Наш Мікіта Райко дзеліцца ўражаннямі

Нагадаем, 22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны, па тэрыторыі Беларусі акурат з Брэста ў далёкую дарогу адправіўся «Цягнік памяці». У такім беларуска-расійскім праекце прымаюць удзел 200 беларускіх і расійскіх старшакласнікаў, у тым ліку і Мікіта Райко, вучань 10 «А» класа ДУА «СШ № 1 г. Івацэвічы».

Ужо заўтра, 3 ліпеня, цягнік прыбудзе на канцавы прыпынак у сталіцу. Моладзь далучыцца да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У праграме паездкі было наведванне 15 гарадоў, у Беларусі гэта Брэст, Гродна, Віцебск, Орша, Магілёў, Гомель і Мінск. У гэтыя дні два братэрскія народы разам адзначаюць смутныя даты пачатку вайны. У праграме былі экскурсіі па гарадах, наведванне музеяў, помнікаў, удзел у мітынгах, сустрэчы з ветэранамі, прадстаўнікамі ўлады абедзвюх краін.

У дзень размовы з журналістам
(29 чэрвеня) групы старшакласнікаў наведвалі паўночную расійскую сталіцу – Санкт-Пецярбург. На наступны дзень група збіралася вяртацца ў Беларусь, у нашы Оршу і Магілёў.

– Шчыра кажучы, калі яшчэ зімой мы далі згоду на ўдзел у праекце, думалі, калі яшчэ гэта будзе і ці будзе ўвогуле, – успамінае Мікіта. – І вось я ў цягніку, упершыню ў жыцці ў такім далёкім падарожжы. Многія беларускія гарады я таксама ніколі не бачыў, у Расіі больш за ўсё ўразіла, канечне, Масква. У прыватнасці, велічны і неабдымны, здаецца, Музей Перамогі, які быў адкрыты ў 1995 годзе на 50-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Я пазнаёміўся з моладдзю з Расіі, прыемна чуць ад іх добрыя водгукі пра Беларусь. Ніколькі не пашкадаваў, што трапіў у праект, я з партызанскай сям’і, але толькі зараз усур’ёз задумаўся, які подзвіг у часы вайны здзейснілі мае родныя.

Наш Мікіта – выдатнік, прызёр алімпіяд і стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праект аб’яднаў таленавітую, актыўную моладзь. У размове з мамай Мікіты Кацярынай Юр’еўнай прыйшлі да высновы: як пашчасціла гэтым школьнікам правесці так цікава і пазнавальна два тыдні і зафіналіць іх удзелам у галоўным свяце краіны.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота з архіва Мікіты РАЙКО і з сайта grodnonews.by.

Поделиться
webvisor:true });