Так лічыць малады начальнік станцыі Даманава Эдгар Эрнэста Канстанцін Вальвачоў.

Эдгар Эрнэста на Беларускай чыгунцы працуе больш за 11 гадоў. Пачынаў з правадніка, працаваў саставіцелем цягнікоў на станцыі на Віцебшчыне і Міншчыне (сам родам з Віцебскай вобласці, дарэчы, з сям’і чыгуначнікаў, а прозвішча незвычайнае для Беларусі – ад таты-кубінца). На станцыі Даманава Эдгар Эрнэста Канстанцін працуе з 2017 года, быў дзяжурным па станцыі. І вось ужо больш за год – у якасці начальніка станцыі.

Апошнія два месяцы выконвае і абавязкі начальніка суседняй станцыі Лясная. Аднак не скардзіцца, наадварот, лічыць, што працаваць стала больш зручна і нават цікава, цяжкасцей у каардынацыі абедзвюх станцый не адчувае, нават можа адзначыць пэўныя вынікі за два месяцы.

– Хоць і ёсць пэўнае змяншэнне па адгрузках і загрузках з-за санкцый, але дзесьці на 20 % павялічыўся пасажырапаток: за апошнія 7 месяцаў бягучага года было прададзена 22 193 квіткі, а на пасажырскіх цягніках і «штадлерах» (хуткасных электрычках) за сем месяцаў перавезлі 1 500 пасажыраў (улічваюцца квіткі, набытыя непасрэдна на нашай станцыі, электронныя не ўлічваюцца). Пасажырскія цягнікі эканом-класа больш папулярныя сярод нашага насельніцтва, бо білет дзешавей каштуе, але трэба разумець, што «штадлер» – камфорт (інтэрнэт, кандыцыянер), хуткасць – і, адпаведна, вышэйшы кошт. З нашай станцыі людзі едуць у асноўным на Брэст ці Мінск, але з перасадкамі можна паехаць па любым пажаданым маршруце, – расказвае Эдгар Эрнэста. – Па загрузках-выгрузках супрацоўнічаем з Даманаўскім вытворча-гандлёвым камбінатам, ТАА «Бэйсік Цімбэ Компані», некаторымі будаўнічымі арганізацыямі – за 6 месяцаў гэтага года загрузілі 253 вагоны, выгрузілі 346. Загружаныя вагоны едуць па Беларусі, у Расію, Казахстан, а зараз з’явілася новая краіна-партнёр – Турцыя. Працуем з ёй два месяцы. Знайшлі выхад пасля ўвядзення санкцый і задаволены эксперыментам: за два апошнія месяцы адправілі туды 31 вагон. Зараз спрабуем сумесна з нашым кліентам, Даманаўскім ВГК, перайсці на кантэйнерызацыю перавозак. Гэта зручна, груз надзейна захоўваецца, можна пераставіць на іншы від транспарту, той жа паром. У нас ёсць тэрміналы ў Брэсце і Мінску, перагрузка кантэйнераў, гэта спрошчвае працэс грузаперавозак.

Зладжаную работу на станцыі Даманава забяспечвае невялікі, але дружны калектыў. Пасажыраў абслугоўвае вопытны касір, прафесіянал у сваёй справе Валянціна Салонка, працоўны стаж якой складае каля 20 гадоў. Месца другога касіра пакуль вакантнае.

На станцыі ёсць трое дзяжурных па станцыі: Людміла Ятчэня працуе даўно, каля 30 гадоў, вельмі адказна выконвае сваю работу; Алена Ляўчук таксама даволі вопытная, стаж – больш за 20 гадоў, і ўжо год працуе трэці дзяжурны Ганна Ятчэня, апошні час – на дзве станцыі, мае імкненне і жаданне.
Працуе яшчэ і камерцыйны агент Марта Галуза, два гады толькі на гэтай пасадзе, але добра ведае спецыфіку работы, вельмі адказная, уважлівая. Яна займаецца афармленнем дакументаў, кантралюе ўсе працэсы па загрузцы і выгрузцы вагонаў.

За парадкам на тэрыторыі станцыі сочыць станцыйны рабочы Вольга Малахава.

Завіталі і да дзяжурнай па станцыі ў той дзень Ганны Ятчэні. Спыталі ў Ганны Дзмітрыеўны, ці падабаецца ёй работа:

– У гэтай рабоце няма манатоннасці, трэба хутка прымаць рашэнні. Усё, што адбываецца на чыгуначным палатне, мы бачым на сваім пульце. Падтрымліваем сувязь с суседнімі станцыямі, сочым за бяспекай і зладжанай работай. Змена доўжыцца 12 гадзін. Раней была дзяжурнай па пераездзе на станцыі Івацэвічы, вырашыла павучыцца ў Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме, і вось ужо год працую дзяжурным па станцыі. Я, канечне, яшчэ навічок, але з кампетэнтным кіраўніком, які можа падказаць і навучыць, калі ўзнікаюць няштатныя сітуацыі, працаваць лёгка. Мы, «движенцы», забяспечваем бяспеку на чыгунцы.

Юлія Кавалёва. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться
webvisor:true });