць. Так, фасад універмага ўцяпляецца пенапластам, па абодва бакі будынак увесь у будаўнічых лясах. У кафэ «Палессе» рамонтныя работы пакуль не пачаліся, бо трэба карміць брыгады прыезджых будаўнікоў, а вось кіраўніцтва райста ў прадмагу разгарнула рэканструкцыю не толькі памяшкання, а і плануе ўстанавіць новае абсталяванне. Фасад абноўлены, але шкляную мазаіку пакінулі нечапанай, бо гэта эксклюзіў, які трэба захаваць для нашчадкаў. За кошт складскіх памяшканняў будзе пашырана гандлёвая зала, а сістэма разліку будзе зроблена, як у супермаркетах – па штрых-кодах. Такіх сучасных магазінаў у Целяханах яшчэ няма.

Узвядзенне фестывальнай пляцоўкі запланавана ў цэнтры пасёлка. З галоўным архітэктарам раёна раіліся і прыйшлі да высновы, што гэтая пляцоўка падыходзіць найлепш. Пакуль на ёй гандлююць прыватнікі. А як усё будзе зроблена, то пасля свята фестывальная пляцоўка будзе выкарыстоўвацца як месца для правядзення кірмашоў і як стаянка для транспарту.

Мясцовае насельніцтва, асабліва гаспадары прыватнага сектара, з разуменнем паставіліся да размовы са старшынёй сельвыканкама, абяцалі навесці парадак, абнавіць агароджы, дах і фасады ў тых дамах, якія выглядаюць непрывабна. Ім тлумачылі, што добраўпарадкаванне накіравана на сацыяльныя аб’екты і дарогі, а прыватныя дамы жыхары павінны самі даглядаць. У цэлым людзі не сварыліся, не спрачаліся, а як пацяплела, сталі працаваць у сваіх дварах. «Калі б не фестываль, то, пэўна, ніхто б нічога не рабіў, а так ва ўсіх ёсць стымул сустрэць гасцей дастойна, – разважала Аксана Іванаўна. – Вось падышлі мы да бабулі, якой за 75. У яе плот хіліцца, сталі гаварыць, што трэба неяк новы плот паставіць, а яна адказвае: «Не перажывайце, дзяўчаты, вам за мяне не будзе сорамна». Скажу шчыра, усе хочуць, каб было не сорамна, і гэта мяне натхняе».

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });