Роўнае, колас да коласа поле азімай пшаніцы ў ААТ «Квасевічы» ва ўрочышчы, што месціцца паблізу ад царквы ў Альбе, адкрылася погляду карэспандэнтаў 29 ліпеня.

«Ну чым не золата?» – радавалася душа. Міжволі згадаліся радкі з песні: сцяной стаіць пшаніца залатая… Яе ледзь калыша вецер, а камбайны на фоне блакітнага неба, бы волаты, ідуць плаўна, уразаючыся ў шчыльную хлебную сцяну, акуратна вымалочваюць багаты дар зямлі і працы чалавечай. Буслы цэлай грамадою кружаць над полем, стараючыся асесці каля важкіх каласоў…

Ураджай азімых культур, як вядома, закладваецца яшчэ з восені. Вось і падчас правядзення восеньскай парою мінулага года раённага семінара па пытаннях захавання тэхналогіі і падрыхтоўкі глебы да сяўбы азімых культур на гэтым полі спыняліся ўдзельнікі нарады. Тут ішла сяўба гатунку азімай пшаніцы «Багатка» суперэлітнай рэпрадукцыі.

Гаспадарка не прагадала, што зрабіла стаўку на гэтую культуру і пасеяла яе 446 гектараў. І на ўсіх палях – гатунак «Багатка». Дырэктар гаспадаркі Віктар Алексяюк і галоўны аграном Дзмітрый Пузыновіч любяць гэты гатунак – зерне буйное, напоўненае, з добрай клейкавінай. І ўраджайнасць на полі атрымалася добрая – 52,9 цэнтнера з гектара.

– У чым асаблівасць гэтага поля? – цікаўлюся ў галоўнага агранома.
– Поле – звычайная мінералка, – адказвае ён. – Хіба што больш нізіннае, і засуха, якая здарылася ў ліпені, тады на працягу 12 дзён трымалася тэмпература паветра вышэй за 30 градусаў, не так зачапіла яго. А так патэнцыял гэтага поля, каб не ліпеньская спякота, быў бы пад 65 цэнтнераў з гектара, не менш. Заўважу, мы вырошчваем толькі азімую пшаніцу. У нашай кліматычнай зоне з улікам засух яравая рэальна не атрымліваецца. Тэхналогія апрацоўкі гэтага поля не выдзялялася, усё, як на ўсіх палях. Па ўраджайнасці гатунак «Багатка» не падвёў. У сярэднім па гаспадарцы за 40 цэнтнераў стабільна возьмем.

І ўсё ж галоўны аграном быў засмучаны. Колькі працы было ўкладзена ў жніўныя палі, у іх апрацоўку і догляд, а ліпеньская засуха зраўняла рэзультат у свой бок.

– Таму і называецца Беларусь зонай рызыкоўнага земляробства. Здаецца, робіш усё па максімуме: фунгіцыдныя апрацоўкі, падкормкі мікраэлементамі і азотам, а тут прыпякае сонейка два тыдні і ўсе намаганні выроўнівае з далёкім і блізкім суседам. У суседа, які даглядаў, можа, і не так дасканала, атрымаецца такі ж вынік, – скардзіцца ён.

Горыч галоўнага агранома зразумелая. Адбіваецца на стане, калі старанні раптам не апраўдваюцца па прычыне, якая не залежыць ад цябе. Але гэта не значыць, што рукі апусціліся. У ААТ «Квасевічы» старанны догляд за ўсімі культурамі.

– Сёлета была вялікая праблема, напрыклад, з рапсам, – расказвае Дзмітрый Анатольевіч. – Яго было пасеяна 209 гектараў, і ўвесь пайшоў перад уборкай плямамі. Давялося зрабіць дэсікацыю. У выніку адваявалі ўраджайнасць 35 цэнтнераў з гектара. Для рапсу вельмі добрая ўраджайнасць, намалацілі 732 тоны, хаця патэнцыял рапсу быў на 40 цэнтнераў з гектара. Таго ж піваварнага ячменю патэнцыял быў больш за 60 цэнтнераў з гектара, а пачалі ўбіраць, і на першых 63 гектарах ураджайнасць склала 55,1 цэнтнера з гектара.

На гэтым полі азімай пшаніцы, дзе мы пабывалі, згрупавалася амаль уся тэхніка гаспадаркі – пяць камбайнаў, МАЗы на адвозцы збожжа, прэс-падборшчыкі саломы… Тэхніка падрыхтавана па-гаспадарску. Усе пяць збожжаўборачных камбайнаў, хоць адзін з іх не GS12, а КЗС-10, працуюць у добрым тэмпе.

– Хто ў вашай гаспадарцы лідар на жніве? – пытаюся.

– Шчыра сказаць, мяне больш цікавіць чыстае збожжа на зернятоку і чыстае поле. Каб не было страт. А хто лідзіруе, не важна. Усе стараюцца. Гэта і сямейны экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксея Сярко і памочніка Барыса Сярко, экіпажа Мікалая Канявегі і Вячаслава Усенкі, Аляксандра Шчаснага і Анатоля Шчурскага, Сяргея Куксы і Аляксандра Голуба, Сяргея Галабурды і Мікалая Бурдзюка.

Сапраўды, прозвішчы камбайнераў на слыху. У папярэднія гады многія з іх на жніве выходзілі ў лідары не толькі па раёне, а і па вобласці. Вось і гэтае багатае поле камбайнеры з задавальненнем убралі за дзень.

Салому з паловы поля ўбралі. Галоўны аграном казаў, што гэтае поле па ўборцы саломы не так актуальнае, яно пойдзе пад кукурузу, і яго паспеюць падрыхтаваць. Больш актуальна ўбраць салому з палёў яравых культур, дзе будуць сеяцца азімыя.

– Калі земляробства не будзе залежаць ад надвор’я?

– Не толькі земляробства, а і здароўе людзей у некаторай ступені заўсёды залежала ад надвор’я. Уборка сёлета па ўсім відаць будзе складаная і доўгая. А пасеяць усё роўна трэба ў тэрмін. Таму што сеем на наступны год на будучы ўраджай. Перад тым трэба звезці салому, унесці ўгнаенні, пераараць глебу… Гэта складана, але, думаю, мы ўсё пераадолеем, як і ў іншыя гады.

– Што парадавала сёлета?

– Патэнцыял ураджаю быў значна больш вялікі, але 12 неспрыяльных дзён – і рэальная карціна атрымалася іншая. Таму мяне гэта не вельмі радуе. Шмат фактараў уплывае на ўраджай…
Збожжаўборачны клін ААТ «Квасевічы» – 1 130 гектараў. Убрана 37,2 працэнта плошчаў. Намалочана на раніцу 1 жніўня 1 901 тона, ураджайнасць – 45,3 цэнтнера з гектара.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Паліны САУЦІНАЙ.

Поделиться
webvisor:true });