Больш за 40 гадоў працуе ў раённай бальніцы ўрач-тэрапеўт Анатоль Фёдаравіч Бялевіч, які прайшоў шлях ад ардынатара да загадчыка аддзялення, стаўшы Настаўнікам для калег
і любімым «чэхаўскім» доктарам для многіх пацыентаў.

– Я проста выконваў свае абавязкі – вось і ўсё. Лічу, што ўсе так рабілі… – паўтараў падчас інтэрв’ю Анатоль Фёдаравіч, шчыра не разумеючы, чаму да яго прыйшлі журналісты. Прыродная сціпласць так і не дазволіла яму падчас размовы прызнаць свае заслугі і ацаніць уклад у развіццё медыцыны ў нашым раёне, між тым яны не схаваліся ад вачэй калег.

У лютым мой суразмоўца адсвяткаваў 70-годдзе і працуе на пенсіі ўжо больш за 10 гадоў, знаходзячы ў сабе сілы для дапамогі людзям, і да гэтай пары ў яго хапае ведаў, спрыту, энергіі і сардэчнасці, каб у цяжкую хвіліну падставіць іншым надзейнае плячо прафесіянала.

Анатоль Фёдаравіч нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне і ўсё юнацтва правёў у п. Майск. Скончыў Любішчыцкую сярэднюю школу, а пасля Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, у які яго прывяла цікавасць да прыродазнаўчых навук. Адзіны доктар у сям’і, аб выбары прафесіі ніколі не шкадаваў – іншай не ведаў: з чым параўнаць? Інтэрнатуру праходзіў у Салігорску, потым тры гады папрацаваў у бальніцы ў Капыльскім раёне (Мінская вобласць). А з 1979 года ён у Івацэвічах, з той пары мінула 43 гады… Спачатку быў ардынатарам у тэрапеўтычным аддзяленні, потым стаў загадчыкам – загадваў і тэрапіяй паліклінікі, і тэрапіяй стацыянара, апошнія 10 гадоў, на пенсіі, працуе кардыёлагам і тэрапеўтам у тэрапеўтычным аддзяленні Івацэвіцкай ЦРБ.

Тэрапію абраў з-за таго, што гэты напрамак здаваўся найбольш цікавым – трэба шмат ведаць, цесна камунікаваць з пацыентамі, адчуваў у сабе здольнасці да гэтага, прагу да новых ведаў, атрымаць якія тады было не так проста, як цяпер, – не было інтэрнэту. Здаецца, не пралічыўся. Хоць і пацыенты бываюць розныя, ніколі ні з кім не канфліктаваў, і склалася ў доктара ўражанне, што яму давяраюць.

Дзяжурства, абходы, «пяціхвілінкі»… Здаецца, што дзесяцігоддзямі – адно і тое ж, але не. Кажа Анатоль Фёдаравіч, што кожны новы дзень не падобны на мінулы: розныя людзі перад вачыма, і стан аднаго і таго ж чалавека можа мяняцца. Добра, калі ў лепшы бок, але ж бывае і інакш…

Прызнаецца: цяжка перажывае, калі нешта не атрымліваецца. Бывае, ты ўрач, але бяссільны перад тварам хваробы альбо дапускаеш памылку – не часта тое бывала, але заўжды ўспрымалася як трагедыя, якую доктар перажываў цяжка і якая пакідала адбітак на яго здароўі.

– Каб быць урачом, трэба мець цярпенне, вытрымку, – дзеліцца суразмоўца. – Нейкага прынцыпу ў прафесіі свайго не прыдумаў… Напэўна, дапамагчы любой цаной, зрабіць усё магчымае для абсалютна любога чалавека. Урачу трэба быць спагадлівым, сардэчным, але ў меру, каб залішняя чуллівасць не перашкаджала выконваць абавязкі. Ну і трэба развівацца, быць адкрытым для новага, вучыцца.

Па словах Анатоля Фёдаравіча, калі ён толькі пачынаў працаваць, нават фібрагастраскапія была экзотыкай, ніхто не праводзіў ультрагукавых даследаванняў. Сёння ў доктара больш магчымасцей для дыягностыкі. На жаль, не ўсе яны даступныя на ўзроўні раённых бальніц, дзе тамограф – рэдкасць (а як бы хацелася яго займець!), таму пастаноўка дыягназу можа расцягвацца ў часе, але ў параўнанні з тым, што было 20-30 гадоў таму, медыцына зрабіла вялізны крок наперад: тэхналогіі сталі больш даступнымі, у меншай ступені даводзіцца здагадвацца, што за хвароба ў чалавека.

– А што падабаецца больш – кіраваць самому альбо быць падначаленым? – пытаюся.

– На дадзены момант мне прасцей, калі кіруюць мной. Энергічныя калегі стымулююць мяне – побач з маладымі хочацца быць падобным на іх. Кіраваць – гэта браць на сябе большую адказнасць, знаходзіць паразуменне і з урачамі, і з малодшым медперсаналам, укараняць новыя тэхналогіі, а для гэтага трэба быць дасведчаным, у курсе ўсіх навінак. Прасцей адказваць толькі за самога сябе, але выходзіць з зоны камфорту цікава. Працую на пенсіі, каб не засумаваць і таму што адчуваю ў сабе сілы быць карысным.

Бывае, калегі звяртаюцца да Анатоля Фёдаравіча за кансультацыяй, але ён не толькі вучыць – ён і вучыцца. Гаворыць, што сярод моладзі, якая прыходзіць з універсітэтаў, сустракаюцца ўважлівыя, граматныя рабяты, якія ўсё «схватывают на лету». Заўважыў, што ВНУ ў большай ступені рыхтуюць іх для высокіх тэхналогій, для буйных клінік, але ў невялікіх бальніцах яны сустракаюцца з іншым: з неабходнасцю разабрацца ў сітуацыі і без КТ, і многімі навыкамі, той жа пальпацыяй, авалодваюць на практыцы. Адрывае ад пацыента папяровая работа, і ім трэба вучыцца ўсюды паспяваць. На жаль, далёка не кожны малады спецыяліст цяпер застаецца ў прафесіі, у медыцыне, многія шукаюць іншага хлеба, паглядзеўшы на цяжкасці.

А цяжкасці, вядома, ёсць. Ёсць і выгаранне пад грузам адказнасці, бо калі ты – урач, то ты не можаш дазволіць сабе быць несабраным, няўважлівым, не можаш адключыць галаву, бо ад тваіх дзеянняў залежыць самае дарагое, што ёсць у чалавека, – яго здароўе і яго жыццё. Па дарозе дахаты пракручваеш у галаве падзеі: супастаўляеш, абдумваеш, ці ўсё зрабіў, што патрэбна, што павінен, расказвае суразмоўца. Але ж і ўрач – чалавек, якому таксама можа нешта балець, у якога могуць быць праблемы ў сям’і ці на рабоце. Неяк цяпер мяняецца стаўленне да доктара – некалі было больш павагі з боку пацыентаў, цяпер больш патрабаванняў. Вось чаму патрэбны і вытрымка, і цярпенне, і чаму не зашкодзіць жыццёвая мудрасць і філасофскае стаўленне да жыцця.

Але ў большасці сваёй пацыенты ўдзячныя, а самыя ўдзячныя мяняюць свой лад жыцця, каб больш не хварэць. А як лёгка на душы, калі цяжкі пацыент становіцца на ногі, і ты маеш да гэтага дачыненне, кажа ўрач. Складана супрацьстаяць хваробам цывілізацыі – анкалогіі, хваробам сэрца і сасудаў мозга… І мой субяседнік раіць кожнаму сачыць за здароўем з маладосці, прыслухоўвацца да сябе і ведаць меру ў ежы, у алкаголі – ды і ва ўсім.

З выхадам на пенсію вольнага часу ў Анатоля Фёдаравіча стала больш. Як і раней, любіць бавіць яго за добрай кнігай – ён аматар гістарычнай прозы і ўвогуле заўжды цікавіўся гісторыяй. Мае сям’ю – жонку і дваіх дзяцей. Дачка, дарэчы, працуе медыцынскай сястрой. Без малога паўвека ў медыцыне праляцелі, як адзін дзень. Але дзень гэты ўсё ж сонечны і напоўнены падзеямі. І самае прыемнае, што ён працягваецца, і нешта там яшчэ ёсць наперадзе, у тым ліку ў прафесійным жыцці. Мы гутарылі перад выхаднымі, а ў панядзелак Анатоля Фёдаравіча чакалі курсы павышэння кваліфікацыі. Ён чалавек, адданы сваёй справе без астатку, і даўгалецце ў прафесіі – лагічны вынік намаганняў, які надае жыццю і смак, і сэнс.

А вось што сказалі пра Анатоля Фёдаравіча Бялевіча яго калегі

Святлана РАМАНЮК, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ»:
– Я прыйшла працаваць у аддзяленне ў той час, калі Анатоль Фёдаравіч быў загадчыкам, а пазней мы з ім памяняліся месцамі. Канечне, ён Настаўнік і для мяне, і яшчэ для шэрагу маладых урачоў. Спецыяліст з вялікай літары. Кіраўніцтва бальніцы называе нашу тэрапію кафедрай, а Анатоля Фёдаравіча – прафесарам гэтай кафедры. Калі цяжкі выпадак, заўжды раімся з ім, бо ён – скарбніца ведаў і вопыту. І ніколі сябе не ўзносіць. Сапраўдны «чэхаўскі» доктар: інтэлігентны, тонкі, сціплы, удумлівы. Любяць яго пацыенты за прафесіяналізм, за ўвагу і такт. А я без Анатоля Фёдаравіча наша аддзяленне не ўяўляю.

Васіль ЮЗЕФОВІЧ, галоўны ўрач УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ»:
– У нашай бальніцы перадаюцца традыцыі тэрапеўтычнай школы: настаўнік перадае свае навыкі вучню і сочыць за яго станаўленнем, працуючы побач. Зараз Анатоль Фёдаравіч – у ролі настаўніка і для цяперашняй загадчыцы, якая яго шануе, і не толькі для яе. Ведаю, што маладыя дактары, інтэрны любяць яго і паважаюць за педагагічны талент: ён ахвотна на прыкладах дзеліцца ведамі і ўмее камунікаваць. Падабаецца мне ў ім і тое, што ён з кагорты безадмоўных людзей. Да яго ідуць па кансультацыі – падказвае, і ўвогуле нават цяпер, калі, здаецца, і сілы ўжо не тыя, Анатоль Фёдаравіч здольны падставіць плячо ў цяжкую хвіліну і робіць гэта. У тым ліку і за надзейнасць карыстаецца аўтарытэтам. Падчас пандэміі мы імкнуліся пазбавіць яго ад неабходнасці працаваць у «бруднай» зоне і перавялі ў «чыстую» (у траўматалогію), куды паступалі тэрапеўтычныя пацыенты без пацверджанага каранавіруса. Але ж гэта былі самыя цяжкія пацыенты кардыялагічнага профілю, з інсультамі, шпіталізаваныя па экстранных паказаннях, з ускладненнямі. Яму давялося няпроста. Сам Анатоль Фёдаравіч таксама перахварэў на кавід. Вывады зрабіць лёгка: ён пенсіянер і мог бы не працаваць увогуле, але ж працаваў з рызыкай для здароўя, а гэта пра многае кажа.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Поделиться
webvisor:true });