Такога велічнага свята ў Целяханах не ладзілася, бадай, за ўсю слаўную гісторыю пасёлка. Гэтую думку агучвалі не раз у дзень правядзення абласнога фестывалю «Дажынкі-2022» як маладыя, так і сталыя жыхары, а таксама выхадцы гэтых мясцін. Целяханы змяніліся да непазнавальнасці, і многія з гонарам казалі, як яны рады за родны пасёлак, за традыцыю праводзіць свята хлебаробаў і заадно абнаўляць населеныя пункты. Вуліцы, дарогі, будынкі, муралы на фасадах выглядалі святочна і стыльна. А госці адзначалі шчырасць і добразычлівасць людзей гэтага краю, высокі ўзровень падрыхтаванасці да абласнога кірмашу і дзякавалі за такое шыкоўнае свята.

Многіх здзіўлялі цікавыя фотазоны з караваямі, снапамі, цюкамі з макамі і са шматлікімі прыгожымі кампазіцыямі. Прыцягвала ўвагу разнапланавае прадстаўленне прадпрыемстваў Брэстчыны з гульнявымі пляцоўкамі, арганізаванымі для дзяцей, і іншымі маркетынгавымі забавамі, уражвалі выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, падвор’і, вырабы майстроў народнай творчасці, прадукцыя фермераў і гандлёвых кропак.

Словам, кірмаш быў расквечаны стракатымі фарбамі, мноствам па-святочнаму прыбраных людзей, якіх з кожнай гадзінай усё больш прыбывала. Усмешкі, прывітанні, радасныя абдымкі сяброў і знаёмых – гул, як у вулеі. Настрой стварала бадзёрая музыка, яскравае сонейка і пахі свежай выпечкі і мясных вырабаў з вялізных патэльняў. Фестываль набіраў абароты ў раёне гандлёвых радоў на цэнтральных вуліцах пасёлка. Каля смакаты, якую прадстаўлялі прадпрыемствы, ствараліся чэргі з заўзятых гаспадынь, а турысты паціху займалі месцы ў летніх кафэ. Бойка ішоў гандаль, то ў адным баку запрашалі, то ў другім «змагаліся» за наведвальнікаў, гулялі роставыя лялькі і забаўлялі дзятву, усё было як на вялікім кірмашы, але надышоў час галоўнай дзеі…

Пад урачысты барабанны марш пачалося шэсце калоны: кіраўніцтва адміністрацыі Прэзідэнта краіны, губернатары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і кіраўніцтва абласных структур, раёна, героі дня – перадавікі жніва са стужкамі пераможцаў, дэлегацыі раёнаў. Відовішчная карціна, і ў многіх ад пачуцця гонару за пасёлак, раён і краіну на вачах бліснулі слёзы.

Узначалiлi калону ганаровыя госцi, за iмi крочылі лепшыя хлебаробы Брэстчыны. З гонарам па вулiцах родных Целяхан iшла дэлегацыя працаўнiкоў Івацэвiччыны. Вясёлымі песнямі пад народныя інструменты, танцамі і задорнай гамонкай суправаджалі пераможцаў жніва творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў вобласці. Яны надавалі святочнасці калоне сваімі яркімі вобразамі.

Кожны аб’ект на шляху дэлегацый-гасцей радаваў абноўленым знешнiм выглядам i ветлiвымi гаспадарамi. Госцi дзiвiлiся выставам і хлебным караваям, сельскагаспадарчай тэхнiцы, падвор’ям гаспадарак, выставам майстроў народнай творчасцi.

Афіцыйная частка свята пачалася на цэнтральнай плошчы абноўленага пасёлка, дзе ў імправізаванай зале пад адкрытым небам сабраліся пераможцы жніва, ганаровыя госці і ўсе тыя, хто прыехаў на фестываль-кірмаш «Дажынкі-2022» у гэты дзень.

Віншаванні прымалі хлебаробы ад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Ігара Сергяенкі, намесніка Прэм’ер-міністра РБ Леаніда Зайца, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла Русага, Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Ігара Брыло.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка зачытаў Прывітальны адрас Кіраўніка дзяржавы аграрыям Брэстчыны, у якім Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шчодры ўраджай сёлетняга года сімвалізуе найлепшыя якасці нашых хлебаробаў – любоў да роднай зямлі і адданасць сваёй справе, руплівасць і ўпартасць, веру ў сябе і ўменне працаваць у камандзе. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за адказнае стаўленне да вырашэння найважнейшай дзяржаўнай задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі краіны.

