Усім вядома, што кукуруза для буйной рагатай жывёлы мае высокую спажыўную каштоўнасць. У ёй утрымліваецца вялікая колькасць крухмалу, які добра засвойваецца ў жывёлы і ператраўляецца на 90 працэнтаў. Спажыўная каштоўнасць кукурузы складае 1,35 кармавых адзінак на 1 кілаграм корму, што дазваляе ёй быць асноўнай кармавой культурай. У гэтыя сонечныя дні кампанія па ўборцы кукурузы на сілас у раёне, як, зрэшты, і ў ААТ «Новыя Стайкі», дзе мы пабывалі, у самым разгары.

Сёлета пад гэтую культуру ў ААТ «Новыя Стайкі» было адведзена 725 гектараў, з іх 75 – на насенне. У сераду, дзень, калі мы пабывалі на полі, што месціцца, лічы, у межах райцэнтра, тут працавала шмат тэхнікі. Два кармаўборачныя камбайны рухаліся па абодвух баках поля, а каля іх увіваліся пяць МАЗаў і пяць трактароў з прычэпамі, якія адвозілі зялёную масу на сіласную яму ў Стайкі на ферму, дзе прывезенае трамбавалі яшчэ дзве адзінкі тэхнікі. Каб корм атрымаўся якасным, работу гэтую трэба праводзіць у сціслыя тэрміны. Дырэктар ААТ «Новыя Стайкі» Павел Дылюк заўважыў: «Працуем з сямі гадзін раніцы да шасці вечара. Надвор’е для трамбоўкі на яме спрыяльнае, іншая справа, што спякота і суша выклікаюць незадаволенасць жыхароў бліжэйшых дамоў, бо тэхніка на адвозцы пакідае за сабой клубы пылу. Кукуруза ад спякоты пачынае засыхаць, і трэба вельмі паспяшацца ўбраць усё, што вырошчвалі, каб звесці да мінімуму страты, ды і для ворыва такое надвор’е зусім неспрыяльнае на нашых землях. Нават самы энерганасычаны трактар не можа ўбіць плуг у зямлю. Мусілі спыніць ворыва і пасяўную. Дождж трэба».

Ураджайнасць кукурузы, па словах кіраўніка, як і збожжа, у гэтым годзе неблагая – 336,8 цэнтнера з гектара. І гэта не на самых лепшых палях. Убраны 101 гектар, нарыхтавана 3 402 тоны зялёнай масы. Для ўборкі надвор’е што трэба. Кукуруза высокая стаіць, добра выспела. Ёсць што нарыхтоўваць, але месцамі пачынае падсыхаць, таму і спяшаюцца з уборкай гэтай культуры, каб не страціць пажыўныя рэчывы ў ёй. Настрой у механізатараў і камбайнераў выдатны. Іх, як і ў жніво, забяспечваюць гарачымі абедамі і па жаданні – падвячоркамі.

Мы змаглі перакінуцца словам з камбайнерам і вадзіцелем падчас поўнай загрузкі МАЗа. З кармаўборачнага камбайна ліха саскочыў малады хлопец. Віктар Кот працуе ў гаспадарцы каля 10 гадоў. Ён у свой час скончыў Івацэвіцкі сельскагаспадарчы ліцэй – цяпер каледж. Родам з Гошчава, але жыве не з бацькамі, а самастойна – здымае кватэру ў Івацэвічах. Хлопцу работа падабаецца, і ў планах вярнуцца ў вёску, бо горад яму не па душы. Кукурузныя палеткі ўбірае другі сезон. Розніцы з мінулым годам у рабоце не адчувае – працаваць трэба заўсёды шчыра, лічыць ён. Хіба што толькі кукуруза сёлета вырасла большая, іншы раз за ёй і камбайн ледзь бачны. Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла. Камбайн далёка не новы, але ў дбайных руках працуе. Па выхадных, калі такія выдаюцца, едзе да бацькоў, каб ім дапамагчы. Дзяўчына ёсць, зарплата добрая, што яшчэ трэба?

Задаволены работай і яго аднавясковец Уладзімір Рэбкавец, які працуе ў ААТ «Новыя Стайкі» трэці год. Ён таксама адвучыўся ў Івацэвіцкім сельскагаспадарчым ліцэі, адслужыў армію і на жніве сёлета быў ужо ў ліку двухтысячнікаў сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Хлопец за дзень робіць мінімум 15 рэйсаў, жыве з бацькамі ў Гошчаве, бо старэйшая сястра далёка – у сталіцы, а ён бацькам – памочнік. І вёску родную любіць. Між сабой хлопцы ў добрых адносінах – сябруюць, і на рабоце яны паплечнікі. Сваёй шчырай працай спрыяюць, каб кармоў нарыхтаваць столькі, колькі трэба для задавальнення патрэб жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі.

Усяго, па дадзеных райсельгасхарчу на 8 верасня 2022 года, ужо ўбрана 2 389 гектараў, або 19,03 працэнта плошчаў кукурузы на сілас і зялёны корм. Ураджайнасць у сярэднім складае 246,2 цэнтнера з гектара. Таксама ў гаспадарках раёна ўбіраюць грэчку, проса, яравы рапс і кукурузу на насенне, якога нарыхтавана 1 781 тона.

P. S. Нагадаем, што падчас уборкі кукурузы трэба захоўваць правілы бяспекі жыхарам як вёсак, так і гарадоў. Каб не папасці пад жняярку кармаўборачнага камбайна, нельга адпраўляцца ў кукурузнае поле ні самім, ні гуляць там дзецям, ні пасвіць там жывёлу. Памятайце, тыя некалькі пачаткаў кукурузы, што вам раптам спатрэбіліся, могуць стаць ракавымі для вашага здароўя і жыцця. Правядзіце гутаркі з састарэлымі бацькамі і з дзецьмі і на час уборкі заставайцеся дома. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });