Вось так, сказаў як адрэзаў журналісту тата вялікай сям’і Ігар Пятровіч Свідуновіч пра сваю любімую жонку і маці траіх дзетак Алену. Пасля мужчына паправіў сябе – амаль усё і даруецца, і дазваляецца. Вось вам і сакрэт жыхароў вялікага і ўтульнага дома па вул. Адамовіча: ён у тым, каб не раздзімаць з мухі слана ў паўсядзённым жыцці і дазваляць кожнаму ў сям’і быць сабой.

У такім здаровым клімаце пад дахам Алене ўдаецца быць напоўненай і цэласнай, дзейснай і спакойнай, а гэта асабіста для яе – часткі пазла пад назвай мацярынства.

Сям’ю Свідуновічаў і Алену ў прыватнасці ўжо ведаюць нашы чытачы. У 2014 яны былі пераможцамі ў конкурсе на лепшую сям’ю, у мінулым годзе шчаслівым шматдзетным бацькам работнікі ЗАГСа ўрачыста перадалі першы дакумент у жыцці дачкі Таісіі – пасведчанне аб нараджэнні. А колькі разоў Алена трапляла ў нашы аб’ектывы як аніматар падчас дабрачынных акцый для дзяцей-сірот ці інвалідаў…

Жанчына працуе настаўніцай у Запалянскай сярэдняй школе, кіруе бізнесам, разам з мужам выхоўвае траіх дзетак, добра вядзе гаспадарку, трымае ў творчым тонусе ўсіх сваіх… Як удаецца ўсё паспяваць? Ці, можа, нешта і не паспявае ў такім рытме? Пра гэта і не толькі гаварылі ў абноўленым пакоі сярэдняй дачкі Дар’і.

Першыя роды пачаліся ў машыне па дарозе на чарговую сесію
Алена і Ігар пажаніліся маладымі. Алене было ўсяго 20, Ігар трошкі старэйшы, і ў яго за плячыма быў вопыт сямейнага жыцця і сын-першынец. Алена вучылася ў Брэсцкім універсітэце, і першыя ў яе жыцці роды пачаліся ў машыне па дарозе ў абласны цэнтр на экзамены. Ігар развярнуў машыну, і Мікіта паспяхова нарадзіўся ў Івацэвічах. Маладая матуля праз пару дзён паспяшалася ізноў на экзамены.

– Мікіту было 4 месяцы, калі я выйшла на работу, – успамінае Алена. – Сына дапамагалі глядзець муж і мая маці, а я, хоць і старалася кожную вольную хвіліну дарыць сыну, усё роўна ім не надыхалася. З Дашкай сітуацыя амаль такая самая, ёй было 9 месяцаў, калі я выйшла працаваць настаўніцай у СШ № 4, а паралельна яшчэ была дзіцячая студыя «Капітошка». Таму трэцім дэкрэтам я не нацешуся, так хутка расце наша Тая. Яна маміна дачка, а яшчэ самая спакойная і самастойная з усіх дзетак.

І сапраўды, аднагадовая Таіса якія толькі не шукала нагоды, каб падчас інтэрв’ю прысесці на калені да матулі. Алена туліла малую да сябе, а пасля расказала, што з’яўленню такога цуда ў сям’і папярэднічалі, на жаль, трагічныя падзеі – страта дзіцяці напрыканцы цяжарнасці. Тое было выпрабаваннем для ўсіх. Алена доўга вярталася да звычайнага жыцця, але з баль-
ніцы выйшла з жаданнем хутчэй ачуняць і паспрабаваць яшчэ. І вось праз тры гады ў сям’і нарадзілася Тая.

Вочы маёй субяседніцы заблішчалі зноў, калі яна пачала расказваць пра старэйшых дзетак. Зараз дзеці адпачываюць у санаторыі пад Мінскам. Пайшоў ужо трэці тыдзень, і гэта першае такое расстанне дзяцей з бацькамі. Мікіта ў свае 13 ужо вельмі самастойны і памочнік баць-
кам. Тэхнічны хлопчык, які лёгка змайструе, напрыклад, шалаш у двары дома, вучыцца на 7-10, мае трэці дарослы разрад па плаванні, а па выхадных песціць сям’ю сырнікамі! Дар’я дома і ў класе – лідар. Дзяўчынка ехала ў санаторый, перажываючы, ці такія ж там добрыя настаўнікі і ці не прапусціць яна чаго па праграме. Яшчэ Даша іграе на домры і марыць пра шчанё. Яна яшчэ не ведае, што па доме ўжо носіцца маленькі мальціпу, гэта падарунак ад бацькоў на дзень нараджэння.

Мацярынства і бізнес: як ураўнаважыць дзве планеты?
Дзіцячую студыю «Капітошка» мая гераіня адкрыла ў 2012 годзе, няцяжка палічыць, што бізнес амаль аднагодка Дашы, і вялікая справа пачыналася, калі Алена Свідуновіч была двойчы матуляй. Дзесяць гадоў таму аніматарства было цудам для нашага райцэнтра, аднак вялікая любоў да дзяцей і да свят надала Алене рашучасці. Разам з сястрой Таццянай яны пашылі два касцюмы клоўнаў – з іх і пачыналі справу. Зараз у студыі 15 касцюмаў і дзясяткі самых розных забаў для дзяцей рознага ўзросту.

– Раней у нас было сваё памяшканне ў ДТСААФе і мы праводзілі майстар-класы і дыскатэкі, – дзеліцца маці-бізнесвумэн. – Зараз я ў паўнавартасным дэкрэце і мы працуем без памяшкання, у мяне ёсць выдатная памочніца, я амаль не бяру заказаў, толькі кантралюю і арганізоўваю працэс. Як падрасце Тая, я абавязкова «ўключуся» ў працэс. Я не аднойчы ездзіла на курсы аніматараў у Расію і магу сказаць шчыра – забаўляць дзяцей не так проста, як можа здавацца. Мой любімы ўзрост малых – ад 6 да 10 гадоў: яны яшчэ маленькія і вясёлыя, але ўжо «продвинутые» і модныя!

– А вашы дзеці бачылі матулю ў вобразе? – цікаўлюся.

– Канечне, але толькі зусім малымі, маці цяжка не пазнаць (смяецца). Калі дзеці падрасталі, я сама карысталася паслугамі аніматара. Я ўпэўнена ў тым, што дзецям трэба дарыць свята нават на апошнія грошы. Бывала, мы бралі крэдыт, але ехалі адпачываць летам на мора, бо гэта ўжо сямейная традыцыя. Усім сваім знаёмым я шчыра раю не шкадаваць сродкаў і фантазіі. Бо так хутка праходзіць дзяцінства. Да 10, ну, можа, да 11 гадоў ім патрэбная казка, анімацыя і бацькі побач. Далей гэта ўжо дарослыя людзі, і фармат свята ў іх іншы. Я смакую кожны год дзяцінства сваіх дзяцей, таму сумяшчаю бізнес з выхаваўчым працэсам і размовамі па душы са старэйшымі дзецьмі. Пачуцця абдзеленасці ў маёй любімай тройцы няма.

Мая маці падтрымлівала і заўсёды верыла ў мяне!
На гэты Дзень маці мая гераіня не толькі чакае падарункаў ад сваіх дзяцей, але і сама гатуе сюрпрыз для сваёй Алы Яўгенаўны. Алена адзначыла – яны з сястрой-пагодкам раслі ў строгасці, але і з бацькоўскай падтрымкай. Так, Алена ўпэўнена, што стала настаўніцай у многім дзякуючы матулінай парадзе, і прафесія аказалася па душы.

А яшчэ падчас інтэрв’ю жанчына ўспомніла гісторыю з пакупкай кватэры ў 2018 годзе. Алена вырашыла любымі шляхамі набыць кватэру і падарыць ключы ад яе мужу на дзень нараджэння. Частка сумы ў Алёны была, невялікі крэдыт нечакана ўзяла маці Ала Яўгенаўна. Такога падарунка не чакаў муж, не чакалі і прысутныя госці. А пасля аказалася, што гэта быў пачатак яшчэ адной прыбытковай справы – зараз кватэра здаецца ў найм і ўжо поўнасцю акупіла сябе. Але той крок ад маці, такі адказны, быў такім важным для Алены.

Алёна пераконвае – яна таксама патрабавальная маці. Адзнакі і ўрокі пад кантролем, парадак у пакоях – за малымі, дапамога бацькам у некаторых справах нават не абмяркоўваецца. Бацькі ў гэтым доме патрабуюць, але і давяраюць, таму дзеці шчыра дзеляцца праблемамі і перажываннямі. Зараз, напрыклад, у Мікіты цікавы перыяд першага кахання. Бацькі хвалююц-
ца, аднак з парадамі не спяшаюцца…


Паехала за люстрай – набыла акварыум, або як у доме Свідуновічаў жывецца мужчыне

Алена – жанчына вельмі жывая і дзейная, з гумарам. І нешта падказвае, што тату Ігару неабходны такі цікавы рух і кантраляваць, і падтрымліваць – інакш ніяк. Ён з лёгкасцю згаджаецца на паездкі па Беларусі па выхадных, дзе толькі ні была сям’я, падтрымлівае традыцыю летняй рыбалкі на Белым возеры, адмаўляецца ад солі, перцу і ад смажанага, каб усім ім быць на здаровым харчаванні. Але кожную нядзелю за плітой – тата. У яго дзве каронныя стравы – смажаная бульба і дранікі. Раз на тыдзень сям’я есць смажанае, гэта прыемнае выключэнне.

Тата сам пабудаваў дом, лазню, альтанку і дзіцячы гарадок. Ігар Пятровіч – першы памочнік з дзецьмі, хоць і сам ён працуе, але дае магчымасць жонцы вырашаць пытанні па бізнесу. Толькі ён дапаможа дзецям з матэматыкай і фізікай, а жонцы – у выбары тэхнікі ці мэблі. Ён дазваляе жанчыне ў доме быць сабой – і ў тым, лічу, яго мужчынская сіла. Прыехала з акварыумам – добра, будзем гадаваць рыбак, але і пра люстру не забудзем і павесім, як трэба, каб на гады.

Алена так лаканічна апісала каханага: «Я калі яго ўбачыла ўпершыню, то ён падаўся мне самым прыгожым у свеце, і зараз я так думаю. А яшчэ, ён ведае, здаецца, усё. Падтрымае размову на любую тэму, усё ўзважыць, размяркуе, патлумачыць. З такім тылам мне спакойна нараджаць дзетак, бо я не адна ў паўсядзённых клопатах».

P. S. Вернемся да таго, што матулі ў доме даруюць многае. Гэта гаспадар дома Ігар сказаў пасля таго, як вынес на ганак дома падгарэлыя грэнкі. Так ён ратаваў кухню ад дыму і паху гарэлага. Аказалася, маці вялікай сям’і планавала зрабіць бутэрброды, паставіла хлеб у духоўку і за размовай са мной забылася. Класіка, але як не класічна абодва адрэагавалі на здарэнне…

Ігар заходзіць у пакой з пытаннем, што рабіць, жонка з усмешкай адказвае: «Ну, выклікай, Ігар, пажарных!» Каханы спакойна выйшаў з пакоя. Аказалася, гэта ўжо не першае падобнае здарэнне ў гаспадыні, столькі спраў заўсёды, пра духоўку забывае. Пазней мы выходзім з пакоя для фотасесіі, на кухні парадак, нават паху гарэлага няма – усё прыбраў гаспадар. Трапляем на той самы ганак – там на блясе чарнюткі хлеб… Ігар выдае: «Ну што, Алёнка, даставай ікру, будзем рабіць бутэрброды твае!» Мы ўсе так шчыра пасмяяліся з сітуацыі, а Тая тым часам знайшла самы светлы кавалачак ды так смачна пачала яго есці. Ну вось, некага маці ўсё ж накарміла тым хлебам.

Гэта ўсё да таго, што так важна ў жыцці за малым разгледзець нешта большае, нечага не заўважаць, а нешта пераводзіць у жарт. На тым і трымаецца сям’я, у якой шчаслівай сябе адчувае жанчына. А гэта ўжо ўсім вядома, што ад настрою жанчыны ў доме залежыць многае, калі не ўсё.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться
webvisor:true });