Віншаваў з добрымі вынікамі і ўзнагароджваў лепшых аграрыяў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Кіраўнік вобласці падзякаваў усім і кожнаму, хто зрабіў свой унёсак у агульны каравай.

– Сёння добры ўраджай – аснова харчовай бяспекі і суверэнітэту. Асаблівыя чаканні былі ўскладзены на нашу аграрную Брэсцкую вобласць. І вы не падвялі – выклаліся па максімуме, годна адстаялі гонар Брэстчыны як першага рэгіёна, – звяртаючыся да хлебаробаў, падагуліў губернатар.

Першае месца сярод раёнаў па выніках уборачнай кампаніі заняў Ляхавіцкі раён. Другое і трэцяе месцы адпаведна – Драгічынскі і Пружанскі. Па многіх намінацыях былі ўзнагароджаны працаўнікі нашага Івацэвіцкага краю. Ушаноўвалі камбайнераў, вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа, машыністаў зернесушыльных комплексаў, спецыялістаў гаспадарак і іншых удзельнікаў жніва.

Ганаровыя госці абласных «Дажынак-2022» прымаюць удзел у аглядзе падвор’яў.

Віншуем з узнагародамі!

Падзякай Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Бурчук Дзмітрый, дырэктар ААТ «Мічурынск».

Падзякай Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Харужы Мікалай, трактарыст-машыніст ААТ «Косава».

Дыпломамі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны маладзёжны экіпаж збожжаўборачных камбайнаў, які заняў 1-е месца, – Ярмашэвіч Аляксандр, старшы камбайнер, і Муха Аляксандр, камбайнер ДП «Э/б «Майск»; малады вадзіцель транспартных сродкаў на адвозцы збожжа, які заняў 1-е месца, – Рэбкавец Уладзімір з ААТ «Новыя Стайкі»; старшы аператар зернесушыльных комплексаў, які заняў 1-е месца, – Голуб Іван, ААТ «Косава»; экіпаж збожжаўборачных камбайнаў, які заняў 2–3-е месца, – Скарупіч Аляксей, старшы камбайнер ААТ «Святая Воля»; малады вадзіцель транспартных сродкаў на адвозцы збожжа, як заняў 2–3-е месца, – Верабей Віктар з ААТ «Косава»; Агрэніч Раман з ААТ «Святая Воля»; старшы аператар зернесушыльных комплексаў, які заняў 2–3-е месца, – Дзямянчык Уладзімір з ААТ «Целяханы-агра».

Дыпломамі пераможцаў агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» прызнаны: Грыцук Аляксандр, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама; Любушак Уладзімір, дырэктар ААТ» Святая Воля».

Падарункавым сертыфікатам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» узнагароджаны АлЕксЯюк Віктар, дырэктар ААТ «Квасевічы».

Сертыфікат на трактар ад ААТ «МТЗ» уручаны Дымовічу Міхаілу, дырэктару УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж».

Дыпломам аблспажыўсаюза «За актыўнае супрацоўніцтва з арганізацыямі спажывецкай кааперацыі па пастаўцы сельгаспрадукцыі» і каштоўным падарункам узнагароджаны Камяк Міхаіл, кіраўнік гаспадаркі ФГ «Коланск».

Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2022 годзе сярод сямейных экіпажаў узнагароджаны Саўчанка Мікалай, старшы камбайнер, і Саўчанка Сяргей, камбайнер з ДП «Э/б «Майск».

У дзіўным горадзе майстроў

Ні адно свята хлебаробаў не абыходзіцца без горада майстроў, у які збіраюцца рамеснікі, майстры, мастакі, музыкі, – усе, каго Бог адарыў талентам і залатымі рукамі. Вось і сёлета на абласных «дажынках» у Целяханах рамесны куток быў багаты ўдзельнікамі. Горад месціўся ў цэнтры пасёлка каля Цэнтра культуры і вольнага часу і ўздоўж вуліцы Леніна. Знайшлі тут месца ганчары і цесляры, бондары і разьбяры па дрэве, майстры выцінанкі і лялек, бісерапляцення і саломапляцення, вышывальшчыцы і вязальшчыцы, мастакі і мылавары… Работы майстроў у самых розных тэхніках: хэнд-мэйд і мяккая цацка, квілт, жывапіс, вышыўка, роспіс і разьба па дрэве, валенне з шэрсці і інш.

