Пасля невялікага перарыву, прадыктаванага пандэміяй, любімая многімі раёнка аднаўляе традыцыйныя Дні падпісчыка. Як і раней, супрацоўнікі «ІВ» наведалі паштовыя аддзяленні з галоўнай мэтай – пачуць свайго чытача, пагутарыць з падпісчыкамі і сабраць прапановы, а яшчэ прадаставіць прыемны бонус для ўсіх, хто прыйшоў на пошту ў назначаныя дні, – падарункі ад нас.

У Івацэвічах Дзень падпісчыка праходзіў 23 чэрвеня на цэнтральным паштовым аддзяленні. Для большасці чытачоў такая акцыя стала сюрпрызам. «Вось добра, на газету падпішыся, ды яшчэ і прыз атрымай!» – казалі людзі. Соф’я Дзмітрыеўна Хаванская з Кушняроў, наша пастаянная чытачка, і ў свае 83 чытае нават без акуляраў. Клапатлівая дачка Ніна Мікалаеўна прыйшла па пошту па просьбе матулі, каб выпісаць на квартал газету, ды яшчэ павезла ёй у Кушняры падарунак.

Мікалай Гурляй з Булы аднойчы змяніў гарадскую прапіску на вясковую і зараз жыве разам з матуляй. Яна чытае нашы асабістыя, вершы і рэцэпты, сына ж цікавяць хроніка і здарэнні, а яшчэ сельскагаспадарчая тэматыка, бо сам Мікалай працуе даглядчыкам на ферме. Кожны цікавіцца сваім, але быць на пульсе навін сям’і ўжо проста неабходна. Мікалай запрасіў у госці журналістаў, цікава і нам паглядзець, як і чым жыве сёння Була.

За дзве гадзіны ў Целяханах 24 чэрвеня на «ІВ» падпісаліся 50 (!) чалавек. Нехта ўпершыню аддаў перавагу мясцовай прэсе, большасць жа – нашы даўнія сябры і нават пазаштатныя аўтары. Галіна Рак адзначыла, раёнку яна выпісвае заўсёды, жанчына вельмі любіць нашы апытанні, кажа, цікава пачытаць, што кажуць простыя людзі, жанчына сочыць за творчасцю землякоў-паэтаў, а яшчэ ў перыяд рамонту асабліва актуальныя для яе нашы аб’явы. Доўгі час у раёнцы свае артыкулы друкавала дачка Галіны Мікалаеўны Вераніка. Зараз дзяўчынка ўжо скончыла першы курс журфака і праходзіць практыку на радыё.

Па выніках двух сустрэч мы зразумелі, што людзей па-ранейшаму вельмі цікавяць раённыя навіны, а яшчэ кожны чакае артыкула пра знаёмых людзей, магчыма, аднавяскоўцаў, родных… Многія расказвалі, як прыемна было ўбачыць на старонках фота дачкі-медалісткі ці ўнука, маладога спецыяліста, або маці, калі яе віншавалі з 90-годдзем…

Так, журналісты і надалей будуць курсіраваць па раёне ў пошуках цікавых тэм, а ў тых, хто яшчэ не далучыўся да кагорты нашых падпісчыкаў, застаюцца лічаныя дні, каб аформіць падпіску. Звяртайцеся да паштальёна ці прыходзьце на паштовыя аддзяленні, падпісацца яшчэ можна па
30 чэрвеня.

Сачыце з намі, за раённымі навінамі!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });