Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 Наталля Голуб правяла ў Целяханах асабісты прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію», а таксама сустрэлася з калектывамі філіяла «Целяханы» ДП «Беларусьгандаль» і Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Целяханскі лясгас».

Да дэпутата паступілі два пытанні: адно па тэлефоне ад жыхара Івацэвічаў і адно ад жыхара Целяхан, які прыйшоў на прыём. Жыхар райцэнтра цікавіўся магчымасцю атрымання льготы на растаможку аўтамабіля, набытага за мяжой. Беларускае заканадаўства прадугледжвае такую льготу для шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, і некаторых іншых катэгорый грамадзян (Указ Прэзідэнта № 140, падпісаны 10 красавіка 2019 года). Ён таксама шматдзетны бацька, але дзеці выраслі, і сам ён пенсіянер. Чаму дадзеная льгота не распаўсюджваецца на такіх, як ён?

Наталля Грыгор’еўна зазначыла, што пенсіянеры маюць ільготы па транспартным падатку. Яго стаўка памяншаецца на 50 % у адносінах транспартных сродкаў, зарэгістраваных на ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў I і II груп і асобаў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту; на 25 % – для інвалідаў III групы. Ільгота прадастаўляецца пры наяўнасці ў плацельшчыка пасведчання кіроўцы. А прапанову грамадзяніна наконт ільготы на растаможку аўто дэпутат бярэ на заметку.

Жыхар Целяхан цікавіўся пытаннем наконт пастаноўкі ў чаргу грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а дакладней, па пытанні вяртання ў чаргу. Наталля Грыгор’еўна ўдакладніла нюансы і зазначыла, што сітуацыя нестандартная. Дэпутат занялася вырашэннем гэтага пытання ў той жа дзень, жыхару Целяхан будзе дадзены адказ. Кожны зварот да дэпутата разбіраецца дэталёва з кампетэнтнымі спецыялістамі. Парламентарыем даюцца вычарпальныя тлумачэнні.

Накапляльная пенсія: як гэта працуе?

Пазней для Наталлі Голуб была арганізавана міні-экскурсія па філіяле «Целяханы» ДП «Беларусьгандаль», які займаецца вырабам лыжаў і мэблевага шчыта. А пасля адбылася сустрэча з калектывам прадпрыемства ў рамках Адзінага дня інфармавання. Дэпутат закранула тэму святкавання Дня народнага адзінства і выказала думку, што «наша сіла – у адзінстве», і ва ўмовах санкцый, гібрыднай вайны мы павінны быць згуртаванымі, цаніць гістарычную памяць, патрыятызм, пераемнасць пакаленняў.

Больш падрабязна яна спынілася на новых законапраектах, растлумачыла некаторыя іх нормы, распавяла пра сваю дзейнасць, адказала на ўдакладняючыя пытанні з залы. У такім жа фармаце праходзіла сустрэча і з калектывам Целяханскага лясгаса. 

Дэпутат зазначыла, што падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага рэферэндуму грамадзяне цікавіліся магчымасцю накаплення грашовых сродкаў для таго, каб пазней атрымліваць дастойную пенсію, якая б не саступала зарплаце. Дэпутат фіксавала прапановы. Яны былі вынесены на абмеркаванне на VI Усебеларускім народным сходзе. У выніку кіраўнік дзяржавы 21 верасня 2021 года падпісаў Указ № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі», які ўступіў у сілу літаральна на днях – 1 кастрычніка 2022 года. Такім чынам дзяржава падтрымае работнікаў, якія прынялі рашэнне самастойна паўплываць на свой даход у пенсійным узросце.

Наталля Грыгор’еўна растлумачыла, што цяпер кожны чалавек, якому да наступлення пенсійнага ўзросту засталося не менш чым тры гады, мае магчымасці звярнуцца ў страхавую кампанію «Стравіта» і заключыць дагавор на адлічэнне ад 1 да 10 % сваёй заработнай платы на накапляльны рахунак. Пасля аб гэтым трэба паведаміць наймальніку. Калі вы робіце адлічэнне ў памеры 1 % свайго заробку, такую ж суму будзе адлічваць і арганізацыя, прадпрыемства, у якім вы працуеце (арганізацыя мае права адлічваць да 3 %, сам работнік – да 10 %). Указам № 367 гарантуецца норма даходнасці па пенсійных зберажэннях у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, якая дзейнічае ў адпаведным перыядзе тэрміну страхавання, і прадугледжана налічэнне дадатковай даходнасці (страхавога бонуса).

Накопленыя сродкі будуць захоўвацца на рахунку РУСП «Стравіта». Пры наступленні пенсійнага ўзросту (63 гады – для мужчын, 58 – для жанчын) чалавек будзе мець магчымасць на працягу пяці ці дзесяці гадоў атрымліваць пэўную суму ў дадатак да пенсіі – накапленні раздзеляць на роўныя долі. Яны таксама могуць пераходзіць у спадчыну. У любы момант можна спыніць адлічэнні, але забраць грашовыя сродкі з рахунку датэрмінова нельга (за выключэннем выпадкаў устанаўлення I ці II групы інваліднасці работніку да дасягнення ім агульнага пенсійнага ўзросту).

Што новага ў Кодэксе аб зямлі?

Што тычыцца паправак у Кодэкс аб зямлі, то Наталля Голуб спынілася на наступных. Павялічаны да 1 га ўчасткі зямлі ў сельскай мясцовасці, якія будуць выдавацца для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Той, хто хоча займацца асабістай падсобнай гаспадаркай, цяпер можа ўзяць для гэтых мэт да 4 га зямлі (раней – да 3 га). Частка паўнамоцтваў будзе перададзена мясцовым органам улады. Дэпутат прывяла прыклад пытання, вырашэннем якога цяпер будуць займацца райвыканкамы. Бывае, землекарыстальнік пры будаўніцтве дома выйшаў за межы выдадзенага яму ўчастка. Раней ён павінен быў кампенсаваць прычыненую шкоду і знесці пабудову, затым будаваў новую ў межах участка. Цяпер грамадзяне могуць заплаціць за дадатковую зямлю па рынкавым кошце, але не ніжэй за кадастравы кошт. Праўда, такое магчыма пры захаванні шэрагу ўмоў: павінны захоўвацца горадабудаўнічыя рэгламенты, прыродаахоўныя патрабаванні, супрацьпажарныя і іншыя правілы. Частка паправак у Кодэкс аб зямлі ўступіла ў дзеянне з 1 верасня 2022 года, а ўвесь дакумент уступіць у сілу з 1 студзеня 2023 года. 

Цяпер перад дэпутатамі стаіць задача на працягу двух гадоў прывесці ў адпаведнасць з новай Канстытуцыяй усе заканадаўчыя акты. Наталля Голуб падкрэсліла, што адкрытая да дыялогу, да прапаноў, якія пазней змогуць знайсці сваё адлюстраванне ў законах. Прыёмы грамадзян, «прамыя тэлефонныя лініі» дэпутат праводзіць штомесяц у Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах. 

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться