Дом пабудаваны УП «Івацэвіцкая ПМК-18» за 9 месяцаў. Здадзены будаўнікамі і перадаецца на баланс ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», кватэры будуць размеркаваны як арэнднае жыллё (інфармацыя пра ўмовы арэнды будзе змешчана на сайце райвыканкама). Жыльцы яшчэ не засяліліся, а ў двары поўна задаволеных падлеткаў, дзяцей і мамак з немаўлятамі ў калясках і з маленькімі дзецьмі. На месцы ранейшых калдобін і лужын вырас сучасны, утульны і цікавы дзіцячы гарадок са зручнай інфраструктурай двара. І наведвальнікі яго, і жыльцы навакольных шматпавярховак дзякавалі будаўнікам ад душы за такі падарунак.

– Фундаменты пачынаў са сваімі брыгадамі прараб Лявонцій Іванавіч Шчурко, потым, як пайшлі вахты, падключыўся я са сваімі, і будавалі разам. На завяршаючым этапе зноў застаўся Шчурко, – расказвае прараб Івацэвіцкай ПМК-18 Аляксандр Куратнік. – Будаўніцтва гэтага аб’екта было складаным. Найперш, перашкаджалі сціслыя ўмовы – вакол жылыя дамы. Будаўнічыя матэрыялы прыходзілі, і іх трэба было з калёс укладваць у будоўлю. Гэта трэба было прадугледжваць і ў невялікай колькасці своечасова заказваць матэрыялы, каб не прастойвалі брыгады, адначасова весці работы па добраўпарадкаванні, каб пабудаваць дом у тэрмін. Праблема была на пачатковым этапе па вынасе электрасетак, каб весці цеплатрасу і іншыя інжынерныя сеткі. Дзе раней яны праходзілі, праекты не захаваліся, і было цяжка разабрацца, дзе якія кабелі праходзяць. Жыльцы суседніх дамоў званілі ў райаддзел МНС, скардзіліся, што тут палыхае, калі нам трэба было выканаць работы па прыклейванні гідраізаляцыі, а як жа зрабіць было нам гэты від работ, які звязаны з запальваннем агню і гарэннем. Словам, цяжкасцей хапала, але дом мы пабудавалі і тэрыторыю вакол добраўпарадкавалі своечасова.

Сёння пра цяжкасці ніхто не ўспамінае. Усе радуюцца з’яўленню гэтага аб’екта: і жыльцы суседніх дамоў (каля іх дамоў добраўпарадкавана тэрыторыя), і дзеці, і тыя, хто выпадкова сюды зазірнуў. Перавагі відавочныя. З’явіліся дадатковыя аўтамабільныя стаянкі, на якіх прадугледжаны месцы для інвалідаў, зроблена кальцо, і бацькам, якія прывозяць дзяцей у садок, зручна заязджаць і выязджаць з тэрыторыі двара. Прапускная здольнасць машын на кальцы – да сотні. Пры ўездзе ў двор з вуліцы Чарткова была прадугледжана стаянка для аўтамабіляў на сем машынамесц, але ў сувязі з тым, што было ўсё вакол загароджана падчас будоўлі, давялося прадугледжваць на стаянцы большую колькасць месцаў. Яшчэ адна пляцоўка для аўто з’явілася на месцы звалкі каля панэльнага дома.

Будаўнікі зрабілі дарожкі для зручнага падыходу да садка і пашчыравалі ў двары садка – зрабілі тратуарную дарожку. Ёю натхнілі работнікаў садка і бацькоў выхаванцаў на далейшае добраў-
парадкаванне і стварэнне новых цікавых зон на тэрыторыі садка.

Вакол новага дома шмат сучасных і прыгожых дзіцячых і спартыўных пляцовак. Прычым пляцоўкі як для самых маленькіх, так і для большых дзяцей, для падлеткаў і тэнісны стол – для ўсіх жадаючых. На пляцоўках мяккае пакрыццё, каб дзеці не траўміравалі свае калені. Яшчэ вакол дома многа лавачак для адпачынку, прыстасаванняў для веласіпедаў, з’езды з тратуарных дарожак з тактыльнай пліткай, на праезнай частцы – пластыкавы «ляжачы паліцэйскі». Пляцоўкі для смецця нагадваюць больш ларкі, чым сметніцу – накрытыя дахам, з сучаснымі скрынямі для раздзельнага збору смецця.

Перавагай гэтага дома з’яўляецца, з аднаго боку, той факт, што ён знаходзіцца недалёка ад цэнтра горада, у крокавай даступнасці садок, школа, магазіны, а з другога боку – ад інтэнсіўнага руху вуліцы Чарткова аб’ект «абараняюць» жылыя дамы, якія месцяцца па крузе.

Прараб Аляксандр Васільевіч звярнуў увагу на тое, што пры ўваходзе ў пад’езды новага 40-кватэрнага дома няма ступенек, уваход роўны з двара – для мамачак з каляскамі, для нямоглых і інвалідаў якое аблягчэнне! Дом аснашчаны ліфтамі. Прычым ёсць нулявы паверх, і нават на першы паверх з каляскай можна падняцца на ліфце, не пераадольваючы ступенькі. Для людзей са слабым зрокам пафарбаваны першыя і апошнія ступенькі лесвічных пралётаў. Дом падключаны да цэнтральнага ацяплення, кватэры аснашчаны электраплітамі. Звонку пры ўваходзе ў пад’езд прадугледжаны пакой для захавання інвентару для ўборкі пад’ездаў, ёсць крыты і агароджаны навес для веласіпедаў і самакатаў з ключамі, як і для дамафона.

Будаўнік казаў, пэўна, па сціпласці, што пляцоўка – адна з лепшых у горадзе. На мой погляд, гэта самы круты двор у раёне. Дзіцячае шматгалоссе звініць тут ад ранку да вечара.

Жыхарка суседняга дома Таццяна з двума дзецьмі адзначыла:
– Здорава стала! Дзецям маім вельмі падабаецца. Для самых маленькіх вельмі харошая пляцоўка. Яны гуляюць, ім цікава і зручна, і мне, як маме, спакойна, бо ўсё нізенька, бо пакрыццё мяккае, упаў ці зваліўся – няма сінякоў.

Дзеці ганяюць на самакатах, групамі перабягаюць з адной пляцоўкі на другую. Ледзь запынілі траіх жэўжыкаў – Рэнату, Насцю і Арсенія: «Пляцоўкі класныя! У нас тут бабуля ў панэльным доме жыве, Насця з Мінска прыехала, падабаецца, бо крута. Нам зусім не сумна і нават няма калі». І смеючыся пабеглі займаць вызваленыя арэлі ў выглядзе кола. А на пляцоўцы побач дзеці пакідалі самакаты і адзін перад адным паказвалі сваю сілу на варкаўтах.

Марыя і дачка Насця гулялі на пляцоўцы для самых маленькіх: «Мы жывём не тут, а ў прыватным сектары, але вярталіся з дзіцячай паліклінікі і зазірнулі сюды. Супердвор! Прыемна, калі так робяць. Як сюды не зайсці?! Дзяцей старэйшых у садок сюды вадзілі, то пастаянна тут ямы былі. Рады, што малодшая дачка сюды пойдзе ў садок, добрая дарога, добры пад’езд, дзіцячых пляцовак многа. Дзякуй будаўнікам».

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });