А вы даўно наведвалі Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей? Думаю, кожны дарослы жыхар раёна хоць аднойчы ды бываў у нашым «храме захавання гісторыі». Дык вось, калі гэта было нават год ці два таму, то абавязкова наведайцеся на вул. Паштовую, 7 ізноў.

Як адзначыла дырэктар музея Раіса Горбач, за апошнія гады значна пашырыўся фонд музея, асабліва многа стала рэплік (копій тагачасных прадметаў), якія можна ўзяць у рукі і дакрануцца такім чынам да гісторыі. Рэплікі сёння даюць магчымасць зрабіць экскурсію больш інтарактыўнай, цікавай. Не толькі дзеці, але і дарослыя з задавальненнем патрымаюць у руках прылады працы каменнага веку, адзенне сярэднявяковай жанчыны ці пайграюць на сакральным музычным інструменце аўстралійскіх абарыгенаў. Аўтар большасці такіх рэплік і іншых ідэй – загадчык мемарыяльнага комплексу партызанскай славы «Хаваншчына» Сяргей Мачалаў жыве ў пошуку новага, вышуквае матэрыялы і сваімі рукамі майструе копіі самых розных прылад. Вось толькі адкуль музейшчык ведае, як выглядала сякера ў каменным веку ці шасціструнныя гуслі кантары?

– Нешта я знаходжу ў інтэрнэце, многае падказваюць беларускія майстры, – дзеліцца спецыяліст. – Насамрэч, у Беларусі нямала людзей, якія цікавяцца гісторыяй і аднаўляюць тагачасныя рэчы, што б гэта ні было. З пошукам матэрыялаў: металу, мармуру, дрэва ці іншага таксама сёння праблем няма. У нашай экспазіцыі «Падарожжа скрозь стагоддзі» недзе пад 700 экспанатаў, ёсць арыгінальныя рэчы, іх па зразумелых прычынах мы хаваем пад шкло, аднак проста слухаць і глядзець у музеі ўжо не так цікава. Адна справа – паказаць і расказаць, як выглядаў у часы эпохі Адраджэння вугалок пісьменнасці, а другая – дазволіць чалавеку сесці і напісаць чарнілам і звычайным ці металічным пяром нешта на старой паперы, а пасля замацаваць ліст пячаткай. А яшчэ мы хаваем у спецыяльныя мяшэчкі манеты, камяні ці самыя розныя прыправы і прапануем наведвальнікам адгадаць, што ў мяшэчку, і толькі пасля расказваем пра тую ж соль ці манеты.

А яшчэ адна незвычайная забава ў музеі – гэта інтарактыўная пясочніца. Сяргей Мачалаў адкідвае накрыўку драўлянай шафы і прапануе пакапацца ў пяску. Там сярэднявяковыя манеты, наканечнікі стрэл і нешта яшчэ… Схадзіце ды пашукайце артэфакты самі.

Так, у экспазіцыі прадстаўлены дагістарычны перыяд, каменны, бронзавы, жалезны вякі, перыяд Сярэднявечча, эпохі Адраджэння і Асветы, пачатак XX стагоддзя і перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Па словах музейшчыкаў, з увядзеннем інтарактыву працягласць экскурсіі павялічылася з гадзіны да паўтары-дзвюх. Асабісты рэкорд Сяргея Мачалава – экскурсія ў тры гадзіны, такімі цікаўнымі аказаліся турысты з Расіі.

З 1 чэрвеня па сённяшні дзень у музеі прынялі 2017 наведвальнікаў. Гэта нямала, улічваючы, што ў вучэбны час школьнікі наведваюцца сюды значна часцей. 11 кастрычніка тут чакаюць дзяцей са Стайкаўскай школы. Але не так часта, як хацелася б, у музей наведваюцца сем’і, звычайныя прахожыя. А гэта быў бы цікавы выхадны дзень…

Кошт білетаў не мяняецца ўжо некалькі гадоў, дзіцячы – 1 руб., дарослы – 2 руб. Дзеці да сямі гадоў, шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ветэраны вайны, ваеннаслужачыя тэрміновай службы, інваліды I і II груп абслугоўваюцца бясплатна.

Запісацца на экскурсію можна па тэл. 8-01645-9-31-66, 9-30-71, 8-029-802-13-43, 8-029-766-81-06. Прыходзьце, вам тут будуць радыя!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Паліны САУЦІНАЙ і з архіва музея.

Поделиться