Папрыгажэла тэрыторыя вакол гарадской бальніцы ў Целяханах за апошні час: тут з’явіліся добрыя тратуарныя дарожкі замест непрывабных старых, стаянка для веласіпедаў, новыя зялёныя насаджэнні.

У самой гарадской бальніцы часткова замянілі вокны – драўляныя, якія дажывалі свой век, на сучасныя, пластыкавыя. Больш утульна стала ў палатах тэрапеўтычнага аддзялення: пасля замены вокнаў тут перафарбавалі сцены, а яшчэ адрамантавалі асобныя кабінеты ў паліклініцы.

На бягучы рамонт, а таксама на дааснашчэнне медыцынскай мэбляй і абсталяваннем Целяханскай гарадской бальніцы ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» з мясцовага бюджэту было выдаткавана 435,7 тыс. руб. І 140 тыс. руб. было накіравана на набыццё новага аўтамабіля хуткай дапамогі «Сітраен», які прыступіў да работы на целяханскім пасту. Але нядаўна на апошняй сесіі абласнога Савета дэпутатаў было прынята рашэнне аб выдаткаванні яшчэ 250 тыс. руб. на рамонт дадзенага аб’екта.

Гэтыя сродкі плануецца патраціць на далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі, на малыя архітэктурныя формы, а таксама замену яшчэ шэрагу аконных блокаў, у тэрапеўтычным аддзяленні дадаткова заменяць дзверы ў палаты і іншыя памяшканні, нададуць належны выгляд холам і калідорам на 2 і 3 паверхах. Работы запланаваны на ліпень.

Якія планы на будучыню і што зроблена за апошні час?

Рамонт Целяханскай бальніцы, а таксама завяршэнне рэканструкцыі сістэмы лячэбнага газазабеспячэння Івацэвіцкай ЦРБ – вось тыя два накірункі работы, якія галоўны ўрач раённай бальніцы Васіль ЮЗЕФОВІЧ называе асноўнымі на 2022 год. Будзе праведзены і бягучы рамонт у панскім маёнтку Юндзілаў, дзе цяпер – складскія памяшканні ЦРБ.

Рэканструкцыя сістэмы лячэбнага газазабеспячэння распачалася ў мінулым годзе з падрыхтоўкі праекта, да канца года паспелі завяршыць дзве яе чаргі. У выніку ў бальніцы дадалося 53 кропкі падачы кіслароду, у тым ліку 27 – у інфекцыйным аддзяленні ЦРБ, дзе іх не было. Такія кропкі былі сапраўдным выратаваннем для людзей з цяжкімі формамі каранавіруса, таму кіслародная станцыя стала літаральна стратэгічным аб’ектам. Па праекце ў ёй павінен з’явіцца і кіслародны канцэнтратар, які зможа выпрацоўваць кісларод з паветра і нагнятаць яго ў сістэму для падачы пацыентам.

Наяўнасць такога абсталявання зробіць бальніцу ў меншай ступені залежнай ад паставак балонаў з кіслародам у перыяд разгулу кавід-інфекцыі. У чэрвені плануецца завяршыць таргі і заключыць дагавор на пастаўку і мантаж кіслароднага канцэнтратара. Рэканструкцыю сістэмы плануюць завяршыць да канца гэтага года. У мінулым на яе патрацілі больш за 407 тыс. руб. з мясцовага бюджэту, яшчэ 590 тыс. руб. выдаткавана на завяршэнне работ.

– У мінулым годзе, у пачатку бягучага былі няпростыя перыяды, калі працавалі ва ўмовах барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, – гаворыць глаўурач. – Кавід аказаў уплыў на работу медыкаў і на паказчыкі. Памянялася структура захваральнасці, на жаль, пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя, узрасла смяротнасць. Былі павялічаны расходы на ахову здароўя. На аднаго жыхара ў мінулым годзе было патрачана 490,42 руб. – плюс 22,4 % да гадавога плана, а ўсяго касавыя расходы на ахову здароўя за мінулы год склалі амаль 26 млн руб.

У мінулым годзе за кошт усіх крыніц для ўстаноў аховы здароўя раёна было закуплена 45 адзінак медабсталявання на суму 551 тыс. руб. (і закупкі, а таксама рамонт абсталявання прадоўжацца і сёлета). З найбольш дарагіх – два апараты ўльтрагукавой дыягностыкі, кіслародныя канцэнтратары, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, аперацыйная свяцільня. Набылі два санітарныя аўтамабілі (адзін – за сродкі спонсараў і заробленыя падчас суботніка), аўтамабіль хуткай дапамогі для ЦРБ. І ў гэтым годзе аўтапарк таксама абнаўляўся: купілі «хуткую» ў Целяханы, у Быцень – новы санітарны аўтамабіль (ізноў дапамаглі раённы суботнік і спонсары).

Сёння ў сістэме аховы здароўя раёна працуе 1 027 медработнікаў, з якіх 171 урач, 552 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Калектыў адчувальна амаладзіўся, 35 урачоў на дадзены момант – у водпуску па доглядзе дзіцяці, сталі мамамі і часова не працуюць 15 % медсясцёр. Сёлета заканчваюць праходжанне інтэрнатуры і прыступяць да работы дзевяць урачоў (адзін неўролаг і восем урачоў агульнай практыкі), 27 сярэдніх медработнікаў. А ў мінулым годзе прыйшлі адразу 23 урачы, 24 медсястры. І ўсё ж не хапае ўрачоў агульнай практыкі, стаматолагаў… Кіраўнік райбальніцы, карыстаючыся момантам, дадаў, што для абітурыентаў цяпер час звяртацца за мэтавымі накіраваннямі ў медыцынскія ВНУ і каледжы, з атэстатам прыходзьце ў аддзел кадраў ЦРБ – і няхай у будучыні вы ці вашы дзеці, унукі стануць часткай добрага калектыву.

– Каранавірус стаў выпрабаваннем для нас, але ж і мы, і нашы калегі з другіх рэгіёнаў справіліся з выклікам часу, змаглі арганізаваць работу. Зараз выпадкі каранавіруснай інфекцыі ў раёне адзінкавыя, але мы гатовыя да таго, што сітуацыя можа пагоршыцца, – запэўнівае Васіль Юзефовіч. – Задача медыкаў на бліжэйшы час – прафілактыка хвароб сэрца, сасудаў і анкалогіі. І паліклініка, і стацыянар актыўна займаюцца гэтым, палаты запоўненыя – наганяем тое, што было ўпу-
шчана за гады пандэміі.

Хачу падзякаваць за падтрымку раённай уладзе, нашым спонсарам, якія падставілі плячо ў няпросты перыяд. А сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята зычу выдатнага настрою, здароўя і дзякую ўсім за добрую работу, за тое, што, нягледзячы на выпрабаванні, мы засталіся згуртаваным працаздольным калектывам. І няхай так будзе і надалей.

Паласу падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Поделиться
webvisor:true });