Такога прынцыпу прытрымліваецца кіраўніцтва ААТ «Падстарынь» – аднаго з самых маленькіх
сельгаспрадпрыемстваў у раёне, якое, аднак, робіць вялікія крокі наперад.

Тут падабралася добрая каманда спецыялістаў. А кіруе ААТ «Падстарынь» Сяргей Шамярэй, самы малады дырэктар сельгаспрадпрыемства ў раёне – яму 31 год. І ў яго ў памочніках таксама моладзь. На сёння адразу некалькім галоўным спецыялістам гаспадаркі няма і 30-ці. Затое ў іх ёсць энергія, новыя веды, ідэі і смеласць для іх рэалізацыі. А ў кіраўніка – жаданне слухаць і, галоўнае, чуць сваіх падначаленых і вучыцца разам з імі.

Сяргей Шамярэй, ураджэнец в. Стайкі, вывучыўся на механіка ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы і прыехаў на адпрацоўку ў Падстарынь. У мясцовай гаспадарцы спачатку і быў механікам, загадваў майстэрняй, пасля выконваў абавязкі галоўнага інжынера, праз некаторы час стаў ім. А ў 2018 годзе заняў пасаду кіраўніка. Вышэйшую адукацыю атрымаў у мінскім БАТУ, а цяпер вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

Свой стыль кіраўніцтва ён называе дэмакратычным, хоць і строгасць быць павінна: свабоду дзеянняў трэба даваць толькі тым людзям, у якіх упэўнены, і такія людзі ў яго камандзе ёсць. Дырэктару, інжынеру па адукацыі, спачатку было няпроста ўнікнуць у пытанні аграноміі і заатэхніі, але паціху веды назапашваюцца, і гэтаму спрыяе дыялог са спецыялістамі. А вынікі работы спецыялістаў шмат у чым залежаць ад матэрыльнага стану гаспадаркі. Ёсць грошы на ўгнаенні, на сучасныя медпрэпараты і на іншае – будуць добрымі паказчыкі.

– Нядаўна купілі дарагі прэпарат для апрацоўкі раслін – 25 л каштуюць 2,5 тыс. долараў. Можна ўзяць ядахімікат і за 500 долараў, толькі расліна пасля апрацоўкі ім будзе адыходзіць два месяцы, будзе ў прыгнечаным стане. А пасля дарагога квітнее, расце, – прыводзіць прыклад кіраўнік.

Сяргей Уладзіміравіч добра разумее, што гаспадарцы трэба зарабляць, у першую чаргу, на малацэ (і ў ААТ «Падстарынь» стараюцца сачыць за парадкам на фермах, каб работа была бесперабойнай, каб якаснымі былі кармы, каб выконвалася тэхналогія і г. д.). А спецыялісты разумеюць, што іх заробак залежыць ад выканання паказчыкаў, таму яны зацікаўлены ў рабоце на рэзультат.

Пра дасягненні і шлях да іх
А рэзультаты ёсць. Калі казаць пра аграномію, то ў ААТ «Падстарынь» атрымліваецца добра вырошчваць рапс. У пазамінулым годзе гаспадарка заняла 1 месца па вырошчванні гэтай культуры ў вобласці. Ураджайнасць рапса ў мінулым годзе склала 26 ц/га, у 2020-м – 39,5 ц/га. Добра ідуць справы і з вырошчваннем цукровых буракоў (1 месца ў раёне па ўраджайнасці ў мінулым годзе).

Можа, і не давядзецца гаспадарцы перасяваць культуры пасля сёлетніх вясновы замаразкаў, хоць асобныя гаспадаркі вымушаныя рабіць гэта і панясуць вялікія фінансавыя страты. У сельскай гаспадарцы вельмі шмат залежыць ад нябеснай канцылярыі, падкрэслівае кіраўнік, таму калі і гаворыць пра планы, як чалавек веруючы, дадае – «калі Бог дасць нам пагоду».

Чацвёрты год Сяргей Уладзіміравіч кіраўнік, і ўвесь гэты час тут ідзе будоўля. Пабудавалі чатыры траншэі, прафілакторый, цялятнік, зрабілі рэканструкцыю аднаго кароўніка (дадалі 200 скотамесцаў). Зямлі асабліва не дадалося, але стала лепшай ураджайнасць, якасць кармоў – з’явілася магчымасць пашырыць дойны статак. Нядаўна распачалі будаўніцтва яшчэ аднаго кароўніка на МТФ «Руда».

Робіцца тое з мэтай яшчэ больш пашырыць пагалоўе, якое пакуль складае 1750 галоў, з іх 650 галоў дойнага статку. За апошнія гады павысілася таварнасць малака – з 89-ці да 92-94 %. З МТФ «Руда» ўсё малако ідзе сортам «Экстра», з фермы, што ў падстарыні – 95-100 % вышэйшым сортам, і гэта той максімум, які можна з яе «выжаць», кажа Сяргей Шамярэй. У ААТ «Падстарынь» дояць 20 л малака на карову, і гэта пяты рэзультат з 14-ці гаспадарак раёна, а яшчэ нядаўна былі на 8-10 месцах. Надой на карову ў мінулым годзе склаў 6 466 кг пры заданні ў 6 400. «Ад нас чакаюць выхаду на 6 7006 800 кг па выніках бягучага года, але, спадзяюся, з Божай дапамогай выйдзем на 7 000», – гаворыць дырэктар.

За апошнія гады гаспадарка набыла шмат тэхнікі. Калі з 2014 да 2018 года не маглі сабе дазволіць абнаўляць аўтапарк – былі даўгі, то за чатыры гады набылі каля 10 адзінак, у тым ліку два камбайны, аўтамабілі МАЗ, трактары, Амкадор, прычапное абсталяванне – культыватары, апырсквальнікі і гэтак далей. Выраслі і зарплаты, і гэта добрая матывацыя для работнікаў.

Сяргей Уладзіміравіч пазнаёміў журналістаў з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі – аграномам, інжынерам і ветэрынарным урачом. Пра ўсіх іх ён сказаў наступнае: пры неабходнасці яны могуць падмяніць і яго, і адзін аднаго, бо ўнікаюць ва ўсе сферы. Старанныя, гатовы працаваць самааддана, адкрытыя да ўсяго новага. Адзін з іх – спецыяліст з вопытам, астатнія падцягваюцца, і іх узаема-
дзеянне, пачуццё пляча, разуменне, што няма ў сельскай гаспадарцы дробязей, дапамагае працаваць эфектыўна.

«Я не люблю выхадныя»

Бясцэнны работнік для любога кіраўніка – ветэрынарны ўрач Сяргей ПАНАСЮК, які… не любіць выхадныя. Ну, гэта такі паўжарт ад хлопца, але і на палову праўда. Бо жывёлы хварэюць і на выхадных, і калі адзін дзень ветурач прапусціць цалкам, то выпадзе з працэсу і зробіць крок назад.
Сяргей працуе ў Падстарыні ўжо два гады, да гэтага паспеў парабіць у Камянецкім раёне і не толькі. Родам ён з Брэста, гарадскі хлопец! Але дзяцінства ў вёсцы і частае наведванне фермы ў той перыяд жыцця зрабілі сваю справу: хлопчык захацеў стаць ветэрынарам. Сяргей скончыў Віцеб-
скую акадэмію ветэрынарнай медыцыны і заўжды хацеў лячыць не коцікаў-сабачак, а «кого-нибудь покрупнее». І ў яго добра атрымліваецца, ён на сваім месцы.

– Мне падабаецца ў Падстарыні, кіраўнік гаспадаркі падтрымлівае моладзь і новыя ідэі. Я і сёння падыходзіў да яго са спісам медыкаментаў. Хочам выйсці на новы ўзровень, на мэтанакіраванае лячэнне больш дарагімі прэпаратамі… І дырэктар сказаў: «Купляем! Толькі б быў рэзультат». Ён заўжды слухае довады і робіць высновы, – расказвае Сяргей.

