Гэтую фразу загадчыцы ДУА «Яслі-сад № 7 г. Івацэвічы» Кацярыны Мікалаеўны Шэлест можна трактаваць як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Так, дзякуючы будаўніцтву новага дома па суседстве з садком па вул. Чарткова да ўстановы дашкольнай адукацыі былі пракладзеныя прыгожыя шырокія дарожкі, па якіх і пешшу, і на транспарце – тым жа веласіпедзе ці самакаце – побач з бацькамі ісці і ехаць добра. А ў другім сэнсе, усе сцежкі-дарожкі вядуць і вабяць у абноўлены садок. Апошнім часам «Каласок», асабліва тэрыторыя навокал, вельмі змяніліся.

Пачынаючы сваю дзейнасць, загадчыца яшчэ ў 2020-м годзе адразу вызначыла самую вялікую праблему садка, і гэта была прымыкаючая тэрыторыя. Былі звароты бацькоў наконт тых жа дарожак, перад варотамі ўстановы дашкольнай адукацыі стаялі лужы, былі ямы, пытанне вырашылі часова і дарожкі падсыпалі, але глабальна вырашыць праблему дапамагла будоўля. Цяпер насупраць «Каласка» прыгожы дом і самая сучасная дзіцячая пляцоўка, а яшчэ прасторныя дарожкі. Пытанне нумар два – гэта тэрыторыя каля садка, шэсць участкаў, на якіх гуляюць дзеці.

– Вы не ўяўляеце, які фронт работ мы асілілі ў мінулым годзе, – успамінае загадчыца Кацярына Мікалаеўна. – Разам з калектывам і бацькамі мы знялі старую плітку, убралі маральна састарэлы вугалок бяспекі, прызначаны для вывучэння правіл дарожнага руху, яшчэ мы выкарчавалі велізарныя пні старых дрэваў. У адзін з такіх «ударных» суботнікаў, а іх было шмат, ад садка ад’ехалі два гружаныя МАЗы. Уяўляеце, колькі мы ўсе тут папрацавалі? І я шчыра дзякую работнікам і, канечне, бацькам, а яшчэ спонсарам, дзякуючы якім мы пабудавалі на тэрыторыі навес для транспарту, цяпер веласіпеды ці тыя ж каляскі не мокнуць пад дажджом.

Калі тэрыторыю расчысцілі, мы пачалі добраўпарадкаванне. На месца старых туй пасадзілі маладыя, а далей тут з’явіліся драўляная машына, фігуркі жывёл і нават замак з гадзіннікам і фантанам.

Прыгажосць рукамі вартаўніка…

У садку зараз 134 выхаванцы, сёлета набіраюць дзве новыя групы. Нядаўна «Каласок» адкрыўся пасля планавага рамонту, і дзетак чакаў сюрпрыз – новы беларускі вугалок з плотам, сланечнікамі, чыгункамі, збанамі і жывёламі… І гэта толькі адзін з арт-аб’ектаў у садку. Апошнім часам тут з’явіліся яшчэ незвычайнай прыгажосці карабель, сям’я зайчыкаў і замак з гадзіннікам і фантанам!

Генератары ідэй – творчае трыа: загадчыца Кацярына Мікалаеўна Шэлест, намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Алеся Сяргееўна Жытніковіч і вартаўнік з душой мастака – Мікалай Мікалаевіч Маслаў.

Мікалаю Маславу, як выканаўцу ўсёй гэтай прыгажосці, асобая ўвага.

Шмат гадоў таму ўнук прафесійнага мастака і сын кампазітара прыехаў у наш раён з Пружан за жонкай. З самай маладосці чалавек з такой генетыкай не мог жыць без творчага палёту.

– Я пачынаў з малявання, у мяне зараз ужо каля 300 карцін (ёсць яны і ў садку), – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Пасля спрабаваў нават цестапластыку, ох, як падабалася мне ляпіць. А потым узяўся за дрэва і метал. Некаторы час жыў у Германіі, працаваў будаўніком.

Дарэчы, замак – адзін з самых складаных і фундаментальных аб’ектаў у «Каласку». Яго Мікалай Мікалаевіч будаваў амаль паўгода, разам з калегамі маляваў праект, а пасля сам прадумваў кожную дробязь. На замку – герб Івацэвіцкага раёна, ёсць флюгер і нават гадзіннік з рабочым механізмам. Так бацькам зранку прасцей арыентавацца ў часе!

Яшчэ каля замка з’явіўся невялікі вадаём з фантанам, а некалькі тыдняў таму вадаём зарыбілі. Тут жывуць цяпер два карасікі. Далей аўтар дадаваў упрыгожванні: тут плаваюць гарлачыкі (кувшинки), а побач сядзяць жабкі-прыгажуні. Кампазіцыю абрамляюць вербы, туі, а ноччу карцінку ствараюць ліхтары, якія зараджаюцца днём ад сонца. Праект прадуманы да дробязей, ёсць сістэма зліва вады, а яе, як кажа майстар, трэба мяняць часта.

Уявіце сабе, як цікава дзецям вучыць лічбы па гадзінніку на замку ці разглядаць сімволіку раёна, а як падчас прагулак яны ўсе разам вітаюць рыбак у вадаёме. Вельмі любяць малыя і паляну з сям’ёй зайцаў. Тут «жывуць» восем вушастых шэрых. Сімвалічна, што каля садка бацькоў з дзецьмі сустракае маці-зайчыха, якая абдымае сваё зайчаня.

У работнікаў садка яшчэ шмат ідэй, многае ўпіраецца ў грашовае пытанне. Але ёсць жаданне ў калектыву. А значыць, чакаць выхаванцам «Каласка» і іх бацькам яшчэ новых сюрпрызаў!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });