З канца чэрвеня пачынаецца сезон ягад і грыбоў. І, канешне, людзі імкнуцца назбіраць дароў лесу для нарыхтовак на зіму, а аматары – і зарабіць дадатковую капейчыну. З ягадна-грыбным сезонам пачынаецца «гарачая пара» і ў рэйдавай групы. Бо знаходзяцца тыя, хто прадаюць ягады-грыбы, можна сказаць, не адыходзячы далёка, – уздоўж асфальтаваных дарог каля лесу.

У чарговы рэйд, які ладзіўся сумесна з аддзелам эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама, санітарнай службай раёна і Івацэвіцкім РАУС, нас паклікаў сігнал, што на ўзлётнай паласе прама на трасе міжнароднага прызначэння можна набыць лісічкі і чарніцы, ды яшчэ патаргавацца за іх кошт не горш, як на рынку.

Канешне, калі спачатку палову дня марнуеш на пошукі і збор дароў лесу – ягад і грыбоў (добра пайшлі лісічкі), а другую палову дня – на прастой каля слоікаў з гэтым дабром, тады і аддасі за бясцэнак «свой тавар». Дык якая выгада з гэтага? Хіба не прасцей здаць ягады-грыбы ў нарыхтоўчы пункт або прыватніку? Ці прадаць на рынку, дзе для пенсіянераў існуе зніжка ў 50 % за месца? Што прымушае людзей рызыкаваць сваім жыццём і здароўем тых, хто спакусіцца набыць дары лесу, забруджаныя ад выхлапных газаў машын на магістралі?

– Пытанне незаконнага размяшчэння гандлю ўздоўж палос аўтамабільных дарог – не новае, – гаворыць намеснік начальніка аддзела эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама Таццяна Чыж. – Звяртаемся да яго штогод падчас сезона. Узаемадзейнічаем з аўтаінспекцыяй і іншымі надзорнымі службамі, у тым ліку – санстанцыяй. Праводзім рэйды, гутарым з парушальнікамі, папярэджваем аб недапушчальнасці такіх паводзін, складаем пратаколы, аднак усе гэтыя меры пакуль не даюць жаданых вынікаў. Канешне, прадаўцоў ля абочыны становіцца менш, але ўсё роўна знаходзяцца тыя, хто імкнецца так зарабіць… Мы выносім папярэджанне спачатку, яно заносіцца ў рэспубліканскую базу правапарушэнняў (арт. 13.11, ч. 6 КаАп РБ), і калі мы паўторна выяўляем правапарушальніка за гандаль у неналежным месцы, тады ідзе штраф да трох базавых велічынь. Разглядаць справу будзе ўжо суд. Ягады прымаюць усе магазіны райспажыўтаварыства, дастаткова прадпрымальнікаў у раёне займаюцца прыёмкай ягад і грыбоў.

У такія рэйды даводзіцца браць і супрацоўніка міліцыі, таму што не ўсе хочуць называць сваё сапраўднае прозвішча і імя. Сёння вось з намі працуе ўчастковы інспектар міліцыі па ААПП Івацэвіцкага РАУС Уладзіслаў Бондар і інспектар ДПС ДАІ Ян Чаплінскі.

Заклапочанасць з боку санітарнай службы тлумачыць Ганна Янушкевіч, урач-гігіеніст ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»:

– Па-першае, у нас на рынках ёсць спецыяльна ўсталяваныя месцы для гандлю, па-другое, у такога прадаўца няма дакументаў, якія б пацвердзілі якасць дадзенай прадукцыі, па-трэцяе, няма ніякіх умоў для асабістай гігіены так званага прадаўца, ды і ўмоў захоўвання падручных сродкаў. Часцей за ўсё тавар стаіць прама на дарозе. Асабліва не рэкамендуецца купляць на «стыхійных рынках» грыбы, бо сярод быццам бы добрых грыбоў могуць трапіць і ядавітыя.

Чаму людзі не ідуць гандляваць на афіцыйныя міні-рынкі? ДАІ гэта не да-зваляе таксама: «Стыхійныя рынкі ля трас – сур’ёзная праблема. Вадзіцелі заглядаюць на тавар, адцягваюць увагу ад кіравання аўто, адбываецца ДТЗ. Або людзі перабягаюць дарогу да прадаўцоў і трапляюць пад колы». За загрувашчванне паласы можна атрымаць адразу на месцы папярэджанне або штраф.

Праехаўшы да мяжы з Баранавіцкім раёнам, мы нікога ўздоўж дарогі не сустрэлі. Былі прыемна здзіўлены гэтым фактам. Вырашылі праехаць у адваротны бок да мяжы з Бярозаўскім раёнам. І вось не даязджаючы да Няхачава, непадалёк ад пасёлка Зялёны Бор, убачылі «стыхійны рынак» збіральнікаў ягад. Пад’ехалі да дзвюх жанчын, астатнія, убачыўшы машыну з міліцыянерам, кінуліся хто куды: хто ў лес, хто хутчэй на веласіпед і на ўцёкі.

Жанчыны неахвотна ішлі на дыялог, спрабавалі неяк выкруціцца, просячы, што больш не будуць. Але практыка паказвае, што той, хто сёння абяцае, што «гэта апошні раз, такога не паўторыцца», зноў парушае законы. І толькі калі пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ, палеміку з намі жанчыны спынілі. Жанчыны «папаліся» ўпершыню, таму згодна арт. 18.20 ч. 1 КаАп РБ (пры ўмове, што парушальнік не ў стане алкагольнага ап’янення) яны атрымалі папярэджанне. Калі ж трапяць паўторна, атрымаюць штраф – адну базавую велічыню.

Будзем спадзявацца, што прафілактычныя размовы будуць мець плён. І калі ўжо ёсць сілы і жаданне на пенсіі збіраць ягады-грыбы, дык хопіць сіл і часу прадаць іх у прызначаным для гэтага месцы.

У рэйд ездзілі намеснік начальніка аддзела эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама Таццяна Чыж; супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС – участковы інспектар міліцыі па ААПП Уладзіслаў Бондар
і інспектар ДПС ДАІ Ян Чаплінскі; Ганна Янушкевіч, урач-гігіеніст ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» і карэспандэнт «ІВ» Марыя Сазонава.

Поделиться
webvisor:true });