У сваю чаргу кіраўнік падкрэсліваў, што ветурача – талковага спецыяліста – гаспадарцы дапамог знайсці першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення райсельгасхарчу Раман Жук. Калі Сяргей прыйшоў у гаспадарку, то быў адзіны галоўны спецыяліст у жывёлагадоўлі, таму займаўся і лячэннем рагуль, і кармленнем, і ўсім астатнім. І было цікава, атрымалася лепш зразумець тэхналогію. Сёння побач з ім працуе і галоўны заатэхнік Алла Пунько – пакуль нядоўга, толькі два месяцы, і ношу абавязкаў можна раздзяліць на дваіх.

Разам з сям’ёй (жонка ў Сяргея таксама ветэрынар, ёсць двое дзетак) ён жыве ў доме, які прадаставіла гаспадарка. Галоўным у сваёй рабоце, у рабоце жывёлаводаў у прынцыпе ён лічыць адказны падыход да справы. Ветурач імкнецца ўсюды паспяваць, хоць на папяровую работу, бывае, не застаецца сілы. Дапамагае ў перамяшчэннях службовы аўтамабіль, стымулюе добры заробак, які залежыць ад рэзультатаў работы. Пра іх мы таксама пісалі: і надоі, і таварнасць, і прывагі (а сярэднясутачныя прывагі па маладых цялятах тут каля 900 г – лічба за мінулы месяц, па гаспадарцы – 650 г) – усё гэта залежыць і ад работы каманды, але і ад ветурача ў вялікай ступені.

Сёння Сяргей Панасюк марыць пра тое, каб таксама падабраць сваю каманду памочнікаў у жывёлагадоўлі – адказных і дасведчаных. Але збіраецца дзейнічаць так, як яго і вучылі ў акадэміі, – быць інспектарам на ферме. Добры спецыяліст павінен быць у курсе ўсяго і ўсё праверыць, бо здароўе жывёлы – на першым месцы, а яно ад многага залежыць.

«Важна ўсё рабіць своечасова»

Калі ў кіраўніка Сяргея Шамярэя няма блізкіх сваякоў, якія б працавалі ў сельскай гаспадарцы, то ў галоўнага інжынера Сяргея ЮРЧЫКА яны ёсць. Тут, у ААТ «Падстарынь», галоўным аграномам працуе бацька, а маці – галоўны эканаміст.

Хлопец некалі хацеў быль аўтамеханікам, але ўсё ж абраў іншую, падобную спецыяльнасць і атрымаў яе падчас вучобы ў БАТУ. Работа падабаецца, праўда, у ёй няма месца крэатыву. У інжынерыі ў адрозненні ад той жа заатэхніі не так шмат навінак. Новая тэхніка, якая актыўна набываецца ў апошні час, – тавар добра вядомых аграрыям беларускіх вытворцаў: аснова ў яе тая ж, можа мяняцца толькі электрыка, кажа спецыяліст.

Яму камфортна працуецца з дырэктарам, бо той і сам інжынер, і можа нават нешта падказаць. А вось работа побач з бацькамі і дапамагае, і не. З аднаго боку, Сяргей цікавіцца розным, у тым ліку і аграноміяй, у якой бацька – ас. З іншага, быць у яго навідавоку не заўжды зручна, бо калі якія прэтэнзіі маюцца да работы, то бацька можа і пажурыць дома. «Яблык ад яблыні падае не далёка. Характары ў нас падобныя, таму бываюць і спрэчкі», – кажа Сяргей, паказваючы нам адзін з апошніх набыткаў ААТ «Падстарынь» – зернеўборачны камбайн.

Пакідаць гаспадарку хлопец не збіраецца – усё задавальняе, але спартыўны інтарэс – паглядзець, як працуецца ў буйнай гаспадарцы з вялікім аўтапаркам, у яго ёсць. У рабоце кіруецца правілам: рабі ўсё своечасова.

– З’явілася работа – лепш зрабіць адразу, бо калі адкладзеш на заўтра, потым нічога не паспееш, – дзеліцца спецыяліст.

Ну, а з кім прасцей працаваць – з моладдзю ці з работнікамі «старой загартоўкі», пытаюся.

– Ёсць плюс у вопытных работнікаў акрамя непасрэдна вопытнасці – яны больш спакойныя, моладзь запальчывая. Але старэйшыя калегі могуць насцярожана ставіцца да навізны, а маладыя бываюць рашучыя, актыўныя, ініцыятыўныя. Карацей, нам адзін у аднаго ёсць чаму павучыцца, – лічыць Сяргей Юрчык.

«І ноччу сню, як сею»

Вячаслаў Міхайлавіч ЮРЧЫК у ААТ «Падстарынь» галоўны аграном (на здымку на 1-й стар). Некалі на такой жа пасадзе працаваў у Хадаках, а тут – з 2011 года. Кіраўнік ужо расказаў пра тое, што поспехі ў аграноміі ёсць. Але за кошт чаго яны дасягаюцца, найлепш ведае спецыяліст. Асноўныя культуры для гаспадаркі – рапс, цукровыя буракі, кукуруза, тут вырошчваюць сорга-суданскі гібрыд, сеюць травы. Дадалі ва ўраджайнасці дзякуючы неаднаразоваму прымяненню мікра- і макраэлементаў «по листу». Вялікую ўвагу надаюць абароне раслін. Каб дабіцца лепшых рэзультатаў па кукурузе, пайшлі на набыццё «щадящих» сродкаў абароны. Перайшлі і на французскае насенне кукурузы, у яго лепшы патэнцыял пачатка (чым больш зерня, тым лепш): якое семя, такое і племя.
Паспрабавалі новую схему па вырошчванні буракоў – і гэта прынесла свае плады. Новаўвядзенні спецыяліст чэрпае з літаратуры, цікавіцца сучаснымі выпрабаваннямі тэхналогій і прэпаратаў і прапануе паспрабаваць тое, што лічыць слушным і цікавым. Ну і з калегамі з іншых гаспадарак раёна раіцца, ідзе абмен вопытам.

Цяпер у гаспадарцы адказны перыяд – ідзе нарыхтоўка кармоў. У ААТ «Падстарынь» заклалі ў траншэі на сілас 760 т азімага жыта, 967 т свірэпіцы. Побач з галоўным аграномам набіраецца вопыту малады аграном Андрэй Калдушка. Вячаслаў Міхайлавіч сказаў, што памочнік старанны, і ўпершыню за доўгія гады ён убачыў агранома, у якога ёсць жаданне працаваць. У асноўным моладзь у сельскай гаспадарцы не затрымліваецца. Але чаму?

– Напэўна, дзеці хочуць жыць прасцей, каб былі выхадныя, каб дзень рабочы – нарміраваны. А ў нас як? Работа круглыя суткі, толькі зімой можна выдыхнуць, – расказвае суразмоўца. – Каб заставаліся, трэба добрая зарплата, ужо нават жыллё – не стымул. Але калі няма ў чалавека любові да зямлі, да сельскай гаспадаркі, то нічога не атрымаецца. А я работай жыву, яна мне нават сніцца. Не дараблю нешта – і ноччу сню, як сею. І калі ездзілі з жонкай раней да бацькоў, то глядзеў не на дарогу – на палі: што, дзе, як расце. Прафесіянальная прывычка, ну і калі вучыцца, то лепш на чужых памылках.

Вось як важна быць аднадумцамі ў агульнай справе. Справе, якая прыносіць вялікую карысць грамадству, а значыць, і кожнаму з нас. Мы і з мясам, і з малаком, і з хлебам дзякуючы такім хлопцам, якія не паддаліся спакусе абраць гарадскі камфорт замест вясковых клопатаў, а працуюць на фермах «за себя, и за того парня» ці і за тую дзяўчыну, якія не даехалі па размеркаванні ва ўмоўную Падстарынь альбо адпрацавалі – і паехалі. Гэта варта павагі, і я шчыра радуюся, калі пішу вось пра такіх людзей.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });