Барыс Іванавіч Саханько нарадзіўся ў чэрвені, і калі пачалася Вялікая Айчыннай вайна, яму толькі-толькі споўнілася 16. У родных Любішчыцах, як усюды, гэтую навіну сустрэлі з трывогай. 22 чэрвеня 1941 года быў днём, калі ўсе адчулі: бяда зойдзе ў кожны двор. Перажывалі бацькі, бо ў сям’і гадавалася чацвёра сыноў. Старэйшы пазней загіне на фронце, а Барыс, які таксама бараніў Радзіму, на шчасце, вернецца дахаты. Але і ён ішоў дастаткова доўга – партызанскімі сцежкамі, франтавымі дарогамі. Ваенныя сюжэты і цяпер перад яго вачыма, Барыс Іванавіч помніць усё да драбніц.

У пачатку вайны падзеі развіваліся маланкава – акупанты занялі Любішчыцы дастаткова хутка, тут устанавіўся новы парадак, пра які ветэран расказваць не любіць. Але іншы раз і маўчанне – адказ. Ківае, калі я пытаюся пра расстрэлы мірнага насельніцтва, пацвярджае, што і хаты гарэлі. Але расказвае пра сябе. Вяскоўцы, у тым ліку яго сям’я, клапаціліся пра надзённае: апрацоўвалі зямлю, займаліся сельскай гаспадаркай, каб выжыць. Барыса, як і іншых юнакоў і дзяўчат, немцы прымушалі працаваць і на іх – у асноўным даводзілася рамантаваць шасэйную дарогу. А далей Барыса маглі б чакаць прымусовыя работы ў Германіі, куды разам з таварышамі адправіўся ён на цягніку. Толькі ў Брэсце яму ўдалося ўцячы дзякуючы аднаму рабочаму на станцыі, які выпусціў хлопцаў з вагона. З гэтага моманту пачалося яго асабістае супраціўленне нямецка-фашысцкім захопнікам. Дзякуючы добрым людзям, іх падказкам, іх спагадзе Барыс разам з іншымі змог дабрацца да жытлінскіх лясоў і далучыцца да партызанскага атрада Молатава, да брыгады Дзяржынскага.

«Там сядзець не давалі»
Партызанскі сямейны лагер знаходзіўся асобна, у тым жа, куды трапіў Барыс, былі адны мужчыны. «Там сядзець склаўшы рукі не давалі. Кожную ноч – не туды, дык туды…», – расказвае ветэран. Хадзілі і на «падбіўку» цягнікоў з супрацьтанкавымі ружжамі – стралялі па паравозах, у разведку (ідзеш у апошнюю хату, распытваеш…), мініраваннем займаліся. Узгадвае і пра такое заданне: Барыс трапіў у каманду, якая павінна была дастаўляць цяжка параненых партызан на аэрадром у в. Свірын за Брэстам, адкуль на рускіх самалётах іх адпраўлялі ў тыл. Але не атрымалася якасна наладзіць работу, і таму неяк партызаны самі павезлі параненых на конях у Заходнюю Украіну, на станцыю Рафалаўка, і там перадалі іх у добрыя рукі. Абоз быў вялікі, з усяго Брэсцкага партызанскага злучэння. Небяспечная гэта была справа – рушыць у такі шлях, але так разважае ветэран: «Страшна – не страшна… А куды падзенешся? Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж».

Завязваліся і баі, страляць даводзілася. Неяк сутыкнуліся з мадзьярамі з Івацэвічаў. Шчыра прызнаецца ­– прыйшлося адступіць ва ўрочышча Курылец і вярнуцца на былыя пазіцыі толькі праз два тыдні, калі вораг іх пакінуў.

Жылі ў зямлянках, елі проста. Не хацелася ветэрану ўдавацца ў дэталі быту – было і было. «Як сустракалі вас ў вёсках, калі завітвалі туды?» – пытаюся. «Мы днём не хадзілі па вёсках. Пойдзеш днём – там паліцаі. Ідзеш ноччу, як воўк. І па-ўсякаму сустракалі людзі, але ў асноўным дапамагалі, чым маглі, былі за партызан. Згадваю, як тады з Брэста ішлі, уцякаючы ад немцаў. Каб не людзі, не дайшлі б. Давялося пераходзіць і чыгунку, і шашу, людзі падказвалі, калі і ў якім месцы лепш прайсці, дзе на начлег спыніцца».

Час бег хутка. У атрадзе Барыс Іванавіч быў каля года, да вызвалення Мінска ў 1944 годзе.

І сябрам стаў кулямёт

Яго прызвалі адразу, нават дахаты, у Любішчыцы, не пусцілі, каб пабачыцца з бацькамі. Партызанамі дайшлі да Кобрына, успамінае, што там сустракалі іх з аркестрам. Брэст быў ужо вызвалены. На польскай тэрыторыі памылі іх, апранулі – і на фронт. Навічкоў вучылі страляць, а партызан не, яны ўжо ўмелі. У Барыса Іванавіча была вінтоўка, але на фронце памяняў яе на кулямёт Дзегцярова. Хацелі зрабіць Барыса камандзірам аддзялення – не захацеў. Узяў кулямёт – і з ім ажно да ранення. Пасля такога рашэння салдат стаў адной з галоўных мішэняў для ворага.

