Напярэдадні 11-й гадавіны з дня заснавання Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта РБ аўтар радкоў выехала на следчыя дзеянні разам з вопытным старшым следчым маёрам юстыцыі Вадзімам Жданюком і маладымі следчымі – капітанам Уладзіславай Пархомік і лейтэнантам Дзмітрыем Бегалем. На спецыяльнай стаянцы па вул. Сікорскага, дзе да завяршэння следчых мерапрыемстваў знаходзяцца канфіскаваныя машыны ці аўто-ўдзельнікі ДТЗ, следчыя праводзілі дадатковае абследаванне аўтамабіля, які патрапіў пад цягнік у пачатку жніўня. Справа рэзанансная, і, на жаль, з лятальным зыходам, таму дадатковых праверак тут можа быць шмат…

Ад аднаго толькі віду груды металу, які застаўся ад машыны пасля здарэння, аўтару радкоў стала не па сабе, падумалася, а як стрымацца следчаму… Менавіта ён падчас агляду на месцы здарэння «кіруе парадам»: следчы арганізоўвае работу эксперта і прысутных супрацоўнікаў РАУС. Аднак працаваць на месцы можа быць складана не толькі маральна, але і фізічна; старшы следчы Вадзім Жданюк успомніў, як у 2018 годзе на месцы забойства ўчастковага ў Бабровічах яны працавалі амаль суткі.

Дарэчы, завочнае знаёмства журналістаў з вопытным супрацоўнікам Вадзімам Жданюком адбылося яшчэ паўгода таму, калі ў рэдакцыю з удзячнасцю свайму выратавальніку прыйшла пажылая жыхарка Івацэвічаў. Ёй дапамаглі вярнуць украдзеныя грошы. Так, амаль за 12 гадоў работы маёр атрымаў нямала ўзнагарод ад кіраўніцтва і падзяк ад людзей.

– Вадзім Васільевіч, сама структура ўзнікла ў 2011-м, але ж гэта не значыць, што раён быў без следчых?
– Пасля заканчэння ўніверсітэта я працаваў следчым пры раённым РАУС, тады пры розных структурах дзейнічалі пяць следчых і пяць дазнавацеляў, а хутка ўтварыўся райадддзел Следчага камітэта, яго з першага дня ўзначаліў сённяшні кіраўнік Вадзім Мікалаевіч Лішко. Калі параўноўваць работу, напрыклад, у 2010-м і сёння, то «ў топе» тыя ж злачынствы: крадзяжы, ДТЗ. Вось толькі пра кіберзлачынствы мы тады і не чулі, у разы менш было і злачынстваў сексуальнага характару. Сацсеткі і розныя сайты далі «зялёнае святло» такім злачынцам, і пошук «ахвяры» значна спрасціўся…

У 2017-м наш вопытны калектыў пераехаў у свой будынак па вул. Шчорса. Дарэчы, прафесіяй следчага апошнім часам усё больш цікавіцца прыгожая палова чалавецтва. Сёння толькі ў нас нясуць службу чатыры жанчыны.

– Ці па плячы ім такая маральна няпростая работа і суткі дзяжурстваў, як лічыце?
– У жанчын – свае перавагі. Яны больш уседлівыя, старанныя. Вопытныя супрацоўніцы спраўляюцца з любымі справамі, ды і наша маладая Уладзіслава Пархомік не адстае, пакуль даём ёй лёгкія справы: яна змагаецца з крадзяжамі і аліментшчыкамі. Аднак калі на яе дзяжурстве, не дай Бог, здарыцца ДТЗ без лятальных зыходаў, то на месца састаўляць пратакол паедзе яна.

Уладзіслава Уладзіміраўна – пачынаючы следчы: за плячыма толькі два месяцы складанай, але такой цікавай работы. І гэта той выпадак, калі чаканне супала з рэальнасцю, бо былая супрацоўніца Івацэвіцкага РАНС неаднойчы працавала поруч са следчымі на пажарах і пра многія тонкасці ведала.

У пачатку шляху дапамагае дружны калектыў, на працягу года работу Уладзіславы будзе курыраваць настаўнік, больш вопытны следчы. На днях маладая супрацоўніца прыехала з вучэбна-метадычных збораў, што праходзілі ў Брэсцкім раёне. А ў суд Уладзіслава Пархомік нядаўна перадала справу па крадзяжы, здзейсненым групай асоб, у тым ліку непаўналетніх.

Дзмітрый Бегаль паўгода таму прыехаў на работу ў наш раён з Брэста. Следчым ён працуе з 2019 года. Такую напружаную прафесію следчага юнак абраў яшчэ ў дзяцінстве, у размове Дзмітрый адзначыў, што яго заўсёды вабіла рамантыка барацьбы са злачыннасцю.

– Колькасць і характар злачынстваў у абласным і ў раённых гарадах розныя, – параўноўвае Дзмітрый Пятровіч. – У Брэсце некалькі мытных пунктаў, таму там даводзілася весці справы па незаконнай міграцыі ці па абароце наркатычных сродкаў. А ў Івацэвічах я ўпершыню вёў справу па незаконным паляванні. Так, у адным з лясгасаў гора-паляўнічыя знішчылі самку высакароднага аленя, якая нядаўна вывела патомства. А значыць, найхутчэй мы страцілі адразу некалькі рэдкіх жывёл. Шкада, ці не так?

Дзмітрый Бегаль дзякаваў кіраўніцтву райаддзела за цёплы прыём. Малады следчы прыемна здзіўлены такімі шчырымі сяброўскімі адносінамі ў калектыве.

А на пытанне, якіх якасцей сёння патрабуе работа следчага, суразмоўцы адказалі аднолькава: толькі сумленнасці і чалавекалюбства. У кожным трэба бачыць чалавека. Следчы адным з першых з’яўляецца на месца злачынства, шукае склад злачынства і вядзе справу (максімальна да двух месяцаў) да яе перадачы пракурору і ў суд, бывае, што разам з калегамі затрымлівае злачынцу. Ужо 11 гадоў супрацоўнікі Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта РБ спраўна нясуць службу і ніколі не жадаюць адзін аднаму добрага дзяжурства, вераць, што так яно будзе спакойным.

Івацэвіцкі райаддзел Следчага камітэта РБ у лічбах і фактах:
За 8 месяцаў бягучага года на разглядзе ў следчых райаддзела знаходзілася 445 заяў і паведамленняў аб злачынствах. Па выніках іх разгляду ўзбуджана 301 крымінальная справа. Скончана вытворчасць па 175 крымінальных справах, з іх 164 справы ў адносінах да 181 абвінавачанага накіраваны ў суд. Самымі актуальнымі па-ранейшаму застаюцца злачынствы ў сферы інфармацыйнай бяспекі. «Камп’ютарныя крадзяжы» ўжо некалькі гадоў лідзіруюць у нашым раёне.

За адпаведнае выкананне службовых абавязкаў і высокія вынікі службовай дзейнасці, а таксама ў сувязі з 11-годдзем з Дня заснавання Следчага камітэта РБ правамі кіраўніцтва заахвочаны старшыя следчыя Віталій Пушыла, Алег Мялік, Вадзім Жданюк, Крысціна Тамашук, Дзяніс Валошчык і следчы Аляксандр Кавалевіч.
Віншуем!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться
webvisor:true });