Дом 15 па вуліцы Шасейнай у вёсцы Міхнавічы прыцягвае ўвагу сваім акуратным, дагледжаным выглядам, а двор – скошанай роўненька траўкай і мноствам кветак у вазонах. Можна і за веснічкі не заходзіць – бачна, што тут жывуць дбайныя гаспадары.

А зайшлі ў двор: скрозь па тратуарнай дарожцы, на верандзе, каля летняй кухні – дагледжаныя кветкі ў вазонах. Яны абрамляюць аркі, уваходы зверху і знізу, заварочваюць аж да гаспадарчых пабудоў і цяпліц. Ну проста райская карціна для вока. І жыве ў такім утульным сямейным гняздзе ў Міхнавічах сям’я Віталія і Алены Лось з двума дзецьмі.

Гаспадар Віталій Мікалаевіч – індывідуальны прадпрымальнік, яго жонка Алена Уладзіміраўна – хатняя гаспадыня. Памочнікі: сын Аляксандр, які сёлета пасля заканчэння 9 класаў паступіў у Мінскі машынабудаўнічы каледж, і дачушка Ульянка, яна збіраецца пайсці ў першы клас.

Утульнасцю, дагледжанасцю і ўладкаванасцю вее ад кожнай дэталі двара. Усё зроблена па-гаспадарску. Прычым няважна, жаночых рук справа ці мужчынскіх. Да прыкладу, сабралі цыбулю з градкі, расклалі па адной, а градку ўжо перапрацавалі і засеялі сідэратамі. Клубніцы рассаджаны з геаметрычнай дакладнасцю, што вока не адвесці. Каля арэляў – столік з вазонам пышнай белай бягоніі, побач мангал, каб зручна было і гаспадарам, і гасцям. Нават у курэй, а яны тут пародзістыя, сапраўдны камфорт – летні домік з выхадам у «сад». А ў планах яшчэ адна для птушкі новабудоўля. Заўважна, што ўсім і ўсяму, што тут расце і жыве, пашанцавала, бо ў надзейных руках гаспадароў усё спорыцца і ўсё, што расце, рада аддзячыць за клопат.

– Планаваў за 10 гадоў тут усё зрабіць, але калі свая хата, то заўсёды знойдзецца, што зрабіць ці перарабіць, – расказвае гаспадар Віталій Лось. – Дом купілі ў 2008 годзе. Дрэва моцнае, як ставілі шклопакеты, то іскры сыпаліся, калі пілавалі бярвёны. Таму і спынілі выбар на гэтай сядзібе. Былы гаспадар працаваў брокерам у лясгасе, дрэва сабе на хату адменнае назапасіў, але памёр, а сын яго хоць і папіваў, ды парадак у доме трымаў. Шпалеры хоць і рознага колеру, але чыстыя, новыя былі паклеены. Вось толькі двор не надта падабаўся.

– Я і сёння памятаю той дзень, – уступае ў гаворку гаспадыня Алена Лось. – Маці Віталія ў дзень пакупкі дома з самай раніцы пазваніла, плакала, каб не бралі дом, бо яна ноч не спала, перажывала, што многа трэба зрабіць тут, каб жыць, але я была цвёрдай: «Купляем».

Цвёрдасці Алены Уладзіміраўны можна падзівіцца. Віталій Мікалаевіч родам з вёскі, у Козіках нара-
дзіўся, а яна ж гарадская – з Івацэвічаў. Хаця гарадской дагледжаная жанчына сябе не лічыць. Штолета яна праводзіла канікулы ў бабулі, там навучылася сельскай працы, нават сена грэбці. Бабуля казала: «Вучыся, унучка, грабі, бо выйдзеш за калгасніка і не будзеш умець…» А сёння каб тая баба жыла ды бачыла, што ніхто ні косіць, ні грабе, усё гатовае цюкамі прывозяць.

І быццам напрарочыла бабуля, Алена выйшла замуж за вясковага хлопца. Віталій у школе не надта карпеў над падручнікамі, а навучыўся ўсяму, што можа спатрэбіцца ў жыцці. Пасля скончыў Івацэвіцкі прафліцэй, атрымаў спецыяльнасць майстра сельгасвытворчасці, правы шафёра і трактарыста. Тры гады ён адпрацаваў трактарыстам у ААТ «Перамога». Ад світання да цямна пад «песню» матора наразаў роўныя скібы зямлі пад будучы ўраджай, потым у сельгастэхніку ўладкаваўся. А гадоў шэсць назад вырашыў адкрыць ІП па рамонце каробак перадач трактароў. З той пары калясіць па гаспадарках раёна, Брэсцкай і іншых абласцях краіны.

– Я магу ў чатыры раніцы паехаць і ў адну гадзіну ночы вярнуцца, – расказвае Віталій Мікалаевіч. – Вядома, я сам сабе дырэктар, магу паехаць, а магу і не, але ехаць трэба. Калі не паеду, то сёння не зараблю, а заўтра мне ніхто не пазвоніць. Поспех мой за кошт таго, што раблю хутка, якасна і дзешавей за іншых. Мяне ўсе ведаюць па ўсёй Беларусі, клічуць. Але не гэта галоўнае, а тое, што я калі не рамонтам тэхнікі, то будаўніцтвам, апрацоўкай дамоў магу заняцца. Карацей, не прападу, і мая сям’я таксама.

Алена па адукацыі повар-кулінар. Адзін час працавала санітаркай у бальніцы, але, як пачаўся каранавірус, муж забараніў працаваць. Яна не магла звыкнуцца з гэтай думкай, але дзеці ў той час у школу не хадзілі, і яна звольнілася. Толькі цяпер супакоілася, што з’яўляецца хатняй гаспадыняй, хаця часу на роздум няма – працы хапае дома і ў двары.

Мужа яна паважае, у яго залатыя рукі. Калі ажаніліся, то кватэру нават не разглядвалі, а толькі дом. І ні разу не пашкадавалі. Уменні гаспадара тут усе і праявіліся. Ён зрабіў сваімі рукамі арэлі, умее на такарных станках працаваць, са зваркай, інструменты купляе. І дах новы зрабіў, і дом ён сам адпрацаваў. Гэты сайдынг купілі, калі ён толькі з’явіўся ў продажы. Гаспадыня запрасіла нас у пограб пад летняй кухняй паказаць закаткі. Толькі і застаўся ад былога насыпу сам пограб, а зверху зрабілі летнюю кухню. У пограбе стаяла прыемная прахалода, а ўваход туды па ступеньках – зручна і бяспечна.

– Гэтыя ступенькі зрабіў муж, – удакладняе жанчына. – Ён думаў, калі пойдзе на свой хлеб, то часу ў яго будзе больш, а яго наогул не стала. Таму іншы раз на будаўнічыя работы наймаем спецыялістаў. І то, толькі каб паскорыць працэс.

– За мужам як за каменнай сцяной? – цікаўлюся ў Алены Уладзіміраўны.

– І за жонкай, – адказвае гаспадар. – Трэба, каб удваіх цягнулі сямейны воз. Адзін не пацягне.
Алена Уладзіміраўна задаволена, што муж не сярдуе на яе за кветкі, што іх так многа.

– Я не перашкаджаю, колькі ёй трэба, столькі будзе. Толькі каб гаршкі купляла, калі я не бачу, – жартуе Віталій Мікалаевіч. – На самай справе, мне сябры кажуць, гэта ж дорага, а я ім: «Хлопцы, калі штогод абнаўляць пакрысе, то нядорага».

– Цяпер яго сябры пытаюць: а што вы робіце, што кветкі ў вас увесь час цвітуць? – смяецца гаспадыня. – Кветкі многа часу патрабуюць. Калі спякота, то паліваць трэба і раніцай, і ўвечары, штодзень абарваць сухія лісточкі, адцвіўшыя кветкі. Петунія любіць калій і фосфар, раз у ты-
дзень трэба падсілкаваць… Прыгожа глядзець, а я ранкам прачнуся, то не ведаю куды найперш бегчы: у агарод, да курэй, да кветак ці сняданак гатаваць, ці пральную машыну ўключаць. Як завядзёмся з шасці раніцы, то да ночы. Тэлевізар не глядзім, бо часу няма.

