Усяго праз тыдзень – абласныя «Дажынкі». Наш раён у Целяханах будзе сустракаць аграрыяў Брэстчыны, якія падвядуць вынікі жніва па вобласці і адзначаць лепшых з лепшых хлебаробаў. Удзел у свяце прыме і дэлегацыя нашага раёна. Напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з галоўным аграномам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама Аксанай Лашкевіч.

– Аксана Алегаўна, з якім настроем сустракаеце свята, наколькі задаволены вагой раённага караваю?

– Настрой вельмі добры. Уборка зерневых закончана, ураджай засыпаны ў засекі – гэта не можа не радаваць. А што тычыцца раённага караваю, то ён сёлета парадаваў сваёй вагой. Мы намалацілі 78 582 тоны зерня ў бункернай вазе. Гэта для Івацэвіцкага раёна максімальны збор каласавых зерневых і зернебабовых, без уліку крупяных культур і без кукурузы, за апошнія 10 гадоў. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых па раёне – 37,6 цэнтнера з гектара. Для Івацэвіцкага раёна – гэта высокі паказчык. Летась, параўнайце, – 26,8. Вага караваю раёна стане яшчэ большай у бліжэйшы час, бо наперадзе ўборка болей за тысячу гектараў кукурузы на зерне, 700 гектараў – на насенне, а з крупяных – грэчка і проса.

– Што паспрыяла поспеху аграрыяў раёна?
– У гэтым годзе нам спрыяла ўсё, і надвор’е ў тым ліку. У нас «цяжкі» раён у плане вільгаці з-за водападзелу, у суседзяў дождж ідзе, а ў нас суха… А сёлета, дзякуючы таму, што збожжавым у перыяд вегетацыі хапала вільгаці, хаця вясна і восень былі дастаткова халодныя, мы атрымалі практычна на 50 працэнтаў большы вал, чым летась. Гэта вельмі цудоўна. Увогуле, ва ўсёй гэтай прыбаўцы ў гэтым годзе працэнтаў 20 я б аднесла на дапамогу нябеснай канцылярыі, а ўся астатняя частка – гэта тэхналогіі, іх захаванне. Угнаенні, апрацоўка глебы, насенне, агратэхніка, унясенне гліфасатаў… Кіраўнікі ўсе былі зацікаўлены ў рэзультаце, аграномы на сваіх месцах стараліся захоўваць тэхналогію вырошчвання. Плошчы вялікія, і сёлета гаспадаркі раёна набылі 14 новых камбайнаў, якія адразу ўключыліся ва ўборку. Не было такога, каб хтосьці адставаў на тыдзень па тэмпе жніва ад іншых, бо гаспадаркі адна адной дружна дапамагалі. Узаемадапамога радавала. Дзе можна было пачакаць і ўбраць колас з вільготнасцю 14–15 працэнтаў, мы не спяшаліся, а ўбіралі аптымальна, каб не было страт ураджаю, біліся за кожную тону. У выніку закончылі жніво ў тэрмін – 21 жніўня. ААТ «Целяханы-агра» фінішавала апошнім, бо землі ў гаспадарцы на тарфяніках і пшаніца доўгі час была дастаткова зялёная, але па выніках раённага спаборніцтва гэтая гаспадарка займае чацвёрты радок.

– Цяжкасці былі?
– У некаторых гаспадарках была праблема з палегліцай, таму што дажджоў было многа і зерневыя доўга вегетавалі. І ў сувязі з тым, што мы не маглі выйсці ў поле з-за дажджоў, гэтыя ўчасткі пачало падганяць пустазеллем. У выніку на плошчы каля 2 000 гектараў апрацоўвалі рэтардантамі.

– Ці дастаткова раён быў забяспечаны ўгнаеннямі, сродкамі хімабароны?
– Так, заўсёды каліем і азотам мы былі забяспечаны ў поўным аб’ёме. Вядома, звычайна ва ўсіх раёнах ёсць няпоўная забяспечанасць фосфарам. Угнаенне вельмі дарагое, але мы стараліся пакласці яго найперш пад высокапрадукцыйныя культуры, пад насенныя пасевы. Разам з тым, стартавую дозу давалі паўсюль, ні адзін гектар зерневых не быў пасеяны без мінеральных угнаенняў. Таксама своечасова была праведзена ў поўным аб’ёме падкормка, хімпраполка зерневых як восенню, так і вясной, іншыя доглядныя мерапрыемствы былі праведзены ў поўным аб’ёме. Для гэтага ўсё робіцца і гаспадаркамі, і раённай уладай. Грашовыя патокі рэгулююцца, ёсць крэдытныя рэсурсы, таму ўсё было зроблена па раёне, каб атрымаць такі ўраджай.

– Аксана Алегаўна, ці цяжка даецца выкананне дзяржзаказу?
– У цэлым па раёне дзяржзаказ выкананы на 100 працэнтаў. Поўнасцю і з лёгкасцю выкананы абавязацельствы па пастаўках масланасення рапсу, жыта, пшаніцы. Складаней даюцца пастаўкі піваварнага ячменю, ён павінен адпавядаць патрабаванням па ўтрыманні бялку, буйнасці, колеры зерня… Тым не менш, стараемся выканаць яго ў поўным аб’ёме.

Аналізуючы вынікі сёлетняга жніва, бачым, што па росце ўраджайнасці сярод гаспадарак раёна няма вялікага разрыву. Практычна ўсе прыбавілі ў сярэднім аднолькавы працэнт да ўзроўню мінулага года. Вядома, ААТ «Косава», «Святая Воля», «Квасевічы» – гэта флагманы. Такія гаспадаркі маюць магчымасць зрабіць апрацоўку фунгіцыдамі два і тры разы, колькі трэба, у іх ёсць магчымасць апрацаваць глебу ў кароткі тэрмін, ёсць фінансы на іншыя патрэбы… Разам з тым, патэнцыял ёсць у іншых гаспадарках, хочацца бачыць лепшы рэзультат у філіяле «Дабромысль», у ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс».

– Якія культуры парадавалі найбольш? Ці развіваецца насенняводства?
– Самая высокарэнтабельная культура – рапс. Ім была занята сёлета плошча ў 2 700 гектараў, а зараз пасеялі толькі азімага рапсу 3 298 гектары. Сёлета яравы рапс моцна пацярпеў ад пылавых бур, таму ўсю тэхналогію выбудоўваем пад надвор’е. Холадна – дзейнічаем па адным сцэнарыі, спякота – па другім сцэнарыі, але ў любым выпадку захаванне тэхналогіі – на першым месцы. Што тычыцца насення, то мы выкарыстоўваем разам з праверанымі і новыя гатункі, і гібрыды. У ААТ «Новыя Стайкі» сёлета залажылі вопытную пляцоўку гібрыднай пшаніцы на невялікай плошчы, каля 0,5 гектара, і атрымалі ўраджайнасць 104 цэнтнеры з гектара. Пшаніца вельмі добра сыпала ў гэтым годзе. Хапіла вільгаці што азімай, што яравой. Па трыцікале неблагая ўраджайнасць – у сярэднім 40 цэнтнераў з гектара, гібрыдныя ўчасткі азімага жыта давалі па 50 і больш цэнтнераў з гектара. Наперадзе ў нас яшчэ грэчка, проса, яравы рапс.

– Грэчкай і просам якія гаспадаркі займаюцца?
– Практычна ўвесь раён. Нехта сее грэчку, нехта проса. Мы з грэчкай пайшлі па такім шляху – раздзялілі план па гэтай культуры паміж усімі гаспадаркамі, бо дзяржзаказ ёсць на гэтую культуру, яго трэба выканаць. Крупы – гэта харчовая бяспека краіны. І па грэчцы ўвогуле віды неблагія. Не было засухі, пчолы лёталі, а гэта важна для грэчкі ў перыяд цвіцення. Так і проса. Вырошчваем пад дзяржзаказ і на насенне. Сеем потым на зялёны корм. Зялёны канвеер састаўлены граматна ў гаспадарках. Каб жывёлагадоўля не пакутавала, у нас кукурузай засеяны больш за 12 тыс. гектараў. Іх будзем убіраць на сілас. Віды на кармы таксама добрыя.

Адзінае – зараз суша і кукуруза пачынае падсыхаць. Чакаем дажджоў.

– Жніво завершана, але ж работ яшчэ «восем»…
– Так, уборачная адразу перайшла ў пасяўную. Усе работы на зямлі павінны выконвацца своечасова і ў поўным аб’ёме, бо ў сельскай гаспадарцы адна работа падганяе другую. І ў жніўні трэба жаць і сеяць адначасова, каб у наступным годзе атрымаць дастойны ўраджай. Фундамент новага ўраджаю закладваецца ў гэтыя спякотныя дні. Гаспадаркі ўжо закончылі сяўбу азімага рапсу, а на павестцы дня – сяўба азімай пшаніцы, іншых азімых і зерневых на зялёны корм. Салому ўбіраем, яна сухая, харошая, яе многа, як ніколі. Да 1 кастрычніка стаіць задача закончыць усе работы па сяўбе.

З кожным годам павялічваюцца аб’ёмы назапашвання ўгнаенняў, ідзе абнаўленне насеннага матэрыялу, тэхнікі, паляпшаецца якасць сяўбы. Паўтаруся, захаванне тэхналогіі павінна быць на першым плане. Гэта вельмі важна. І ў нашым раёне ёсць прарыў па захаванні яе. Гэта заўважаюць апошнія 4–5 гадоў усе, хто прыязджае да нас. Вырасла культура земляробства, але нам ёсць яшчэ куды расці.

– Ці хвалюе кадравая праблема?
– На дадзены момант у нас 100-працэнтная забяспечанасць галоўнымі спецыялістамі агранамічнай службы. Што тычыцца спецыялістаў сярэдняга звяна, то яны далёка не паўсюль ёсць. Дадзенае пытанне вырашаецца, прыходзіць моладзь. Самі разумееце, што сельская гаспадарка – гэта цэх пад адкрытым небам. Справа гэта складаная, мы забываем пра выхадныя, пра ўсё, жывём толькі работай. Хтосьці да такога рытму не гатовы, у кагосьці не атрымліваецца… Але ж едуць маладыя спецыялісты, і часта бывае, што застаюцца, асабліва пасля каледжаў. Яны ідуць завочна вучыцца, заключаюць дагаворы з гаспадаркамі, каб не страчваць у зарплаце. Кіраўнікі гаспадарак і мы падтрымліваем такіх. Харошыя кадры стараемся зацікавіць заработнай платай, жыллём.

– У жывёлагадоўлі ў многіх гаспадарках навучыліся працаваць як у прамысловасці – з выхаднымі. Ці чакаецца такое ў земляробстве з новымі тэхналогіямі?
– Так. Толькі ў выпадку недахопу кадраў такое цяжка забяспечыць. Работа цяжкая, спецыфічная, але ў асноўным гаспадаркі даюць выхадныя. Вядома, ёсць такія работы, якія нельга адкласці. Працуе канкрэтна адно звяно, дапусцім, на нарыхтоўцы кармоў. Тады стараюцца так арганізаваць работу, каб закласці яму на працягу трох-чатырох дзён. Падчас жніва таксама камбайнеры працуюць без выхадных, але яны самі ведаюць, што гэта вельмі адказная пара, ды і імкнуцца зарабіць болей. Наогул, калі мы ідзём у сельскую гаспадарку, то мы разумеем спецыфіку. Зямля не цярпіць, раслінам не скажаш: ты пачакай, мы цябе ўбіраць не будзем… Тым не менш, час не стаіць на месцы, і тэхналогіі на тое і існуюць, каб працу чалавека аблегчыць.

– Раней любоў да зямлі мела вялікае значэнне, а сёння – тэхналогіі…
– Я лічу, каб заставацца ў сельскай гаспадарцы, зямлю трэба любіць. Трэба працаваць з душой, гарэць, гэтая справа павінна быць цікавай. Гэта тычыцца як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі, ды і любой справы ўвогуле. Сельская гаспадарка пастаянна развіваецца, пастаянна навука прапаноўвае новыя прэпараты, новыя рэкамендацыі, новыя веянні ў тэхналогіі… Мы запрашаем спецыялістаў на Дні поля, на вучобу, якую праводзяць фірмы, аграномы вучацца падчас семінараў. Без новых тэхналогій – нікуды.

– «Дажынкі» – гэта свята людзей, чые рукі пахнуць хлебам. Каго з перадавікоў хочацца адзначыць на раённым узроўні?
– Хлебам рукі пахнуць ва ўсіх працаўнікоў вёскі незалежна ад таго, якую работу яны выконваюць. Я з вялікай павагай стаўлюся да камбайнераў, вадзіцеляў, механізатараў, занятых на ўборцы саломы, работнікаў зернесушыльных комплексаў. Нізкі ўсім паклон. Сёлета адзін экіпаж намалаціў больш за 2 000 тон зерня: Аляксей Скарупіч і Аляксандр Каляда з ААТ «Святая Воля». Яшчэ 47 экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж. Тысячнікамі сталі 33 вадзіцелі, з іх чацвёра – двухтысячнікі. Вядома, іх стараннасць не засталася без увагі. Словы падзякі выказваю ў адрас работнікаў усіх галін сельскай гаспадаркі, бо праца кожнага чалавека мае вялікую цану і кожны з гэтых людзей уносіць свой уклад у агульную справу.

Гутарыла Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.

Поделиться