Традыцыйна пытаюся пра пачуцці падчас баёў і чую такі адказ:
«Там страху няма, там сочыш толькі за тым, каб цябе не забілі. Пабеглі і пабеглі… Не бывае такога, каб свісцелі кулі, а людзі не гінулі. Паміралі навокал многія. Але не было калі глядзець на іншых, хто ўпаў, хто не – там сам сябе глядзіш».

Барыс Іванавіч расказаў пра адзін запамінальны бой: «На нас немцы пусцілі 15 «Тыграў» (нямецкіх танкаў), 8 падбілі, а 7 здалі назад і пайшлі ў чыстае поле, дзе не было артылерыі. І вось адзін танк пад’ехаў да нашай траншэі і стаў. Немец адкрыў люк, вылез і хацеў страляць па траншэі, па салдатах. Яму, зразумела, уляпілі. І ўпершыню я ўбачыў зусім побач, як успыхнуў, а пазней палаў танк і немец, хістаючыся, у ім. Дагэтуль помню тое вогнішча». Помніць і эпізод з яшчэ аднаго бою, калі іх аддзяленне паслалі ў разведку. Камандзір ішоў першым, радавы Саханько за ім з кулямётам, следам два другія нумары неслі па тры дыскі. І астатнія ззаду, ішлі гуськом у густым тумане. А ў ім хаваўся вораг… Немцы падпусцілі нашых салдат блізка і адкрылі агонь. Камандзіра забілі адразу, а Барыс кінуўся ў канаву з кулямётам. Выпусціў адтуль сем дыскаў па варожых кулямётчыках, але іх было два: пачынаеш страляць па першым, «строчит» другі і наадварот. Але падаспела дапамога, і самому пашчасціла выжыць.

«Раскажу, як загінуў мой другі нумар, – успамінае ветэран. – Ноччу мы ляжалі пад агнём артылерыі і чужой, і сваёй (так атрымалася па памылцы). А калі сціхла ўсё, другі нумар падняў галаву – і снайпер яго зняў. Я прыціснуўся да зямлі і адсунуўся далей. Раздаўся выстрал, снайпер біў мяне дакладна па галаве, толькі яна аказалася трохі ніжэй, і куля прайшла праз шынель у 10 см. На вайне трохі «проморгал» – і ўсё. І не ведаеш, адкуль па табе страляюць».

А вось ветэран успамінае пра падзеі, якія папярэднічалі яго раненню: «Быў я пад Варшаваю, там 28-ю армію моцна пабілі. Вярнуліся ў Жабінку, дзе прайшлі фарміроўку, далі нам папаўненне. І мы 18 начэй ішлі на Гродна, з Гродна ў Літву на прарыў граніцы. Помню, 9 начэй ішлі, на дзясятую далі адпачынак, і зноў 9 начэй ішлі – і адразу ў бой. Як ішлі, так і пайшлі. Занялі пазіцыі, стаялі ў абароне. А калі пайшлі на Кёнігсберг (сёння – Калінінград), мяне на другі дзень параніла асколкам у нагу. Ляжаў у шпіталі ў Вільнюсе тры з паловай месяцы. І больш на фронт не патрапіў».

Добра ставіліся да салдата ў шпіталі, харошы хірург, маёр, пакінуў яго «в команде выздоравливающих», таму ён атрымаў якаснае і больш працяглае лячэнне. Трапіў у запасны батальён, ён знаходзіўся ў г. Гумбінене (сёння – Гусеў), калі прыйшла добрая навіна: вайне канец! Але дамоў ніхто не рушыў. Хутка паспела збожжа, і запасны батальён паставілі на ўборку ўраджаю. Убіралі, вазілі, малацілі… Прабыў Барыс Іванавіч у запасных да мая 1946 года. Потым вайскоўцаў перавялі ў Ваўкавыск, дзе хлопец даслужыў да дэмабілізацыі. У Любішчыцы вярнуўся ў лютым 1948 года.

«Вайна – гэта страшна»

Пачалося новае жыццё. Яно было звязана з лясной гаспадаркай, у якой Барыс Іванавіч прарабіў ажно да пенсіі. Пабудаваў сваю хату, ажаніўся (жонка была паляводам), мае двух дачок і сына, унукаў і ўнучак. Разам з жонкай пражылі 64 гады (!), тры гады таму яна пайшла з жыцця.

«Вайна – гэта страшна. Цяпер ваююць – не навучыліся на памылках. Жыць людзям хочацца багата, ніц не рабіць, многа атрымліваць, гуляць… Каб ім наш час, то яны зразумелі б таксама жыццё і што ў ім галоўнае», – сказаў ветэран напрыканцы размовы. У ім, 97-гадовым, і цяпер адчуваецца стрыжань, не сумняваешся, што быў ён рашучым і смелым і на полі бою, і па жыцці. Стоячы на сваім падворку пад вішнямі, ён успамінае юнацтва не зусім ахвотна, пакідаючы многае неагучаным, – тое, што лічыць надта балючым, неадназначным, пра што сапраўды не хочацца ўспамінаць. Бо вайна не прыгоды, а зброя не цацка, з якой гуляўся. Войны не павінны больш паўтарыцца – скажа ці не кожны ветэран. І толькі адны ветэраны сапраўды ведаюць, пра што кажуць.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });