Стайкаўскі дзіцячы садок да новага навучальнага года падрыхтаваны.
Адчыніла нам веснічкі загадчык ДУА «Стайкаўскі дзіцячы садок» Ганна Сопава. Садок утульны, наведвае яго 37 дашкалят. Многае пачало мяняцца ў дызайне двара і інтэр’еры памяшканняў з той пары, як Ганна Аляксандраўна пяць гадоў таму ўзначаліла калектыў гэтай дашкольнай установы.
– Тратуарную дарожку зрабілі найперш, высадзілі туі, клумбу разбілі і веснічкі ў плоце зрабілі – атрымаўся парадны ўваход у садок, – расказвае загадчык садка.
А аўтар радкоў звяртае ўвагу на дзве фігуркі гусей, у якіх пышнае пер’е ў выглядзе зялёных лістоў з пасаджаных кустоў хосты. Блакітная і ружовая гусі суправаджаюць ветлівымі ўсмешкамі на выхадзе-ўваходзе ўсіх наведвальнікаў установы. Бачна, што тэрыторыі надзяляецца пастаянная ўвага.
Мы ідзём далей. На яскравай клумбе з кветак «прыпыніўся» мураш з тачкай – сімвал працавітасці. Каля адной сцяны будынка садка клумба з вожыкамі, Машай з вядомага мульціка і іншымі казачнымі героямі, фігуркі якіх набылі ў Косаўскім псіханеўралагічным інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. А на сцяне красуе яскравая карціна казачнага мішкі, зробленая з бутэлечных коркаў. Дарэчы, за такую цікавую ідэю даць другое жыццё другаснай сыравіне і работу ў экалагічным напрамку загадчык Стайкаўскага дзіцячага садка Ганна Сопава ў кастрычніку 2021 года была ўзнагароджана Дыпломам першай ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа» ў намінацыі «Мой праект – сваёй краіне» і Дыпломам ад Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства за творчы падыход і актыўны ўдзел на рэспубліканскім этапе конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа».

Крэатыўнасць і актыўнасць загадчыка садка бачна ва ўсім.
– Сёлета пасадзілі вербы, якія плятуцца, як у кошыку, – казала і паказвала яна, – ажывілі дзіцячыя пляцоўкі, вынасныя вазоны таксама ў коркавым «адзенні». Сапраўды, прыгожа і не выгараюць на сонцы. Пафарбаваны драўляныя дэталі на пляцоўках, на сценах будынка садка з’явіліся новыя мульцяшныя героі з коркаў, у памяшканнях груп, на кухні пафарбавана столь, на сценах калідораў садка з’явіліся пейзажы гарадской вуліцы са святлафорамі.
– У нас пастаянна штосьці абнаўляецца, – тлумачыла Ганна Аляксандраўна. – Плануем восенню зрабіць тут яшчэ адну тратуарную дарожку. Справа. Яшчэ ў чэрвені садок быў падрыхтаваны да новага навучальнага года. На рамонт было накіравана звыш 500 рублёў, з іх амаль палова сродкаў – уласныя.
Мы прыпыніліся на метэапляцоўцы. Цікава было пакарыстацца і дзецям прыстасаваннем «Лавец воблакаў». Воблакі якраз былі вельмі прыгожыя, і дзеці імкнуліся злавіць у ім яшчэ і сонейка.
Побач – пляцоўка па Правілах дарожнага руху, якую зрабілі ў 2019 годзе для маленькіх дзяцей. Ёсць такая пляцоўка, але больш складаная, для старэйшых дзяцей.

– Люблю малюнкі на асфальце. І гэтую ідэю ажыццявілі ў садку, – расказвае далей загадчык, калі мы падышлі да малюнка гусеніцы, па якому скакалі дзеці.
Далей – шашачная дошка, фігуркі шашак зрабілі самі работнікі, дошка для гульні ў твістар. Ёсць на тэрыторыі спартыўная пляцоўка, пляцоўка па пажарнай бяспецы, якую абсталявалі летась дзякуючы дапамозе бацькоў выхаванцаў. Нават сметнік крэатыўны – з малюнкам мульцяшнага героя з усмешкай.
У памяшканні групы садка загадчык адразу паказала вазу, у якую збіраюць коркі ад бутэлек. Гэта нагадала, як калісьці мы збіралі ў дзяцінстве капейкі ў скарбонку. Ганна Аляксандраўна адзначала і дзякавала за дапамогу не толькі бацькам выхаванцаў, а і калектыву ААТ «Івацэвічдрэў», які дапамог абнавіць офісную мэблю, аддзелу па адукацыі райвыканкама за дапамогу ў набыцці дзіцячай мэблі. Сапраўды, садок па афармленні памяшканняў груп не горшы за гарадскі, усё тут ёсць, нават акварыум з рыбкамі.
Выхаванцы ўдзельнічаюць у рознага кшталту конкурсах і на розных узроўнях не раз бралі прызавыя месцы. Да прыкладу, у рэспубліцы існуе толькі чатыры дзіцячыя садкі, якія працуюць па методыцы Вячаслава Васкабовіча, а Стайкаўскі – пяты. Гэтая аўтарская методыка накіравана на развіццё мыслення. Вельмі рэзультатыўная, адзначала загадчык садка, але і дапаможнікі дарагія. Толькі стайкаўскія выхавацелі і тут знайшлі выйсце – развіваючы дапаможнік «Фіялетавы лес», які каштуе каля 600 рублёў, разам з загадчыкам зрабілі самі сваімі рукамі.
Завіталі мы і ў харчаблок. Повар Іна Пархомік гатавала абед. Абсталяванне ў харчаблоку якаснае, а стэнд прыгожы, яго абнавілі самі работнікі.
Наогул Ганна Аляксандраўна задаволена сваім працоўным дружным калектывам.
– Адзін у полі не воін, – кажа яна. – Старшы повар карціны з коркаў дапамагаў рабіць, другі повар – вазоны… Калектыў з’яднаны, калі што робім, то ўсе разам. І загадчык пясок цягае, падмятае, калі патрэба ёсць… І дзеці – памочнікі, з дзяцінства вучацца бачыць і шанаваць прыроду.
Таму і многа зроблена, і справы гэтыя відаць.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.