У лагерах працы і адпачынку пры школах сваю першую капейку ўжо зарабіў 101 школьнік,
яшчэ адзін лагер адкрыецца 1 ліпеня ў прафліцэі

У ДУА «СШ № 1 г. Івацэвічы» мы завіталі акурат у дзень зарплаты. З 1 па 14 чэрвеня тут працавалі дзеці – выхаванцы лагера «Апельсін». 21 васьмікласнік, 10 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак, разважалі, куды патрацяць першы заробак.

На турпаездку, планшэт ды на завушніцы – такія мары і жаданні ў падлеткаў. Думаем, гэтым марам суджана збыцца, ва ўсякім разе першы важкі ўклад у пакупкі ўжо ёсць! Дырэктар лагера Вольга Віктараўна Цымановіч адзначыла: штогод дзеці ў такіх лагерах добра дапамагаюць школе ў самых розных відах работ, канечне, дазволеных заканадаўствам.

– Разам з настаўнікам Вадзімам Віктаравічам Кузьменяй хлопчыкі адрамантавалі 65 парт, – кажа дырэктар. – Цяпер мэбля гатовая да навучальнага года. Дзяўчынкі ж шчыравалі ў кабінеце працоўнага навучання, юныя швачкі падрыхтавалі па 20 фартухоў і касынак. Гэта будучая форма для дзяжурных па сталовай. Пэўныя гадзіны дзяўчынкі адпрацоўвалі ў школьнай бібліятэцы, падклейвалі падручнікі.

Ужо ў кабінеце глядзім на фартухі ды на касынкі – не прыдрацца, каб і хацелася, швы роўненькія, прыгожыя. Настаўнік са стажам Аксана Віктараўна Канявега за гады работы выпусціла не адно пакаленне пачынаючых швачак. Настаўніца ўпэўніла – шыць на машынцы зможа кожная дзяўчынка, трэба толькі трошкі цярпення і акуратнасці. Самі дзяўчынкі прызналіся, што ў першыя дні было некалькі няроўных строчак, але пасля ўсё пайшло як па масле.

– Дзяўчынкам цяжка было працаваць з нейлонам, ёсць тонкасці ў рабоце з гэтай сінтэтычнай тканінай, – расказвае Аксана Віктараўна. – Звычайна на ўроках мы працуем з больш падатлівай бавоўнай (хлопок). Сёння ў нас на «ўзбраенні» 9 новых універсальных швейных машынак, рабочыя месцы ў нашых работніц годныя!

Адной з першых прынесла заяву ад бацькоў на залічэнне ў лагер працы і адпачынку Ніка Зяленя з 8 «Б». Іголку і нітку ў руках яе навучыла трымаць бабуля Ганна Мікалаеўна – выдатная швачка. З дзяцінства Ніка зразумела, як добра мець такое рамяство ў руках. Ніка якраз марыць пра новыя срэбраныя завушніцы, цяпер яна можа купіць іх сабе сама.

Зараз 8-9-класнікі ДУА «Даманаўская СШ», як і Ніка, могуць наблізіць кожны сваю мару: за два рабочыя тыдні, па тры гадзіны ў дзень, школьнікі атрымаюць прыклада па 150 рублёў зарплаты. Нядрэнна.

Так, у Даманаўскай школе сёлета працавалі шэсць школьнікаў: Аляксандра Ляшук, Вадзім Хаванскі, Валерыя Журко, Марыя Лявончык, Данііл Корза і Іван Стружко. Гэтая моладзь два тыдні даглядала школьны агарод і клумбы. Матыкі ў руках вясковыя дзеці трымаць умеюць, таму і праблем не было ніякіх, але дзеці прызналіся шчыра – складаней за ўсё было палоць моркву. У агародзе ў 20 сотак зараз узорная чысціня, дырэктар лагера Наталля Міхайлаўна Колтун паказвае школьнае «багацце»: на градках буяе цыбуля, морква, капуста, агуркі.

– Гэтую гародніну будуць есці нашы дзеці ўвесь год, мы паменшым кошт харчавання і дададзім у меню фрукты ды салодкае, – адзначае Наталля Міхайлаўна. – Дзеці, якія так шчыра папрацавалі гэтыя два тыдні, будуць ведаць, што той жа зефір ці ёгурт на школьным стале з’явіліся дзякуючы і іх старанням. Ці тое не прыемна?

Канечне, прыемна, тут мы пагаджаемся. А яшчэ адзначым, што ўсе юныя работнікі як адзін казалі: грошы аддадзім бацькам, каб ім у жніўні прасцей было сабраць дзяцей у школу. Так, усе шасцёра работнікаў лагера «Рытм» са шматдзетных сямей, і кошт кожнай капейцы яны ведаюць.

Дарэчы, жадаючых правесці лета з карысцю заўсёды больш, чым прапанаваных месцаў, перавагу аддаюць членам ГА «БРСМ», дзецям са шматдзетных сямей, сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзецям, якія стаяць на розных відах уліку. Сам лагер доўжыцца тры тыдні, два з якіх рабочыя, адзін – для адпачынку. І нават у працоўныя дні, пасля гадзін работы і абеду школьнікі адпачываюць, займаюцца спортам, ездзяць на экскурсіі і ў паездкі. У абедзвюх школах казалі: праблем з наборам ніколі няма. Аднак такім юным работнікам неабходная заява ад бацькоў і абавязковая медыцынская даведка, былі ў гэтым годзе выпадкі, калі ўрачы не давалі дазволу нават на такую лёгкую працу. Многія дзеці і бацькі здзівіліся, што ў 14 у школьнікаў з’явілася працоўная кніжка і першы запіс у ёй. Так, работа першая, няцяжкая, але падыход да працэсу сур’ёзны.

Даведка «ІВ»:
Па дадзеных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, на часовую занятасць навучэнцаў у вольны ад вучобы час з Дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны на наш раён выдзелена 27,5 тысячы рублёў. Плануецца часова працаўладкаваць 120 чалавек, але ўжо сёння ёсць падставы думаць, што лічбы будуць большымі.

Так, упраўленне дапаможа ў пошуку працы на канікулах і студэнтам. На сайце Івацэвіцкага райвыканкама http://ivacevichi.brest-region.gov.by ёсць спасылка на ўсю неабходную інфармацыю з пералікам арганізацый, якія сёння прапануюць працоўныя месцы на лета.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });