Гісторыя пра тое, як малады мужчына пабываў у скуры адзінокага бацькі і змагаўся з жыццёвымі цяжкасцямі

Мікалаю Буйвалу яшчэ няма і 30 гадоў, але маладому мужчыне за сваё жыццё давялося прайсці шмат жыццёвых выпрабаванняў. Ды такіх, што ў іншага апусціліся б рукі, а ён застаўся ўраўнаважаны і да жыцця адносіцца па-філасофску: на далёка не загадваць, жыць паціху і вырашаць пытанні па меры іх паступлення і па меры магчымасці… Сёння ён рады, што ў яго ёсць жонка і ў сям’і гадуецца чатыры дачушкі. Усе яны для яго аднолькавыя, усе як родныя.

Сам Мікола рос без бацькі з шасці гадоў, і маці адна падымала яго са старэйшым братам. Хлопчык яшчэ тады мала што разумеў, але неяк адразу пасталеў, стаў сур’ёзны і нешматслоўны. Каб набрацца сіл і не дазваляць сябе крыўдзіць хлапчукам-аднакласнікам, кінуўся займацца спортам: спачатку лёгкай атлетыкай, потым цяжкай. А як скончыў школу ў Навагрудскім раёне, паступіў вучыцца на будаўніка. Гэта дало яму магчымасць навучыцца ўсялякай мужчынскай справе ў доме, асвоіў электрыку і з юначым максімалізмам адчуваў сябе сапраўдным мужчынам у свае 17 гадоў.

Са сваёй будучай жонкай пазнаёміўся ў Навагрудку. Таццяна родам з Быценшчыны, працавала ў Навагрудку на прыватным прадпрыемстве па вытворчасці вырабаў з пластыку. Дзяўчына была такая ж бядовая, расла, лічы, без бацькі і рана засталася без маці, таму паспытала інтэрнацкага хлеба. І па здароўі былі ў яе праблемы: са зрокам і прыроджанае захворванне – адна нырка. На гэта ўсё не звяртаў увагі малады юнак, які закахаўся ў дзяўчыну і гатовы быў адразу жаніцца. Маці не стала пярэчыць сыну, і маладыя праз год знаёмства ажаніліся. Мікалай Яўгеньевіч уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, і сям’я атрымала дом. Першая дачушка Аляксандра нарадзілася сямімесячнай, а праз тры гады сям’я папоўнілася яшчэ адной дачушкай, якую назвалі Валерыя. Магчыма, у Валерыі ўжо тады былі праблемы са здароўем, бо як зрабілі ёй у два месяцы прышчэпку, дзяўчынка ўпала ў кому. Гэтае выпрабаванне было асабліва цяжкім, і маладыя бацькі прынялі рашэнне пахрысціць немаўля. «Калі бацюшка Лерку пахрысціў, прыкладна праз гадзіну яна выйшла з комы, – расказвае Мікалай Яўгеньевіч. – Я і блізкія, усе, уключаючы ўрачоў, былі моцна ўражаны. Сёння Лерцы восем гадоў, але яна засталася інвалідам. У яе цэлы спіс захворванняў: па зроку, па нырках, запалая грудзіна, пухліна рукі, нізкаросласць… Паўтара месяца была ў гіпсе, носім спецыяльны абутак, бо адна нага карацей за другую… Лерка дабрадушная, ціхая, усмешлівая. З ёю настаўнікі займаюцца дома».

Сказаць, што сем’ям, дзе ідзе барацьба за жыццё дзіцяці, цяжка, гэта не сказаць нічога. Яны змагаліся за дзяўчынку як маглі, вазілі па ўрачах, але гэта не давала рэзультату. Ды і сродкі якія для гэтага трэба, а ў мясцовай гаспадарцы зарплата была не надта. Уладкавацца на іншую працу, значыць, застацца без жылля… Тады і нарадзілася думка пераехаць на радзіму Таццяны – на Івацэвіччыну, якая ажыццявілася амаль праз восем гадоў. ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» аказала дапамогу на пераезд і прапанавала дом у Грыўдзе і работу на Грыўдзенскім участку. Мікалай стаў працаваць жывёлаводам, а Таццяна была дома з дзецьмі. Так пражылі яны на новым месцы дзесьці з паўгода. Сталі прывыкаць, абзавяліся невялікай гаспадаркай. У той дзень нічога не прадвяшчала бяды, ні дзеці, ні Таццяна на здароўе не скардзіліся, але раптоўна жанчына ўпала на вачах Мікалая. Мікалай не разгубіўся, выклікаў хуткую, якая адразу яе даставіла ў Івацэвічы ў рэанімацыю, адтуль жанчыну павезлі тэрмінова ў Брэст, з Брэста – у Мінск… Таццяна чатыры тыдні была ў коме і, не пры-ходзячы ў прытомнасць, памерла. Пахавалі яе каля маці ў Заполлі Быценскім.

Хаваць – гэта заўсёды балюча, а тут не стала любай жонкі, першага юнацкага кахання… Боль Мікалай Яўгеньевіч адчуваў невыносны, і ратунак шукаў у дзецях. Мужчынскае сэрца не хацела мірыцца са стратай каханага чалавека, але каб не звар’яцець, усе свае сілы і энергію накіроўваў на дочак. Каб забыць пра боль займаўся з імі, гатаваў ім усё, што захочуць. Работу кінуць не мог, але і за Леркай патрэбны быў догляд. Выйсце – перайсці працаваць на паўстаўкі паляводам, каб было больш часу даглядаць за дзецьмі. Мікалай Яўгеньевіч навучыўся і жаночай рабоце, і быў дзяўчынкам і за тату, і за маму. Сёння Мікалай Яўгеньевіч вельмі ўдзячны маме, брату і сябру Віталію, з якім разам працаваў у гаспадарцы, за дапамогу, якую яны аказвалі яму па просьбе і без.

Праз паўтара года ён проста напісаў адной дзяўчыне ў інтэрнэце пару слоў. Яна адказала, і завязалася перапіска, а праз тыдзень ён, пакінуўшы дзяцей на сябра, паехаў за ёю ў Ганцавічы, каб прывезці ў госці да сябе ў Грыўду. Вікторыя на той час адвучылася на повара-прадаўца і збіралася ўладкоўвацца на працу. Мікалай з першага позірку зразумеў, што гэта яго жанчына, а потым жыццё паказала, што і характары ў іх аднолькавыя. Яе і дачку Вікторыі – пяцігадовую Аляксандру – прынялі дзяўчынкі Мікалая як маму і сястрычку. Старэйшая Аляксандра казала, што яна вельмі шчаслівая, што ў яе ёсць мама, а малодшая Аляксандра радая, што ў яе ёсць тата. Месяц назад Мікалай з Вікторыяй зарэгістравалі адносіны і сталі адной сям’ёй, а два тыдні таму ў іх нарадзілася чацвёртая дачушка Сафія. Усе дзяўчынкі для Мікалая і для Вікторыі аднолькавыя, усе як родныя. Тата выхоўвае іх не ў строгасці, але і не ўсё дазваляе. І жонцы Вікторыі ён стараецца ва ўсім дапамагаць і з дзецьмі, і на кухні, і па гаспадарцы. Дарэчы, гарадская жонка Вікторыя любіць курачак карміць, а Мікалай узяў на сябе абавязак даіць казу.

Калі мы прыехалі да іх, малодшая дачушка была ў таты на руках, а калі развітваліся, кінуўся ў вочы прыгожы букет руж – падарунак Вікторыі за дачку.

За кадрам засталося шмат, як і тое, што сам Мікалай Яўгеньевіч хворы на цукровы дыябет. Магчыма, стрэсы сыгралі не апошнюю ролю ў захворванні. Інсулін трэба яму цяпер калоць пяць разоў у суткі, іначай ногі падкошваюцца і стан на мяжы непрытомнасці. У харчаванні – строгая дыета.

Прызнацца, упершыню за доўгую практыку пачуцці ад наведвання сям’і былі неадназначныя. Ахоплівалі жаль, скруха і ў той жа час павага – умеюць людзі заставацца людзьмі, хоць жыццё іх выпрабоўвае не на жарт. Сям’і жывецца цяжка – гэта відаць па стомленасці ў вачах маладых, якія нясуць свой крыж, не скардзячыся і не шукаючы вінаватых. Яны туляцца адзін да аднаго як птушачкі, а да іх лашчацца дзеці: адзін перад адным… Скажу шчыра, гадаваць сваіх і чужых дзяцей, як сваіх, патрабуе вялікага сэрца, якое не кожны можа ўмясціць. Падстаўляюць, як могуць, плячо маладой сям’і ў цяжкіх сітуацыях і маці з абодвух бакоў, і браты. У хаце Буйвалаў цёпла, але няма ў сям’і свайго аўтамабіля, і мара ўзбіцца на яго пакуль недасягальная. Дзякаваць, людзі не адмаўляюць, падвозяць, нават бывае і бясплатна, калі ёсць патрэба паехаць у Косава ў паліклініку ці па якіх яшчэ гаспадарчых пытаннях. Сціпласць у адзенні і на стале ў шматдзетнай сям’і, але на пытанне, якая дапамога ім трэба, абодва адказваюць, што ў іх усё ёсць…

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
webvisor:true });