З самага ранку і да вечара было шматлюдна каля кожнага з амаль чатырох дзясяткаў рамеснікаў з усіх куткоў Брэсцкай вобласці. І аўтару радкоў, каб абысці яго, не хапіла і гадзіны, бо каля кожнага хацелася пастаяць, паўглядацца ў цудоўныя работы, стаць удзельнікам майстар-класаў майстроў з Брэстчыны і суседняй Гродзенскай вобласці.

Але як жа горад майстроў без целяханскіх талентаў?! Адзначалі госці і ўдзельнікі свята, што ім вельмі спадабаўся дуб у «вязанай кашулі» і веласіпед у такім жа «адзенні», – работы Валянціны Абрамчук з Целяхан, якая вядома ў нашым раёне як мастак карцін з саломкі і майстар вязаных лялек. Яе арт-аб’екты сталі пляцоўкай для сэлфі. Акрамя Валянціны Абрамчук у фестывалі-кірмашы прынялі
ўдзел яшчэ пяць таленавітых майстроў з Целяханскага ЦКіВЧ. Гэта Сяргей Рак, Людміла Арцюшэнка, Ніна Купрыянчык, Таццяна Рабулец, Лілія Стэцэнка.

У ліку талентаў Івацэвіччыны – з Амяльнянскага СДК у вышытым гладдзю касцюме была Марыя Каткавец, якая палюбіла займацца кветкамі-свяцільнямі з ізалону, і ажно два народныя майстры Рэспублікі Беларусь: вышывальшчыца Ніна Тысевіч з Аброўскага СДК і Наталія Кулецкая з Дубітава – знакаміты майстар папяровых казак, карцін і сувеніраў, якія аб’ядналіся пад адным дахам палаткі.

Падчас выстаўкі Ларыса Быцко, начальнік аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, і метадыст гэтага аддзела Марына Сёмышава ўручылі падарункі Ніне Тысевіч за другое месца ў абласным анлайн-конкурсе і метадысту Івацэвіцкага РАМЦ Алене Шэлест, якая шмат гадоў курыруе майстроў народнай творчасці раёна (і так супала, што ў свята «Дажынак» быў дзень яе нараджэння).

Сапраўды, талентамі багата Целяханшчына і наш раён, і вобласць. Госці прыцмоквалі, любуючыся работамі майстроў народнай творчасці Ганцавіцкага, Пінскага і Пружанскага раёна, а таксама іншых раёнаў Брэстчыны, казалі, што ў кожнай рабоце – душа і талент.

Абласны велапрабег. У дзень «Дажынак-2022» ладзіўся традыцыйны велапрабег. Ён стартаваў з леташняй «сталіцы» «Дажынак» – г. п. Лагішына. Прадстаўнікі Брэсцкага абласнога клуба «Калабок» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Папко перадалі эстафету г. п. Целяханы. Удзел у велапрабегу, прысвечанаму Году гістарычнай памяці і абласным «Дажынкам-2022», прынялі каля 20 веласіпедыстаў з розных райцэнтраў вобласці.

Хлебаробам Брэстчыны было чым ганарыцца на свяце. Яны першымі ў краіне завяршылі ўборку з надзвычай добрымі вынікамі. Усяго атрымана 1,4 мільёна тон збожжа (без уліку грэчкі, проса, кукурузы). Па валавым зборы дадалі 200 тысяч тон. Ураджайнасць склала амаль 40 цэнтнераў з гектара. Цудоўны ўраджай даў, напрыклад, азімы ячмень – 52 цэнтнеры намалацілі з кожнага гектара. Ды і іншыя культуры не падвялі.

У наступным годзе абласное свята «Дажынкі» пройдзе ў Ганцавіцкім раёне.

Юныя хлебаробы

На сцэне па вул. Леніна праходзілі абласныя «Дажынкі-2022» сярод устаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Традыцыйна ў рамках абласных «Дажынак» сваё свята ўраджаю праводзяць і юныя хлебаробы. 3 верасня на сцэну падымаліся лепшыя экіпажы і лепшыя вадзіцелі вучэбных гаспадарак. За значны ўклад у абласны каравай юным героям жніва падзякавала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская.

Па ўзнагароды ў той дзень падымаўся і экіпаж УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж», плячо ў плячо ўсё лета ў полі шчыравалі майстар працоўнага навучання, камбайнер Андрэй Калбаска і навучэнец 476 групы, памочнік камбайнера Мікіта Гаварко. Нагадаем, на вучэбнай гаспадарцы каледжа ў Сярадаве ўбралі сёлета 145 га палёў з высокай ураджайнасцю 48,3 ц/га, экіпаж намалаціў 700 тон зерня.

Падчас прэзентацыі тэматычных лакацый «Хвала рукам, што пахнуць хлебам» наш каледж арганізаваў музей пад адкрытым небам, прысвечаны падзеям вайны.

Гэтае свята стала насамрэч зорным для нашай кузні сельскагаспадарчых кадраў – дырэктар Міхаіл Дымовіч атрымаў сертыфікат на новы трактар «BELARUS-1021» ад «Мінскага трактарнага завода». Гэта ўжо трэцяя падораная машына нашаму каледжу за апошнія гады.

Святочны кірмаш – на 2 км

Людна было і на святочным кірмашы, гандлёвыя рады працягласцю ў 2 км расцягнуліся адразу па цэнтральных вуліцах Целяхан. Паказаць «товар лицом» прыехалі каля 80 арганізацый гандлю, грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў, прыватнікаў… Свайго пакупніка ў Целяханах чакалі ў 140 павільёнах! Акцыі, гульні, латарэі, дэгустацыі прапанавалі вядучыя беларускія прадпрыемствы. Самую свежую прадукцыю да нас прывезла ААТ «Птушкафабрыка «Дружба». Сапраўдны дзіцячы востраў для маленькіх гасцей свята арганізаваў буйны вытворца цацак – «Палессе». Не было канца чарзе за мяккім марожаным ад ААТ «Брэсцкае марожанае». Прадаўцы адзначылі, мяккае марожанае – самае свежае, яго гатавалі ўвечары 2 верасня, ім на фестывалі найчасцей частавалася старэйшае пакаленне. Сфатаграфавацца каля рога багацця, які са сваёй прадукцыі сабраў ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы завод», хацелі многія. А яшчэ людзей здзівіў батон «Эстонскай» каўбасы вагой у 25 кг!

Яскрава і крэатыўна паказалі сябе і нашы івацэвіцкія прадпрыемствы. ААТ «Івацэвічдрэў», якое адзначае сёлета стагоддзе, прадставіла некалькі незвычайных фотазон, а яшчэ паказала ў той дзень новыя калекцыі мэблі, людзі аблюбавалі завадскі фуд-корт і вялікую зону адпачынку. ТАА «Паліполь Мэбля Бел» прапанавала гасцям адпачыць на новых мадэлях канап і ўпэўніцца ў іх выключнай зручнасці. А яшчэ прадпрыемства арганізавала сапраўднае дзіцячае свята з вядучым, гульнямі і анімацыяй. ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» рэалізоўваў пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай, мужчыны, мабыць, паляўнічыя, затрымліваліся каля выстаўкі чучал жывёл, якія водзяцца ў паляўнічай гаспадарцы лясгаса.

Самымі рознымі прысмакамі песціла народ наша райспажыўтаварыства: мясная і рыбная прадукцыя, бакалея, свежая выпечка. Упершыню целяханскія кандытары ўстанавілі печ прама ў гандлёвай палатцы: на вачах у людзей майстры раскатвалі цеста, фарміравалі булкі і круасаны, ставілі іх на растойванне, а пасля адпраўлялі ў печ. Паўгадзіны – і гарачы круасан у руках пакупніка. А якія караваі спяклі нашы кандытары, найчасцей у аб’ектывы фота- і відэакамер трапляла фігура Косаўскага замка, зробленая з каравайнага цеста.

Людна было і на падвор’ях сельгасарганізацый раёна. У мясцовай «Карчме» прапанавалі нацыянальныя беларускія стравы: цубрыкі з грыбамі, плоў, юшка, але першымі разы-
шліся дранікі. Дзеці і дарослыя частаваліся садавіной і гароднінай – яе было шмат на возе, які стаяў у дворыку. Малыя кармілі жывёл: курэй, трусоў і казу, а яшчэ каля такога міні-заапарку «пасяліліся» жывёлы з саломы.

Для дзяцей – мноства гульняў

На галоўным свяце аграрыяў не забыліся і пра юных гасцей. Для дзяцей арганізавалі музычна-забаўляльную праграму. Пляцоўкі розных арганізацый прапаноўвалі дзецям і дарослым розныя атракцыёны і гульні.

Напрыклад, фабрыка дзіцячых цацак «Палессе» прэзентавала пляцоўку для гульні з канструктарам пад адкрытым небам. Галіну малочных вырабаў прадставілі ААТ «Савушкін прадукт» і ААТ «Брэсцкае марожанае», якія частавалі сваёй прадукцыяй, а таксама парадавалі прапанаванымі актыўнымі гульнямі. Пагуляць у крыжыкі-нулікі ў вялікім фармаце на штучным газоне, арганізаваць для сябе хвілінку аэробікі з персанажам брэнда «СуперКід» ці проста паляжаць у крэсле-мяшку – кожны выбіраў занятак на свой густ. Таксама дзейнічалі пляцоўкі РАНС і ДАІ, дзе супрацоўнікі не толькі напаміналі пра правілы паводзін, але і прыцягвалі ўвагу дзяцей цікавымі рэчамі, напрыклад, можна было згуляць у шахматы вогнетушыцелямі ці разгледзець мадэль былога аўтамабіля аўтаінспекцыі.

Разнастайнымі былі і прапанаваныя атракцыёны. Батуты, надзіманыя горкі, поні, «Джэнга» (гульня, дзе патрэбна выцягваць драўляныя брускі з падаючай вежы), гульні на зямлі з вялікім кубікам, нават вяровачны гарадок. Такога багацця забаў Целяханы яшчэ не бачылі.

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага быў арганізаваны канцэрт калектываў дзіцячых музычных школ. З чароўным светам мастацтва пазнаёмілі гасцей «Дажынак» юныя музыканты і танцоры творчых навучальных устаноў раёна. Выхаванцы і іх педагогі прадэманстравалі выдатны ўзровень выканання і зарадзілі натоўп пазітывам. Дзеці з вялікай ахвотай падпявалі і паўтаралі рухі за маленькімі зоркамі.

Фінальны музычны акорд з феерверкам

Дзіцячая праграма ад школ мастацтваў змянілася рэтра-канцэртам эстрадных выканаўцаў Івацэвіччыны. Вядомыя і любімыя многімі хіты мінулага стагоддзя дарылі выканаўцы Івацэвіцкага ГДК і Заслужаная артыстка Пензенскай вобласці Расійскай Федэрацыі Марта Серабракова, якая выконвала сардэчныя народныя песні пад акампанемент ансамбля народных інструментаў «Губерния».

Хэд-лайнерам вячэрняй святочнай праграмы стала выступленне маскоўскай фолк-групы «Партызан FM» (поўная назва – «Партызаны Фолк-Музыка»). Каманда з сямі чалавек вельмі любіць народныя песні і таму даносіць іх так, каб зацікавіць свайго гледача. Адзін з салістаў групы, Уладзімір Абрамчук, прызнаўся, што ён ураджэнец Целяханшчыны і таму яму прыемна і адначасова ганарова выступаць на сваёй малой радзіме падчас такога грандыёзнага свята. Гэта выклікала шквал эмоцый і гучныя апладысменты ў публікі. Трэба адзначыць, што выключнае і адмысловае выкананне народных кампазіцый сабрала, здаецца, максімальную колькасць аматараў жывой музыкі. Пасялкоўцы і госці свята з задавальненнем танцавалі і падпявалі «Партызанам». З розных бакоў шматлікай публікі чуліся гучныя словы адабрэння: «Брава!», «Супер!», «Малайцы!».

Далей запальны настрой публікі падтрымлівалі дыджэі «Радыё Брэст». Пад рытмы сучасных мелодый танцавалі ўсе. За адну хвіліну а дзясятай гадзіны вечара пачаўся адлік ад дзесяці да аднаго – і залпы рознакаляровага і вельмі прыгожага феерверку пад апладысменты людзей расквецілі святочнае неба над сталіцай абласных «Дажынак-2022» – Целяханамі.

Грандыёзнага маштабу кірмаш падышоў да завяршэння, але цёплым успамінам у сэрцах людзей застанецца свята аграрыяў вобласці, якое адбылося 3 верасня на нашай Целяханскай зямлі. Вялікая ўдзячнасць арганізатарам фестывалю, які аб’яднаў такую колькасць працавітых жыхароў Брэсцкай вобласці і нашай Беларусі.

Падрыхтавалі Таццяна ДЫЛЮК, Валянціна БОБРЫК, Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Юлія КАВАЛЁВА, Кацярына КУПРЫЯНЧЫК, Валерый МІСКЕВІЧ.

Поделиться
webvisor:true });