– Чаму не глядзім? Глядзім, толькі выключаны, – зноў жартуе гаспадар і дадае: – У вёсцы як? У шэсць гадзін устаў, калі ў 11 вечара ў хату зайшоў, то за шчасце. Мы працуем да цемры. Вечарам тэлефон адкрыў, каб паглядзець, што там новага, – бах, і заснуў…

Кветкі ў Алены Уладзіміраўны звычайныя: петуніі, бягоніі, аксаміткі і іншыя. Але якіх толькі колераў тут няма. І ўсе з густам перамяжуюцца то на кантрасце, то плаўным пераходамі дапаўняюць агульную карціну. Насенне іх гаспадыня купляе, а кветкі вырошчвае сама. Усходзяць яны ў скрынях на летняй кухні, потым у расадніку ўмацоўваюцца, перасаджваюцца і далей – у цяпліцу, што ацяпляецца, у ёй жа вырошчваецца і гародніна для сям’і.

З нядаўняга часу ў сям’і Лось з’явілася новае захапленне. Яны спрабуюць вырошчваць паро-
дзістых курэй. Для яек і куранят.

– Птушку, калі купілі дом, трымалі 10-15 штук, а два апошнія гады спрабуем вырошчваць пародзістую. З пародзістай цяжэй, многа нюансаў па доглядзе, і пароду трэба падабраць. У нас іх пад дзясятак, у кожнай пароды ёсць свае плюсы і мінусы. Яйкі нясуць блакітныя, жоўтыя, белыя… Але траву свежую ім трэба бясконца, у спякоту ваду некалькі разоў на дзень мяняць, – кажа гаспадыня.

– Дзеці дапамагаюць?

– Вядома. Хочаш не хочаш, а вечарам кармушкі трэба прыбраць, паілкі пачысціць у куранят і курэй. Усюды дапамагаюць, – кажа жанчына. А муж дадае: – Можна падумаць, я падлеткам тое сена гроб з жаданнем агромністым. Не. Так і ім сёння цікавей у камп’ютары. Але ж яны бачаць наш прыклад, разумеюць, што трэба дапамагчы. Летась я яшчэ іншы раз касіў двор, а сёлета ні разу. Усё сын Саша. І куранятам ён траву косіць. А Ульяна маці дапамагае паліваць цяпліцу, кветкі…

– Калі пасварыліся, хто першы ідзе на прымірэнне? – пытаю.

– У нас такога няма, каб пасварыліся і не размаўлялі. Тут трэба то тое рабіць, то другое, калі маўчаць? Некаторыя дзень-два не размаўляюць, у нас такога няма, – кажа Віталій Мікалаевіч.

– Які любімы занятак? – звяртаюся да гаспадыні.

– Усё люблю. І кветкі, і гатаваць, і гасцей прымаць. І госці любяць у нас бываць. Наша сям’я ўлетку любіць шашлыкі. Я запраўляю, а муж смажыць. Зімой газ у хаце – пячэм пірагі. Раней у печы пяклі. Яна захавалася ў нас.

– Як адпачываеце?

– У грыбы ездзілі два разы, у лісічкі. У чарніцы ездзілі. Раней на рыбалку маглі махнуць, а сёлета тры дні па Гродне падарожнічалі. З бацькамі дамаўляліся, каб гаспадарку дагледзелі. Асабліва надоўга і далёка мы не паедзем. У нас цяпліцы, кветкі і куры…

Хутка будзе два дзясяткі гадоў, як стварылася гэтая сям’я. А мір і лад захаваліся. Таму не магла не запытаць пра сакрэт сямейнага шчасця, пра тое, каму лепш быць у сям’і галавой. І сціплыя сямейнікі адказалі ў адзін голас, толькі муж сказаў, што галоўная ў сям’і жонка, а жонка ў той жа час казала, што муж галоўны. І потым мы разам смяяліся. Здорава, што сям’я – гэта адно цэлае і абодва яны галоўныя. А сакрэт шчасця просты – узаемапавага, цярпенне і праца ўсё ператруць.

Віталій Мікалаевіч лічыць, што калі ў дзяцінстве адчуў смак хлеба, прапахлага потам ад працы, не будзеш здраджваць прынцыпу: хто працуе – той і мае. Вось у такім рытме, ад зары да зары, жыве сям’я Лось. Ледзьве паспеюць выканаць нешта адно, а ўжо іх чакае новая работа. Але ж і дабрыня – адметная рыса іх характару.

Трывалы сямейны саюз – што можа быць больш важным?!

Дарэчы, працэс удасканалення сядзібы сям’і Лось прадаўжаецца. Казала гаспадыня, што з садам ніяк не вызначацца канчаткова, то садзяць, то перасаджваюць… Згодна, няма мяжы ў дасканаласці.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });